viasna on patreon

Міжнародныя праваабаронцы занепакоеныя будучыняй беларускіх няўрадавых арганізацый

2011 2011-10-21T15:59:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mizhnarodnyja-hro.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі

Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі

Адкрыты ліст праваабарончых арганізацый пра заканадаўчыя ініцыятывы, скіраваныя на абмежаванне свабоды сходаў і асацыяцыі і на ўвядзенне дадатковых абмежаванняў на дзейнасць грамадзянскіх групаў у Беларусі

Мы, прадстаўнікі міжнародных праваабарончых арганізацый “Міжнародная амністыя”, ARTICLE 19, Civil Rights Defenders, Front Line Defenders, Human Rights Watch, Human Rights House Foundation, Нарвежскі Хельсінкскі камітэт і Observatory for the Protection of Human Rights Defenders звяртаемся да Савету Рэспублікі - верхняй палаты беларускага парламента з настойлівым заклікам не ўхваляць нядаўнія папраўкі ў заканадаўства, што абмяжоўваюць свабоду сходаў і свабоду асацыяцыі і жорстка абмяжоўваюць дзейнасць беларускіх грамадзянскіх групаў, асабліва тых, якія займаюцца правамі чалавека або сумежнымі пытаннямі.

3-га кастрычніка гэтага года Палата прадстаўнікоў - ніжняя палата беларускага парламента, прыняла пакет абмежавальных паправак да цэлага шэрагу законаў, у тым ліку ў Закон “Аб грамадскіх аб'яднаннях”, Закон “Аб палітычных партыях”, Выбарчы кодэкс, Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях, Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы. Тады ж Палата прадстаўнікоў прыняла папраўкі ў Закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”.

Галасаванне па гэтых папраўках рыхтавалася ў абстаноўцы практычна поўнай сакрэтнасці. Тэксты законапраектаў не абнародаваліся, што адмежавала грамадзянскую супольнасць ад любога ўдзелу ў іх абмеркаванні. Ужо пасля прыняцця Палатай прадстаўнікоў яны былі апублікаваныя 12 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Рэспублікі Беларусь. У цяперашні час законапраекты знаходзяцца ў Савеце Рэспублікі, які павінен разгледзець іх на чарговай сесіі, якая пачынаецца 21 кастрычніка.

Мы глыбока занепакоеныя непазбежнымі наступствамі прапанаваных паправак для дзейнасці беларускіх НДА, якія рызыкуюць апынуцца пад яшчэ больш шчыльным наглядам з боку ўладаў. Цяперашнія заканадаўчыя ініцыятывы таксама дадаткова абмяжоўваюць свабоду асацыяцыі і свабоду сходаў.

 Асаблівую трывогу ў нас выклікаюць наступныя палажэнні законапраектаў:

 • Прапанаваная рэдакцыя артыкула 21 Закона “Аб грамадскіх аб'яднаннях” забараняе беларускім няўрадавым арганізацыям захоўваць фінансавыя сродкі ў банках і іншых крэдытна-фінансавых арганізацыях, якія знаходзяцца на тэрыторыі замежных дзяржаў. Мяркуецца таксама ўвесці адміністратыўную адказнасць за атрыманне НДА замежнай бязвыплатнай дапамогі "ў парушэнне заканадаўства". У выпадку паўторнага на працягу года парушэння прадугледжана ўжо крымінальная адказнасць. Такія нормы могуць цягнуць за сабой хутчэй пашыральнае, чым вузкае тлумачэнне і могуць прывесці да павальнага пераследу  любых актывістаў або грамадзянскіх групаў, якія атрымліваюць фінансаванне з-за мяжы. На працягу дзесяцігоддзяў урад паслядоўна заганяў беларускія грамадзянскія групы ва ўсё больш складаныя ўмовы і акаляў іх дзейнасць адвольнымі рэгістрацыйнымі патрабаваннямі. Далейшае ўзмацненне жорсткасці рэжыму ў частцы атрымання замежнага фінансавання непазбежна прывядзе да вывядзення грамадзянскіх групаў за мяжу прававога поля і зробіць іх дзейнасць у Беларусі практычна немагчымай.

• Прапанаваная рэдакцыя артыкула 356 КК - адносіць да дзяржаўнай здрады “іншае аказанне дапамогі замежнай дзяржаве, замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку ў правядзенні дзейнасці на шкоду нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, наўмысна здзейсненае грамадзянінам Рэспублікі Беларусь”. Такія пашыральныя фармулёўкі могуць быць выкарыстаны ўладамі для адрасных рэпрэсіяў у дачыненні да актывістаў НДА і лідэраў грамадзянскай супольнасці.

