Віцебскага актывіста Сяргея Каваленку вінавацяць у нецэнзурнай лаянцы і затрымалі на трое сутак
Як паведаміла жонка актывіста, яго затрымалі ўвечары 24 лістапада, забралі з дому ў Першамайскі РАУС. 25 лістапада мусіў адбыцца суд, але яго з невядомай прычыны перанеслі на 28 лістапада. Да гэтага часу Сяргея Каваленку змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Алена Каваленка мяркуе, што праблема паўстала пасля наведання інспекцыі па выкананні пакаранняў. Сябар КХП БНФ адбывае тэрмін умоўнага пакарання за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на гарадской навагодняй ёлцы 7 студзеня 2010 года. Шточацвер ён мусіць адзначацца ў інспекцыі, і апошні раз яму сказалі, што змяняюць рэжым: раней ён мусіў знаходзіцца ў хаце з 21-ай гадзіне, а цяпер – не пазней як у 19.30.
“Гэта відавочны ціск. У нас двое дзяцей, дачцэ няма году, а старэйшага сына ўвечары трэба вадзіць на спартовыя заняткі, і раней гэта рабіў Сяргей. Цяпер яму не дазваляюць і гэтага. Сяргей адмовіўся падпісаць дакумент пра змену рэжыму, і гэта расцэнена як адміністрацыйнае парушэнне”, -- распавяла жонка актывіста.
На Сяргея Каваленку склалі пратакол з анецэнзурную лаянку, і 24-га лістапада дадому ён не вярнуўся. 25-га мусіў адбыцца суд, але яго перанеслі на 28-га лістапада. З чым звязана такая адтэрміноўка, жонка не ведае. Раней Сяргея Каваленку прэвентыўна затрымлівалі на час якіх-небудзь значных грамадзкіх падзеяў – да прыкладу, народных сходаў 8 кастрычніка і 12 лістапада. Гэтыя дні віцебскі актывіст мусіў праводзіць пад наглядам у інспекцыі па выкананні пакаранняў.