viasna on patreon

За выступ на Народным сходзе гомельскі актывіст Валер Сляпухін пакараны буйным штрафам

2011 2011-10-11T19:03:40+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/prysud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ледзьве не цэлы дзень сябры і аднадумцы чакалі ў судзе разгляду адміністратыўнай справы гомельскага дэмакратычнага актывіста Валера Сляпухіна.

З самай раніцы 11 кастрычніка, як чакалася, Сляпухіна ў суд не прывезлі. Толькі ў пачатку першай гадзіны яго даставілі з ізалятара часовага ўтрымання, дзе ён правёў ноч. Суддзя суда Чыгуначнага раёна Ілля Свірыдаў не пусціў у залю некалькі актывістаў. Яны вымушаны былі шукаць кабінет, дзе будзе разглядацца справа, таму крыху спазніліся. Актывіст Канстанцін Жукоўскі напісаў з-за гэтага скаргу на суддзю і на тое, што людзі вымушаны бегаць па розных паверхах і шукаць, дзе будуць судзіць іх сябра.

Перад пачаткам разгляду справы Сляпухін падаў хадайніцтва з мэтай запрасіць на працэс адваката. Суддзя перанёс паседжанне, але не сказаў, на які час. Таму ўсе, хто прыйшоў на суд, зноў працягнулі «дзяжурства». Тым часам прыехаў старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў, які прапанаваў сябе ў ролі грамадскага абаронцы замест адваката. Але, калі разгляд справы аднавіўся, суддзя адхіліў гэтае хадайніцтва.

Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Чыгуначнага РАУС Гомеля маёр Кошман выступаў на судзе сведкам супраць Сляпухіна. Ён сказаў, што актывіст арганізаваў і правёў несанкцыянаваны мітынг, а таксама заклікаў прыняць удзел у яшчэ адным несанкцыянаваным мерапрыемстве 12 лістапада. І аб гэтым, са словаў міліцыянта, ён даведаўся з відэароліка і навінаў на інфармацыйных сайтах. «Але ролік я прагледзеў толькі адзін раз, бо было мала мегабайт», - заўважыў маёр.

Сляпухін падкрэсліў, што не прызнае сябе вінаватым і што ён не парушаў закон, бо мерапрыемства ладзілася не як мітынг, а як мясцовы сход. Але суддзя палічыў інакш і пакараў актывіста буйным штрафам - у 40 базавых велічыняў, гэта 1мільён 400 тысяч рублёў. Сляпухін адзначыў, што будзе абскарджваць пастанову суда.

Нагадаем, актывіста затрымала міліцыя 10 кастрычніка і склала пратакол аб парушэнні часткі 2 артыкула 23.34 адміністрацыйнага кодэкса за парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства. Тры дні таму на «Народным сходзе» ў Гомелі ён быў адзіным, хто выступіў з прамовай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства