Збітая міліцыянтамі Галіна Кавалевіч з Бярозы паскардзілася ў пракуратуру (+ аўдыё)
13 ліпеня на плошчы ў горадзе Бяроза была затрыманая і збітая міліцыянтамі Бярозаўскага РАУС старшыня раённай суполкі Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Галіна Кавалевіч.
Яна накіравала скаргі на імя пракурора Бярозаўскага раёна Мечыслава Курыловіча, а таксама на імя начальніка Бярозаўскага РАУС Андрэя Леанюка. Галіна Кавалевіч просіць прызнаць дзеянні супрацоўніка міліцыі Якава Самасюка і іншых міліцыянтаў, датычных да яе затрымання і збіцця, неправамернымі і парушаючымі яе правы.
13 ліпеня прыкладна а палове на 19- ую Галіна Кавалевіч сядзела на лавачцы на плошчы, чытала газету. Да яе падыйшоў міліцыянт Якаў Самасюк у цывільным і запатрабаваў дакументы. Яна паказала пенсійнае пасведчанне, дзе ёсьць усе неабходныя дадзеныя і здымак. Але Самасюку пасведчання падалося мала. Ён запатрабаваў пашпарт, і калі жанчына адмовілася ісці дадому за пашпартам, ён выклікаў падмогу і жанчыну павалаклі ў аўтазак. Яна папярэдзіла пра сваю хваробу клаўстрафобію. Але на гэта не было звернута ўвагі. 65-гадовую жанчыну збілі, закінулі ў аўтазак і завезлі ў РАУС, дзе Галіну Кавалевіч пратрымалі 3 гадзіны. Быў складзены адміністрацыйны пратакол аб непадпарадкаванні міліцыі. Жанчыну будуць судзіць.
Кавалевіч звярнулася за дапамогай да траўматолага з пашкоджанай нагой, а таксама да судмедэксперта за зняццем пабояў.
Цікавая гутарка адбылася ў судмедэксперта Васіля Шарова:
- Вы што былі на плошчы? Вы апазіцыя?
- А якое гэта мае значэнне?- кажа Галіна Кавалевіч.
- Гэта зусім іншая справа, калі вы апазіцыя.
Шароў пайшоў тэлефанаваць, хаця пацярпелая падала яму накірунак з міліцыі на судмедэкспертызу. Затым Шароў вярнуўся, правёў экспертызу, але на рукі пацярпелай, у парушэнне заканадаўства, вынікаў не даў.