viasna on patreon

Бандарэнка пераведзены ў медчастку магілёўскай калоніі

2011 2011-11-10T11:28:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Дзмітрый Бандарэнка, які знаходзіцца Магілёўскай калоніі № 15, пераведзены ў медыцынскую часць, паведаміла яго жонка Вольга Бандарэнка.

Паводле яе слоў, перавод адбыўся яшчэ 1 лістапада. «Урач мне званіў і сказаў, што ён там адпачне пару тыдняў і яго вернуць назад у рабочы атрад, да якога ён прымацаваны», — паведаміла Бандарэнка.

Пра тое, што здароўе Дзмітрыя Бандарэнкі значна пагоршылася, 25 кастрычніка паведаміў журналістам адвакат палітыка Юрый Сташкевіч. Паводле яго слоў, Бандарэнка ходзіць пры дапамозе мыліцы. Адвакат зазначыў, што пагаршэнне стану здароўя яго падабароннага адбіваецца і на знешнім выглядзе.

«Я ўпэўненая, што ўсе гэтыя перамяшчэнні ідуць у адной звязцы. Ідзе націск на Саннікава, на Статкевіча. І ад іх, і ад мужа хочуць атрымаць заявы аб памілаванні», — мяркуе жонка апазіцыянера.

Вольга таксама паведаміла, што 7 лістапада ў яе адбылася тэлефонная размова з Дзмітрыем. «Хаця мне далі графік, калі ён можа званіць, але званок адбыўся зусім у іншы час і нечакана. Я ў гэты час знаходзілася на шляху ў Вільнюс. Было дрэнна чуваць. Калі я пачала расказваць, што да Саннікава падсадзілі туберкулёзнага хворага, размову перапынілі. Праўда потым ён перазваніў, але размова была кароткай», — паведаміла Бандарэнка.

Дзмітрый Бандарэнка, асуджаны за падзеі 19 снежня на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі № 15 Магілёва. Пасля арышту ў Бандарэнкі абвастрыліся хранічныя захворванні, і 26 ліпеня ў 5-й клінічнай бальніцы Мінска яму зрабілі аперацыю на пазваночніку.

20 жніўня закончылася трэць тэрміну зняволення Бандарэнкі, і, згодна з законам, ён меў права на змякчэнне пакарання, аднак у гэтым яму было адмоўлена, як мяркуюць сваякі і паплечнікі Дзмітрыя, па надуманых прычынах.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства