viasna on patreon

Барыса Хамайду трэці раз аштрафавалі за распаўсюд "Віцебскага куреру" падчас "Славянскага базару"

2006 2006-07-12T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Спадар Хамайда распаўсюджвае газэты "Віцебскі курер" і "Наша Ніва" заўжды на адным і тым жа месцы - каля дому №28 па вуліцы Леніна, якраз насупраць летняга амфітэатру, дзе праходзяць асноўныя фэстывальныя канцэрты. 11 ліпеня ён выйшаў у цэнтар гораду са сьвежым нумарам газэты "Віцебскі курер", і праз некалькі хвілінаў па яго прыехала міліцэйская машына.
Падчас затрыманьня побач з распаўсюднікам стаяла 17-гадовая Юля Гусакова. Дзяўчына вырашыла забраць у распаўсюдніка газэты, каб той ня ехаў у пастарунак з цяжкай сумкай. Пакупнікі "Віцебскага куреру", які ад пачатку гэтага году забаронена распаўсюджваць праз "Белсаюздрук", пачалі зьвяртацца да яе. Але неўзабаве дзяўчыну таксама затрымалі.
Затрыманьне Юлі Гусаковай бачылі знаёмыя, яны й патэлефанавалі ейнай маці Сьвятлане Баранкоўскай.
Да затрыманай Юлі Гусаковай выклікалі супрацоўніка інспэкцыі ў справах непаўналетніх. Да размовы з ім далучыліся таксама карэспандэнтка "Віцебскага куреру" Алена Базан, вядомы журналіст і праваабаронца Валеры Шчукін, а таксама дэпутатка Віцебскага гарсавету Вольга Карач.
Урэшце дзяўчыну адпусьцілі, узяўшы ў яе тлумачэньні.
Затрыманага Барыса Хамайду з пастарунку павезьлі ў Чыгуначны раённы суд Віцебску, дзе 7 ліпеня яго пакаралі арыштам на двое сутак, а 10 ліпеня аштрафавалі на 31 тысячу рублёў. Гэтым разам яму зноў далі такі самы штраф. Камэнтуючы прысуд, Барыс Хамайда падкрэсьліў, што ў дадзеным выпадку гаворка мусіць ісьці не пра "гандаль у неналежным месцы", за які яго штрафуюць, а пра парушэньне "Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека", якая прадугледжвае ў тым ліку і права на распаўсюд і атрыманьне інфармацыі. Прычым, парушэньне нормаў міжнароднага права адбываецца якраз у часе міжнароднага фэстывалю мастацтваў, кажа спадар Хамайда.
"Ужо адкрыта мне пра гэта кажуць: "Славянскі базар"! У Віцебску шмат начальства. Ну, пацярпіце крыху, скончыцца "Славянскі базар"  зноў будзеце стаяць!" Парушаюцца міжнародна прававыя нормы: "свабода шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю". "Усеагульная дэклярацыі правоў чалавека" дзейная, і мы не на Марсе! Мы ж у сьвеце жывем, краіна ёсьць сябрам арганізацыі Абяднаных Нацыяў  і парушае фундамэнтальнае права!" - сказаў распаўсюднік Радыё Свабодзе.
Нягледзячы на верагоднасьць рэпрэсіяў, Барыс Хамайда зьбіраецца распаўсюджваць недзяржаўны друк у фэстывальным Віцебску і заўтра, і штодня надалей.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства