АБСЭ: Судовую сыстэму Беларусі трэба грунтоўна рэфармаваць
Янэз Ленарчыч, дырэктар Бюро па дэмакратычных інстытутах і
правах чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, заявіў сёньня ў Варшаве, што суды над
затрыманымі пасьля выбараў 19 сьнежня 2010 году паказваюць на патрэбу
грунтоўнага рэфармаваньня судовай сыстэмы Рэспублікі Беларусь.
Ленарчыч зрабіў сваю заяву ў сувязі з публікацыяй справаздачы
БДІПЧ з маніторынгу 12 судовых справаў, у якіх 41 чалавек быў
абвінавачаны ва ўдзеле ў дэманстрацыі ў Менску ўвечары 19 сьнежня 2010
году.
«Наш маніторынг выявіў шэраг сур’ёзных засьцярогаў адносна
справядлівасьці судовых стандартаў. Гэтыя засьцярогі падкрэсьліваюць
патрэбу ліквідацыі сыстэматычных недахопаў у судовай сыстэме Беларусі» –
адзначыў Ленарчыч.
Ленарчыч выказаў спадзяваньне, што рэкамэндацыі ліквідаваць згаданыя
недахопы – агульным лікам 33 – будуць успрынятыя ўладамі РБ сур’ёзна.
114-старонкавы даклад БДІПЧ адзначае ўсюдыісны ўплыў выканаўчай улады на
судовы працэс і структурную перавагу на карысьць абвінавачаньня, якія
спрычыніліся да абвінаваўчых прысудаў у 100% судовых справаў, за якімі
вёўся маніторынг.
Істотныя засьцярогі выклікаў таксама падыход да права на прэзумпцыю
невінаватасьці ды адмова судзьдзяў ад расьсьледаваньня заяваў
абвінавачаных пра тое, што паказаньні былі атрыманыя пад прымусам, у
выніку запалохваньня, бесчалавечнага абыходжаньня і, магчыма,
катаваньняў. Прапановы абаронцаў, каб выключыць доказы, заснаваныя на
меркаваным жорсткім абыходжаньні з абвінавачанымі, былі праігнараваныя
або адхіленыя.
Судзьдзі выкарыстоўвалі галоўным чынам пісьмовыя дасудовыя паказаньні
сьведкаў замест вусных паказаньняў, што ў шмат якіх выпадках пазбавіла
абвінавачаных права на допыт сьведкаў.
Справаздача адзначае, што ўлады зрабілі намаганьні дзеля таго, каб
зрабіць разгляд справаў публічным, але дадае, што выключэньне некаторых
назіральнікаў ад няўрадавых арганізацый і адсутнасьць грамадзкага
доступу да прысудаў супярэчылі стандартам публічнага судаводзтва.
Справаздача таксама адзначае, што некаторыя абаронцы ў згаданых справах
былі пазбаўленыя адвакацкіх ліцэнзій, а некаторым доўгі час не давалі
доступу да абвінавачаных, якія знаходзіліся ў сьледчых ізалятарах.