Ігар Случак абскарджвае рашэнне аб арышце ў Вярхоўным судзе
Жыхар Гомеля Ігар Случак звярнуўся са скаргай да старшыні Вярхоўнага суда Валянціна Сукалы. Грамадскі актывіст абскарджвае пастанову суда Савецкага раёна Гомеля аб прыцягненні яго да адміністрацыйнай адказнасці — арышту тэрмінам 3 сутак за нібыта здзейсненае дробнае хуліганства. Пастанова была вынесена судом 31 жніўня.
Дадзеную пастанову Ігар Случак лічыць несправядлівай. «Правапарушэння, якое мне інкрымінуюць, я не здзяйсняў, і мая віна не была даказаная ў судзе. Пастанова была вынесена толькі на паказаннях сведкі Сяргея Замая і ўнутранага пераканання суддзі», - піша старшыні ВС актывіст.
Ён просіць адмяніць дадзеную пастанову і спыніць адміністрацыйную справу. Актывіст нагадвае, што пастанову раённага суда ён абскарджваў у абласным судзе, таксама і ў старшыні абласнога суда, але гэта не дало плёну.
Ігар Случак звяртае ўвагу, што абставіны здзяйснення правапарушэння, а менавіта месца, час і спосаб здзяйснення дробнага хуліганства – розныя у міліцэйскім пратаколе і пастанове суда.
Заяўнік піша ў скарзе, што «суддзя прыйшоў да высновы, што тлумачэнні сведкі паслядоўныя, лагічныя, і не супярэчаць іншым доказам», і што «суд не бачыць падстаў, каб сумнявацца ў тлумачэнні сведкі». «Разам з тым, на судзе сведка не мог растлумачыць, дзе менавіта было здзейснена правапарушэнне», - дадае актывіст. Не было растлумачана на судзе таксама тое, як менавіта было здзейснена правапарушэнне. Заяўнік звяртае ўвагу, што і міліцыянеры, якія давалі сведчанні на судзе, блыталіся ў сваіх паказаннях.
У пастанове абласнога суда гаворыцца, што міліцыянеры неслі службу ў мікрараёне ў той час, а ў пастанове раённага суда пішацца, што міліцыянеры выпадкова апынуліся ў дадзеным месцы.
Ігар Случак лічыць, што суд не ўлічыў фактаў, якія характарызуюць асобу сведкі Сяргея Замая, а менавіта тое, што ён быў на ўліку па справах непаўналетніх і злоўжывае алкаголем. «Суд не цікавіла – што рабіў сведка ў працоўны час у дадзеным месцы, ці не быў ён у стане алкагольнага ап'янення, ці, можа, ён стаіць на ўліку ў псіхіятрычным ці наркалагічным дыспансеры», - адзначае актывіст.
Па яго словах, у справе ёсць толькі паказанні яго і сведкі, прычым суд верыць сведку, але не верыць Ігару Случаку. Паказанні міліцыянераў не могуць быць доказам віны актывіста, таму што яны сведчылі толькі пра той факт, што да іх звярнуўся з вуснай скаргай сведка Сяргей Замай.
«Расчараваўшыся ў кваліфікацыі гомельскіх суддзяў, я сам заняўся тым, што павінны былі зрабіць яны – даследаваць усе факты па дадзенай справе. Я зрабіў запыт па месцы працы сведкі, і афіцыйны адказ гаворыць пра тое, што ў час здзяйснення мной правапарушэння Сяргей Замай быў на працы ў лакаматыўным дэпо, за пяць кіламетраў ад месца правапарушэння. Такім чынам мы бачым, што юрыдычнага факта здзяйснення мной правапарушэння не існуе», - упэўнены актывіст.
Ён дадае, што старшыня абласнога суда не звярнула ўвагу на тое, што кіраўніцтва лакаматыўнага дэпо сцвярджае, што сведка ў час здзяйснення правапарушэння быў зусім у іншым месцы.
Ігар Случак просіць Валянціна Сукалу аб'ектыўна разабрацца з яго скаргай.