Суд па справе спагнаньня падаткаў з Валянціна Стэфановіча будзе перанесены
15 лістапада ў судзе Партызанскага раёна Менска павінен быў распачацца працэс па справе аб спагнаньні падаткаў з праваабаронцы Валянціна Стэфановіча. Аднак па сямейных абставінах Стэфановіч не зможа патрапіць на працэс. Заяву аб пераносе даты судовага разгляду праваабаронца накіраваў у Партызанскі суд, які вырашыць, на які дзень прызначыць разгляд зыску падатковай інспекцыі Партызанскага раёна.
Іскавая заява з суда прыйшла праваабаронцу 2 лістапада. Валянцін Стэфановіч адзначыў, што за час разгляду па справе пеня вырасла з 6 да 9 млн. рублёў і зараз з яго спрабуюць спагнаць прыкладна 41 млн. рублёў.
Інспекцыя па падатках і зборах Партызанскага раёна сталіцы 19 кастрычніка аштрафавала Стэфановіча на суму 4 млн. 750 тыс. рублёў. Ён быў прызнаны вінаватым у правапарушэньні, прадугледжаным артыкулам 13.6 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях РБ (нявыплата ці няпоўная выплата падаткаў).
Апрача таго, праваабаронца паведаміў, што яго скарга адносна вынесенага
яму штрафу падатковай інспекцыяй Партызанскага раёна будзе разглядацца ў
Партызанскім судзе 23 лістапада. Адпаведную позву ён атрымаў 9
лістапада.