Менскія пенсіянеры патрабуюць пакарання для міліцыянтаў, якія іх збівалі
Скаргі ў пракуратуру накіравалі менчукі Уладзімір Марозаў, якога душылі да страты прытомнасці 6 ліпеня ля
будынку Нацыянальнай бібліятэкі, і Святлана
Вяргейчык, якую ў той жа вечар білі пры затрыманні на плошчы каля ДК
Чыгуначнікаў. Абодва пацярпелыя маюць сур'ёзныя праблемы са здароўем, што магло
прывесці да незваротных наступстваў. Але хапунам у цывільным, здаецца, усё
чалавечае чужое.
Уладзімір Марозаў сядзеў на лавачцы
непадалёк ад Нацыянальнай бібліятэкі, калі да яго падышоў чалавек і прапанаваў сысці,
паколькі ў гэтым месцы праходзіла несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.
Пенсіянер растлумачыў, што не бярэ ўдзелу ні ў якіх мерапрыемствах і заставаўся
сядзець. Паколькі чалавек, які падышоў, не прадставіўся і не паказаў ніякага
пасведчання, мужчына палічыў яго патрабаванне незаконным і неабгрунтаваным.
Уладзімір Юр'евіч мае трэцюю групу
інваліднасці, пакутуе на захворванні сэрца і лёгкіх, а таксама цукровы дыябет.
Яму цяжка рухацца. Гэтыя абставіны ён указвае ў сваёй скарзе пракурору г.
Мінска.
“Тады група людзей у цывільным, якая
падаспела, стала з ужываннем грубай сілы цягнуць мяне ў бок аўтобуса без
нумарных знакаў. Я ўпаў на зямлю, ногі мяне не трымалі. Мне не хапала паветра,
я сутаргава спрабаваў устаць і аддыхацца. Мае спробы жорстка перарываліся
маладымі людзьмі, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі органаў унутраных спраў.
Потым адзін з іх стаў каленам мне на шыю, рукамі пацягнуў мяне за руку ўверх,
г.зн. ужыў задушлівы прыём. Ад гэтага я страціў прытомнасць. Калі я ачуўся,
міліцыянтаў побач не было, мне дапамагалі мінакі”, - аднаўляе ход падзеяў
заяўнік.
Створаная супрацоўнікамі міліцыі сітуацыя пагражала жыццю гэтага чалавека. І,
як высветлілася пасля, яны не толькі не выклікалі "Хуткую дапамогу",
але і перашкаджалі выкліку, затрымліваючы людзей, якія спрабавалі
патэлефанаваць.
“Іх дзеяннямі нанесеная істотная шкода
маім правам і законным інтарэсам. Такім чынам, у дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі
бачацца прыкметы складаў злачынстваў, прадугледжаных артыкулам 159 КК “Пакіданне
ў небяспецы”, артыкулам 425 КК “Бяздзейнасць службовай асобы”, артыкулам 426 КК
“Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў”, - заяўляе У. Марозаў у скарзе, патрабуючы
правесці праверку ўказаных фактаў і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Правядзенне такой праверкі павінна значна спрасціць распаўсюджанае ў Інтэрнэце
відэа з сайта belapan.com, на якім зафіксаваныя выкладзеныя ў скарзе факты
міліцэйскага самавольства.
З падобным патрабаваннем ў пракуратуру Кастрычніцкага раёна Менска звярнулася
пенсіянерка Святлана Вяргейчык. Да
скаргі жанчына прыклала копію эпікрызу № 20343 9-ай гарадской клінічнай
бальніцы, у якім пазначана, што яна знаходзілася на лячэнні з 7-га па 13-га
ліпеня, што стала вынікам яе затрымання.
Святлану Вяргейчык невядомыя асобы ў
цывільным адзенні затрымалі ўвечары 6 ліпеня, калі яна з сяброўкай сядзела на
лаўцы на плошчы каля ДК Чыгуначнікаў. Падскочылі, як высветлілася пазней,
супрацоўнікі Кастрычніцкага РУУС, без тлумачэння прычын і, нягледзячы на
пенсійны ўзрост жанчыны, схапілі яе за рукі і павялі ў жоўты аўтобус. Пры
гэтым адзін з іх моцна ўдарыў Святлану локцем у грудную клетку.
