ПРАВААБАРОНЧЫ ЦЭНТР "ВЯСНА" ПРАТЭСТУЕ СУПРАЦЬ АСУДЖЭННЯ АЛЯКСАНДРА КАЗУЛІНА. ЗАЯВА
Праваабарончы цэнтр "Вясна" выказвае рашучы пратэст супраць вынясеньня абвінаваўчага прысуду ў адносінах да Аляксандра Казуліна -- кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь на выбарах 2006 года, старшыні БСДП (Г), прафесара.
Мы лічым асуджэнне Аляксандра Казуліна, аднаго з альтэрнатыўных існуючай уладзе ўдзельніка прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, палітычна матываваным, звязаным выключна з ягонай актыўнай палітычнай дзейнасьцю.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" канстатуе, што ва ўмовах адсутнасьці ў краіне інстытута незалежнай судовай улады над А. Казуліным была зьдзейсьнена судовая палітычная расправа, у выніку якой ён пазбаўлены волі на пяць з паловай гадоў.
Адной з падставаў для асуджэння А. Казуліна стала абвінавачанне ў арганізацыі і правядзенні мірнай акцыі пратэсту 25 сакавіка 2006 г. у цэнтры г. Мінска, калі ў выніку жорсткага, нічым не матываванага ўжывання сілы і спецсродкаў прадстаўнікамі фармаванняў МУС дзесяткі мірных дэманстрантаў былі параненыя, дзесяткі арыштаваныя.
Другой падставай для асуджэння А. Казуліна стала абвінавачанне ў "хуліганскіх дзеяннях", а менавіта ў тым, што ён разбіў партрэт А. Лукашэнкі ў аддзяленні міліцыі 2 сакавіка 2006 г. У гэты дзень А. Казулін быў безпадстаўна збіты прадстаўнікамі беларускіх спецслужбаў і асабіста камандзірам СОБР палкоўнікам Д. Паўлючэнкам за тое, што, з'яўляючыся кандыдатам у Прэзідэнты, А. Казулін меў намер прысутнічаць на Усебеларускім сходзе, арганізаваным іншым кандыдатам у Прэзідэнты -- А. Лукашэнкам. Пры гэтым органы пракуратуры краіны так і не далі належнай юрыдычнай ацэнкі дзеянням спецслужбаў, не зрабіў такой ацэнкі і суддзя Аляксей Рыбакоў.
У сувязі з тым, што падчас судовага працэсу з боку суддзі Аляксея Рыбакова не былі прынятыя меры да ўстанаўленьня ісціны па справе, а таксама не былі прынятыя меры да прадухіленьня дзеяньняў, што прыніжаюць чалавечы гонар і годнасьць Аляксандра Казуліна, Праваабарончы цэнтр "Вясна" заклікае дзяржаўныя органы краінаў Еўразвязу і ЗША неадкладна ўключыць суддзю А. Рыбакова ў спіс асобаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыі гэтых краінаў. Аналагічныя захады мы заклікаем прадпрыняць і ў адносінах да дзяржаўнага абвінаваўцы Сяргея Бортніка.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" патрабуе ад беларускіх уладаў неадкладна адмяніць вынесенае судовае рашэнне і вызваліць Аляксандра Казуліна.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" нагадвае ўсім службовым асобам Рэспублікі Беларусь пра неабходнасць няўхільнага выканання Канстытуцыі і Законаў краіны, заклікае стаяць на глебе абароны законных правоў грамадзянаў.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" намераны прадпрыняць усемагчымыя меры, каб незаконныя дзеянні службовых асобаў, якія парушаюць правы чалавека ў Беларусі, атрымалі адпаведную ацэнку як з боку міжнароднай супольнасці, так і з боку незалежнага і справядлівага суда Рэспублікі Беларусь.
Праваабарончы цэнтр "Вясна"
Мінск, 14.07.06 года