Васіля Палякова будуць судзіць за падрыхоўку да Народнага сходу
У Гомелі 8 лістапада пасля 16.00 быў затрыманы каля пад'езду дома сябра гарадскога аргкамітэту па правядзенню Народнага сходу Васіль Палякоў. Яго даставілі ў Савецкі РАУС, а пасля — у ізалятар часовага ўтрымання. Васіль Палякоў паспеў паведаміць паплечнікам, што яму інкрымінуюць артыкул 23.34 КаАП — парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства. Сувязь з ім абарвалася, вечарам дзяжурны ІЧУ адказаў, што палітык знаходзіцца ў ізалятары, і яго будуць судзіць.
Яшчэ да правядзення другога этапу Народнага сходу, запланаванага на 12 лістапада, улады пачалі рэагаваць на падрыхтоўку і арганізацыю мерапрыемства. Так, быў затрыманы і пакараны арыштам на 10 сутак грамадскі актывіст Ілля Міронаў — за распаўсюджванне ўлётак да Народнага сходу. Уладзімір Кацора атрымаў у пракуратуры Савецкага раёна папярэджанне пра недапушчальнасць парушэння заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Тлумачэнні аргкамітэту, што Народны сход праходзіць у адпаведнасці з законам аб рэспубліканскіх і мясцовых сходах, не былі пачуты ні ў гарвыканкаме, прадстаўнікоў якога запрашалі на мінулы этап Народнага сходу, ні ў пракуратуры.