Работнікі міліцыі ў форме, якія знаходзіліся ў аўтобусе, на просьбы
растлумачыць прычыны затрыманьня не рэагавалі.
“Пазней я была дастаўлена ў Кастрычніцкае
РУУС г. Менска, дзе ў дачыненні да мяне участковым інспектарам Кастрычніцкага
РУУС г. Менска, старэйшым лейтэнантам міліцыі Кімам Іллёй Уладзіміравічам быў
складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні па арт. 17.1 КаАП
Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з дадзеным пратаколам я нібыта знаходзячыся
ў грамадскім месцы, гучна нецэнзурна лаялася, крычала, размахвала рукамі, на
неаднаразовыя заўвагі работнікаў міліцыі не рэагавала. У якасці сведкі ў
дадзеным пратаколе быў паказаны супрацоўнік Кастрычніцкага РУУС Казлоў А.В.
Нягледзячы на мае неаднаразовыя патрабаванні паведаміць маім блізкім сваякам
аб маім затрыманні, у парушэнне ч.3 арт. 8.2 ПВКаАП Рэспублікі Беларусь, ніхто
маім сваякам аб маім месцы знаходжання так і не паведаміў”, - указвае Святлана Дзмітрыеўна ў скарзе.
Сітуацыя Святланы Вяргейчык
пагаршалася тым, што яна пакутуе на цукровы дыябет і артэрыяльную гіпертанію і
павінна праз пэўны прамежак часу прымаць лекі. Лекі ў жанчыны былі з сабой, але
іх канфіскавалі пры правядзенні асабістага вобшуку. Дарэчы, гэта зафіксавана і
ў пратаколе: пры пералічэнні асабістых рэчаў туды ўпісаны і “Ведиабетон МR” і “Номипрел
A”.
“На ўсе просьбы аддаць мне неабходныя
лекі і даць магчымасць іх прыняць мне адказвалі адмовай. У выніку каля 00:48
гадзін мне стала зусім дрэнна і толькі тады мне далі магчымасць іх прыняць. На
маё патрабаванне была выкліканая брыгада хуткай дапамогі № 507 (талон да
суправаджальны ліст № 9640), якая аказала мне медыцынскую дапамогу і паставіла
дыягназ "гіпертанічны крыз". Я была шпіталізавана ў УАЗ «9-я
гарадская клінічная бальніца», дзе мне устаноўлены дыягназ «удар грудной
клеткі, правага перадплечча, функцыянальнае расстройства нервовай сістэмы на
сітуацыю”, - паведамляе ў пракуратуру пенсіянерка, чыё жыццё і здароўе былі
падвергнуты небяспецы па віне супрацоўнікаў Кастрычніцкага РУУС.
Жанчыну вельмі абурыў той факт, што міліцыянты, бачылі, што яна з'яўляецца
пажылым чалавекам, і, нягледзячы на яе ўзрост, працягвалі свае незаконныя
дзеянні ў адносінах да яе.
Святлана Вяргейчык спадзяецца, што
пракуратура правядзе праверку ўказаных у скарзе фактаў і прыцягне да адказнасці
вінаватых міліцыянтаў.
Варта адзначыць, што такое самавольства дазваляюць сабе не толькі сталічныя
супрацоўнікі органаў унутраных спраў. З падобнага роду скаргамі да
праваабаронцаў звяртаюцца і жыхары рэгіёнаў. Нагадаем, што ў г. Бяроза Брэсцкай
вобласці збітая 13 ліпеня супрацоўнікамі Бярозаўскага РАУС Галіна Кавалевіч таксама накіравала скаргу ў пракуратуру.
65-гадовая жанчына, якая баіцца замкнёнай прасторы, у міліцэйскай машыне
здзеклівым чынам пад пагрозай удушша была дастаўлена ў райаддзел.