• Папраўкі ў Закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” уводзяць новыя абмежаванні на свабоду сходаў. У адпаведнасці з імі “да пікетавання прыраўноўваецца сумесная масавая прысутнасць грамадзянаў у загадзя вызначаным грамадскім месцы (у тым ліку пад адкрытым небам) у вызначаны час для здзяйснення загадзя вызначанага дзеяння, арганізаванае (у тым ліку праз глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт або іншыя інфармацыйныя сеткі) для публічнага выказвання сваiх грамадска-палітычных інтарэсаў ці пратэсту “. Адпаведна, ствараецца магчымасць прыцягнення да адказнасці за “парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства”. Арганізатарам таксама ў такім выпадку давядзецца дэклараваць “крыніцы фінансавання” мерапрыемства і распаўсюджваць інфармацыю пра яго, у тым ліку ў сацыяльных сетках, толькі пасля атрымання афіцыйнага дазволу на яго правядзенне (у адпаведнасці з дзеючым парадкам такі дазвол выдаецца не менш чым за пяць дзён да мерапрыемства). Публічныя заклікі да арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства "з парушэннем устаноўленага парадку" прапануецца лічыць адміністратыўным правапарушэннем.
Прапанаваныя папраўкі таксама пашыраюць паўнамоцтвы супрацоўнікаў праваахоўных органаў падчас масавых мерапрыемстваў, у тым ліку права весці аўдыё-і відэазапіс, абмяжоўваць праход людзей да месца правядзення і ажыццяўляць поўны асабісты дагляд удзельнікаў.
Не менш сур'ёзную занепакоенасць выклікаюць у нас і папраўкі ў Закон “Аб органах дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь”, унесеныя Саветам Міністраў РБ на разгляд парламента 30 верасня гэтага года і якія прадугледжваюць істотнае пашырэнне паўнамоцтваў Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У выпадку іх прыняцця КДБ атрымлівае права доступу ў любое памяшканне, у тым ліку жылое, у любы момант. З іншага боку, прадугледжваецца магчымасць вызвалення супрацоўнікаў органаў дзяржбяспекі ад адказнасці за любое прымяненне сілы супраць грамадзянаў.
Мы падзяляем пазіцыю Венецыянскай камісіі Савета Еўропы (кансультатыўнага органа па пытаннях канстытуцыйнага заканадаўства), якая 14 кастрычніка выказала крытыку на адрас беларускіх уладаў у сувязі з іх стаўленнем да НДА ў святле апошніх заканадаўчых ініцыятыў.
Мы лічым, што названыя папраўкі ўяўляюць сур'ёзную пагрозу для грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і што ім не павінна быць месца ў заканадаўстве краіны, якая больш за дзесяць гадоў з'яўляецца ўдзельнікам цэлага шэрагу ключавых міжнародных дамоваў аб правах чалавека, уключаючы Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і Міжнародны пакт аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах.

У сувязі з гэтым мы настойліва заклікаем Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь не зацвярджаць пакет паправак, нядаўна прыняты Палатай прадстаўнікоў, які абмяжоўвае свабоду сходаў і свабоду асацыяцыі і абмяжоўвае замежную фінансавую падтрымку няўрадавых арганізацый. Мы таксама настойліва заклікаем Палату прадстаўнікоў зняць з парадку разгляд законапраекта аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон РБ “Аб органах дзяржаўнай бяспекі ў Рэспубліцы Беларусь", унесенага Саветам Міністраў 30 верасня 2011г.

Нарэшце, мы настойліва заклікаем беларускія ўлады неадкладна прыняць меры ў інтарэсах:

 • выканання рэкамендацыі 98.9 па выніках разгляду сітуацыі ў Беларусі Саветам ААН па правах чалавека ў рамках механізму ўніверсальнага перыядычнага агляду пра “перагляд нацыянальнага заканадаўства з мэтай забеспячэння яго адпаведнасці захаванню свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцыі, як гарантаванае артыкуламі 19, 21 і 22 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах ";

• спынення залішняга дзяржаўнага кантролю за грамадзянскімі групамі, які ставіць пад пагрозу працу апошніх, і садзейнічання стварэнню ўмоваў для іх нармальнай дзейнасці.

Файлы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства