У цкаванні Андрэя Саннікава і Зміцера Дашкевіча ўлады перайшлі ўсе магчымыя маральныя межы
Праваабарончы цэнтр “Вясна”
Заява, Мінск 13.12.2011 г.
11 снежня 2011 г. у нядзельным выпуску праграмы “В центре внимания” на тэлеканала “Беларусь-1” быў прадэманстраваны правакацыйны сюжэт пра вязняў сумлення -- былога кандыдата Андрэя Саннікава і лідэра моладзевай арганізацыі “Малады Фронт” Зміцера Дашкевіча.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” лічыць, што дэманстрацыя падобнага кшталту відэаматэрыялаў на дзяржаўным тэлеканале ў чарговы раз падкрэсліла палітычную матывацыю іх пераследу.
Прадэманстраваны сюжэт з’яўляецца аднім са звенняў ланцуга правакацыяў, арганізаваных спецслужбамі Беларусі ў дачыненні да А. Саннікава і З. Дашкевіча, галоўнай задачай якіх з’яўляецца аказанне маральнага ціску, дыскрэдытацыя, стварэнне рэальных пагрозаў для іх жыцця і здароўя падчас знаходжання ў месцах пазбаўлення волі.
Дадзены сюжэт сведчыць, што ў арганізаванай кампаніі па цкаванні А.Саннікава, З. Дашкевіча, членаў іх сем’яў улады Беларусі гатовы перайсці ўсе магчымыя маральныя межы. Дэманстрацыя падобнага відэаматэрыялу сведчыць аб поўнай прафесійнай і чалавечай дэградацыі кіраўніцтва Белтэлерадыёкампаніі, непасрэднага кіраўніка тэлеканалу “Беларусь-1” і асобаў, якія рыхтавалі сюжэт да эфіру.
Беларускія ўлады, МУС, адміністрацыя папраўчых установаў, у якіх знаходзяцца А. Саннікаў і З. Дашкевіч, нясуць непасрэдную і поўную адказнасць за далейшы лёс, жыццё і здароўе асуджаных вязняў.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў чарговы раз заклікае улады Беларусі:
- спыніць усялякія правакацыйныя дзеянні ў дачыненні да А. Саннікава і З. Дашкевіча;
- неакладна дапусціць да асуджаных адвакатаў і блізкіх сваякоў;
- неадкладна і безумоўна вызваліць усіх вязняў сумлення і палітычных зняволеных, якія дагэтуль знаходзяцца ў турмах Беларусі.