Мінюст спрабуе замяніць старшыню Мінскай гарадской калегіі адвакатаў
На 22 кастрычніка прызначаны агульны сход сябраў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў, які ёсць вышэйшым органам калегіі. На дадзеным сходзе плануецца разгляд прадстаўлення Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь аб датэрміновым адкліканні старшыні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Аляксандра Пыльчанкі.
Дадзенае прадстаўленне было вынесена выконваючым абавязкі Міністра юстыцыі А. Білейчыкам 31 жніўня.
У прадстаўленні Міністэрства юстыцыі напісана, што “Міністэрствам юстыцыі ў лютым 2011 г. непасрэдна Пыльчанку А.В. вынесена прадпісанне аб устараненні парушэнняў Правіл прафесійнай этыкі. Акрамя таго, ён быў выключаны са складу Кваліфікацыйнай камісіі па пытаннях адвакацкай дзейнасці”.
Таксама ў прадстаўленнi на адрас Аляксандра Пыльчанкі цвердзіцца, што ў лютым 2011 г. па яго ініцыятыве “адбылося паседжанне прэзідыума Мінскай гарадской калегіі адвакатаў з запрашэннем загадчыкаў юрыдычнымі кансультацыямі, на якім было прынята рашэнне аб правядзенні агульнага сходу з мэтай асудзіць дзеяньні Міністэрства юстыцыі па пазбаўленні ліцэнзіі шэрагу адвакатаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў”.
“Калегія Міністэрства юстыцыі 31 жніўня 2011 прыйшла да высновы аб немагчымасці далейшага знаходжання Пыльчанкі А.В. на пасадзе старшыні Менскай калегіі адвакатаў.
Улічваючы выкладзенае, на падставе арт. 21 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб адвакатуры» Міністэрства юстыцыі:
Уносіць прадстаўленне аб датэрміновым адкліканні старшыні Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Пыльчанкі А.В. для разгляду яго на агульным сходзе (канферэнцыi) членаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў у тэрмін да 1 кастрычніка 2011 г.”.
Інфармацыі пра тое, у чым канкрэтна выявілася парушэнне заканадаўства аб адвакатуры самім Аляксандрам Пыльчанкам, у прадстаўленні Міністэрства юстыцыі не змяшчаецца.
Пасля вынясення названага прадстаўлення 2 верасня 2011 Аляксандр Пыльчанка напісаў заяву аб спыненні паўнамоцтваў старшыні Мінскай гарадской калегіі. Дадзенаую заяву таксама плануецца разгледзець на агульным сходзе членаў калегіі адвакатаў Мінскай гарадской калегіі.
Таксама на парадку дня знаходзіцца пытанне аб выбарах новага старшыні МГКА.
У ходзе перадвыбарнай кампаніі некалькі кандыдатаў на гэтую выбарную пасаду ўжо знялі свае кандыдатуры.
У цяперашні час у адпаведнасці з дзеючым Статутам калегіі, старшыня абіраецца агульным сходам членаў калегіі. Працэдуры зацвярджэння абранага старшыні не прадугледжана. Таксама заканадаўствам аб адвакатуры не прадугледжана ўмяшанне Міністэрства юстыцыі ў парадак вылучэння кандыдатур пры абранні Старшыні калегіі адвакатаў.
Разам з тым, у адпаведнасці з прынятым Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 30 чэрвеня 2011 года ў першым чытанні праектам Закона Рэспублікі Беларусь “Аб адвакатуры і адвакацкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь”, Міністэрства юстыцыі будзе нададзена правам унясення ў органы кіравання калегій адвакатаў прапаноў па кандыдатурах для выбрання на пасады старшыняў калегій адвакатаў.