Пракуратура зафіксавала парушэнне закону пры затрыманні Святланы Вяргейчык
Пракуратура Кастрычніцкага раёну Менска адмовіла ва ўзбуджэньні крымінальнай справы ў дачыненьні міліцыянтаў, якія затрымлівалі пенсіянерку Сьвятлану Вяргейчык на плошчы каля ДК “Чыгуначнікаў” падчас акцыі маўклівага пратэсту 6 ліпеня 2011 году.
Тым не меньш, па факце парушэнья супрацоўнікамі міліцыі Закону “Аб органах унутраных спраў Рэспублікі Беларусь” пракурор пастанавіў вынесьці прадстаўленьне на імя начальніка упраўленьня унутраных спраў Кастрычніцкага раёна.
У пастанове пракурора цвердзіцца наступнае:
“З відэазапісу затрымання Вяргейчык С.Д. праглядаецца, што ўжыванню ў дачыненні яе фізічнай сілы не папярэднічала выразнае і відавочнае для яе папярэджанне аб намерах яе ўжыць. Падставаў меркаваць, што прамаруджванне ў яе ўжыванні магло пацягнуць стварэнне небяспекі для жыцця грамадзянаў альбо іншыя цяжкія наступствы, у супрацоўнікаў упраўлення раёну таксама ня мелася.
Падчас затрымання Вяргейчык С.Д. Пазняк А.В. пасведчанне супрацоўніка органаў унутраных спраў не прад’яўляў, апрануты быў у цывільную форму адзення, у журнале ўжывання фізічнай сілы і спецыяльных сродкаў запіс зроблены ня быў.
Згодна з эпікрызам №20343 з УАЗ “9-ая гарадская клінічная бальніца”, куды Вяргейчык С.Д. была дастаўленая з УУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска брыгадай ХМД (знаходзілася на лячэнні з 07.07.2011 па 13.07.2011), выцякае, што пры паступленні ў Вяргейчык С.Д.быў канстатаваны ўдар грудной кляціны, правага перадплечча, назіраўся функцыянальны разлад нервовай сістэмы на сітуацыю.
Таксама у адпаведнасці з ч.3 арт. 8.3. ПВКаАП РБ па просьбе фізічнай асобы, затрыманай за здзяйсненне адміністратыўнага правапарушэння, аб месцы яго знаходжання цягам трох гадзінаў паведамляецца ягоным паўнагадовым родзічам і сваякам. У матэрыялах справы аб адміністратыўным правапарушэнні інфармацыя аб тым, што па просьбе Вяргейчык С.Д ажыццяўлялася паведамленне родным, адсутнічае.
Вышэйпададзенае сведчыць аб неналежным выкананні супрацоўнікамі УУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Мінска патрабаванняў ПВКаАП Рэспублікі Беларусь, Закона Рэспублікі Беларусь “Аб органах унутраных спраў”, і, як наступства, аб неправамерным ужыванні імі у адносінах Вяргейчык С.Д. фізічнай сілы, што, у тым ліку, пацягнула дастаўленне яе ва ўстанову аховы здароўя”.
Скрагу ў пракуратуру на дзеяньні супрацоўнікаў Кастрычніцкага УУС, складзеную пры дапамозе юрыстаў Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Сьвятлана Вяргейчык накіравала 15 ліпеня. Нягледзячы на фіксаваньне парушэньня з боку супрацоўнікаў міліцыі, пенсіянерка плануе абскардзіць вынесеную пракурорам пастанову аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальнай справы.