Лісты ад Зміцера Дашкевіча не даходзяць да адрасатаў
Лісты, якія Зміцер Дашкевіч дасылаў з віцебскага СІЗА № 2, не дайшлі да сваіх адрасатаў. Усяго Зміцер Дашкевіч даслаў з СІЗА № 2 каля 50 лістоў і ніхто нічога не атрымаў. Пра гэта палітвязень паведаміў у сваім лісце да бялыніцкага журналіста Барыса Вырвіча.
Распавядае Барыс Вырвіч:
- Мне прынеслі ліст ад Зміцера Дашкевіча, мы з ім імкнёмся рэгулярна падтрымліваць сувязі. Лістоў ад Зміцера я не атрымліваў ужо даволі працяглы час, хоць сам дасылаў рэгулярна. Высветлілася, што некаторыя мае лісты ён не атрымаў, а таксама і той факт, што ўсе лісты, якія Зміцер дасылаў з віцебскага СІЗА № 2, не дайшлі да адрасатаў. У прыватнасці, Зміцер піша: “Атрымаў Ваш ліст за 12 кастрычніка. Сам я дасылаў Вам апошні свой ліст (ён жа быў пад № 1) з Віцебскае турмы. Калі гэты ліст Вы не атрымалі, напішыце, калі ласка, пару сказаў скаргі ў пракуратуру на тое, што не атрымалі дасланы Вам ад мяне ліст з СІЗА-2. Бо я не магу гэтае вар’яцтва проста так пакінуць: даслаў каля 50 лістоў з СІЗА-2 і ніхто нічога не атрымаў! Можаце ўявіць сабе такое?! Вось чым у нас спецслужбы дзённа і ночна займаюцца…”. Безумоўна, я абавязкова падрыхтую і дашлю скаргу ў пракуратуру на гэты конт, - кажа спадар Барыс.
Па словах Барыса Вырвіча, ліст ад Зміцера Дашкевіча даволі аптымістычны. Так, Зміцер адзначае, што “тут, у цэнтры Еўропы, і сапраўды паспакайней” і выказвае спадзяванне “што атрымаецца дасядзець, адмеранае мне госпадам, без эксцэсаў.