viasna on patreon

Алесь Бяляцкі ўказаў суду на тых, хто замовіў крымінальную справу супраць яго

2011 2011-11-05T14:04:10+0300 2016-09-26T17:45:17+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki_kraty.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі падчас суду

Алесь Бяляцкі падчас суду

"Я сцвярджаю, што гэта справа пачыналася і праводзілася з відавочным палітычным падтэкстам з мэтай пераследу сябраў Праваабарончага цэнтра "Вясна", у прыватнасці мяне, за праваабарончую дзейнасць", - заявіў суду абвінавачаны Алесь Бяляцкі 4 лістапада, у трэці дзень судовага працэсу. У пацверджанне сваіх словаў праваабаронца зачытаў некалькі дакументаў з тома першага крымінальнай справы № 11081100188, якія пракурор, даследуючы матэрыялы справы, згадаў толькі мімаходзь.

Звяртаючы ўвагу суддзі на першапачаткова абвінаваўчы ўхіл правядзення следства, што "відаць з першага па шосты  том справы", у якасці прыкладу Алесь Бяляцкі прывёў вытрымку са звароту следчай  Дэпартамента фінансавых расследаванняў Касынкінай да намесніка начальніка следчага аддзела ўпраўлення па Магілёўскай вобласці з просьбай дапытаць аднаго са сведкаў па справе: "Таксама ўстаноўлена, што грашовыя сродкі, атрыманыя Бяляцкім Аляксандрам у якасці даходу на банкаўскія рахункі, адкрытыя на яго імя ў замежных банкаўскіх установах, увозіліся на тэрыторыю Беларусі з дапамогай кур'ераў". Дзе ўстаноўлена? Кім устаноўлена? Гэтыя пытанні, як падкрэсліў праваабаронца, следства пакінула без адказаў.

Далей - болей.

У працяг сваіх каментароў Алесь Бяляцкі прадставіў суду і прысутным у зале паседжання вельмі цікавыя дакументы, якія тлумачаць усё і якія бок абвінавачання не збіраўся агучваць у працэсе.

Першы дакумент, зачытаны абвінавачаным, уяўляе сабой зварот Камітэта дзяржаўнай бяспекі РБ ад 3.11.2010 на адрас намесніка Генпракурора старэйшага саветніка юстыцыі Шведа А.І. (старонка 15 тома першага матэрыялаў крымінальнай справы):

"Паважаны Андрэй Іванавіч,
28.10.10 у Камітэт дзяржаўнай бяспекі паступіла ананімная заява № АБ(?) 1776 ад 28.10.10 пра тое, што прадстаўнікі незарэгістраванай арганізацыі "Праваабарончы цэнтр "Вясна" (ПЦ"Вясна") з мэтай фінансавання радыкальнай апазіцыі выкарыстоўваюць грашовыя сродкі, якія паступаюць з-за мяжы.
Так, на імя кіраўніка ПЦ "Вясна" Бяляцкага Аляксандра Віктаравіча
[указваецца год і месца нараджэння, адрас пражывання - рэд.], зарэгістраваны рахунак [указваецца нумар рахунку - рэд.] у банку AB DnB NORD Bankas (Вільнюс, Літва). На імя намесніка кіраўніка ПЦ "Вясна" Стэфановіча Валянціна Канстанцінавіча [указваецца год, месца нараджэння і адрас пражывання - рэд.], зарэгістраваны рахунак у банку AB SEB bankas.

Заяўніком прадстаўлены ксеракопіі дакументаў пра зарэгістраваныя на імёны Бяляцкага і Стэфановіча рахункі ў названых банках, а таксама рух грашовых сродкаў (прыкладаюцца). Названыя грашовыя сродкі ўвозяцца наручным шляхам прадстаўнікамі ПЦ "Вясна" ў аб'ёмах, дапушчальных заканадаўствам, і выкарыстоўваюцца ў супрацьпраўных мэтах, а таксама для асабістых патрэбаў Бяляцкага і Стэфановіча.
Акрамя гэтага, заяўніком прадстаўлены асобныя копіі распісак грамадзянаў Рэспублікі Беларусь пра прадстаўленне Бяляцкім і Стэфановічам грашовых сродкаў прадстаўнікам ПЦ "Вясна" (прыкладаюцца). Разам з тым, прыняць законнае абгрунтаванае рашэнне па матэрыялах не з’яўляецца магчымым праз адсутнасць афіцыйных дадзеных пра факты рэгістрацыі Бяляцкім і Стэфановічам банкаўскіх рахункаў у Літве, а таксама руху грашовых сродкаў па ўказаных рахунках.
З улікам выкладзенага просім у максімальна сціслыя тэрміны аформіць міжнароднае следчае даручэнне для яго накіравання ў кампетэнтныя органы Літвы. Намі дасягнутая дамоўленасць з кіраўніком НЦБ Інтэрпола МУС Рэспублікі Беларусь
[Нацыянальнае Цэнтральнае Бюро Інтэрпола ў Рэспубліцы Беларусь - рэд.] пра неадкладнае накіраванне міжнароднага следчага даручэння па каналах Інтэрпола ў Літву.
Для атрымання дадатковай інфармацыі просім звязацца па тэлефоне 2 199 551 (Дзмітрый Аляксандравіч) або 2 199 525 (Аляксандр Мікалаевіч).

З павагай,
Першы намеснік старшыні, генерал-маёр Вягера В. П.".

Затым Алесь Бяляцкі зачытаў даручэнне Шведа (старонка 14 тома першага матэрыялаў крымінальнай справы), накіраванае па выніках прыведзенага вышэй звароту намесніку старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь:

"Дырэктару Дэпартамента фінансавых расследаванняў Вяромка Г. І. накіроўваецца зварот Камітэта дзяржаўнай бяспекі адносна кіраўнікоў ПЦ"Вясна"для арганізацыі праверкі і прыняцця рашэння ў парадку артыкула 174 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса сумесна з супрацоўнікамі КДБ. Пра прынятае рашэнне прашу паведаміць на наш адрас".

І яшчэ адзін дакумент, змест якога раскрыў прысутным Алесь Бяляцкі, - гэта зварот КДБ ад 21.12.10 да старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Зянона Ломаця (старонка 13 тома першага матэрыялаў крымінальнай справы):

"Паважаны Зянон Кузьміч,
20.12.10 СУ ПР ГУУС Мінгарвыканкама па факце масавых беспарадкаў узбуджана крымінальная справа № 10011110362 па частцы 1, 2 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
У рамках справы па месцы размяшчэння офіса незарэгістраванай арганізацыі "Праваабарончы цэнтр" Вясна " (г. Мінск, пр-т Незалежнасці 78А-48) Першамайскім РУУС г. Мінска праведзены ператрус, у выніку якога канфіскавана аргтэхніка і дакументацыя, якая мае дачыненне да матэрыялаў праверкі ў дачыненні да кіраўніка ПЦ "Вясна" (знаходзіцца ў 4-ым аддзеле УДФР па Мінскай вобласці і г. Мінску). Агляд канфіскаваных прадметаў і дакументаў будзе з'яўляцца легалізаванай доказнай базай у дачыненні да згаданых асобаў. Аргтэхніка знаходзіцца ў Першамайскім РУУС г. Мінска.
Інфармуем для вырашэння пытання пра ўзбуджэнне крымінальнай справы ў дачыненні да функцыянераў ПЦ "Вясна".

З павагай,
Старшыня камітэта В.Ю. Зайцаў ".


Відавочна, што каментар праваабаронцы ў дадатковых каментарах патрэбы не мае.



Нагадаем, што кіраўнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" і віцэ-прэзідэнт Міжнароднай Федэрацыі за правы чалавека Алесь Бяляцкі з 4 жніўня знаходзіцца пад вартай у СІЗА № 1 Мінска і абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры). Дадзены артыкул прадугледжвае пакаранне да сямі гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Падставай для крымінальнага пераследу праваабаронцы стала інфармацыя пра яго рахункі  ў замежных банках, перададзеная беларускім уладам Мінюстам Літвы і Генпракуратурай Польшчы.
Суд Першамайскага раёна г. Мінска разглядае крымінальную справу з 2-га лістапада. Судовыя паседжанні праходзілі таксама 3-га і 4-га лістапада. Наступнае паседжанне суддзя прызначыў на 10-га лістапада.
Вызвалення Алеся Бяляцкага патрабуюць міжнародныя праваабарончыя структуры, кіраўніцтва Еўрасаюза, ЗША і шэрагу іншых дэмакратычных краінаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства