viasna on patreon

Алесь Бяляцкі - пра выбар лёсу

2011 2011-08-08T10:52:31+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiacki02.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь БЯЛЯЦКІ. Фота Юліі Дарашкевіч

Алесь БЯЛЯЦКІ. Фота Юліі Дарашкевіч

Алесь БЯЛЯЦКІ

Пра іх дзейнасць я пачуў за некалькі гадоў да таго, як асабіста пазнаёміўся з Алесем Бяляцкім. Апазіцыянераў новыя ўлады тады яшчэ  толькі-толькі пачалі “зачышчаць”, і гэта было для незалежных журналістаў чымсьці сенсацыйным. Каля Савецкага РУУС нас сабралася каля дзесятка. Ноч. Зімна. Нейкая дзяўчынка цікавіцца ўсімі абставінамі затрымання. Пытаюся ў калег, хто такая? І чую – нядаўна створаны праваабарончы цэнтр “Вясна-96”.


Першыя крокі

 Нарадзіўся 25 верасня 1962 года ў Карэліі, у мястэчку Вяртсіля Сартавальскага раёна. У савецкія часы ў Сартавалах рабілі вядомыя на ўсю краіну лыжы. На іх тады каталіся даволі многія. Патлумачу, чаму  так далёка, бо я з беларускай сям’і.

Пасля савецка-фінскай вайны трэба было асвойваць  далучаныя тэрыторыі, і ў запрыгоненых савецкіх сялян з’явілася магчымасць вырвацца з “калгаснага раю”.  Заможная некалі сям’я Бяляцкіх пасля калектывізацыі ператварылася амаль у жабрацкую. На пачатак 1940-га года шасцёра дзяцей майго дзеда Усціна пачалі пухнуць ад голаду, бо, літаральна, не было чаго есці, ён вырашыў пакінуць родныя месцы, Рагачоўшчыну, і паехаў “па вярбоўцы” на “акупіраваныя землі”.

Так мой бацька Віктар Усцінавіч (1929 года нараджэння) ў 10-ці гадовым  узросце апынуўся за Ладагай. Маці, Ніна Аляксандраўна Кавальчук, родам з  Нараўлянскага раёну. У Карэлію яна трапіла таксама па вярбоўцы, але  толькі ўжо па іншай. Было гэта пасля ІІ Сусветнай вайны. Мяне назвалі ў гонар майго дзеда. Спачатку ён быў у партызанах, а потым “прапаў без вестак” на фронце.

Пазнаёміліся яны там і ажаніліся ў 1956 годзе, а ў 1964 годзе, калі мне было два гады, вярнуліся ў Беларусь. Аднак першыя дзіцячыя ўспаміны звязаныя менавіта з Карэліяй. Добра памятаю свой дзіцячы садок, шум рэчкі, праз якую па мосце мяне везлі на вазку ў яслі, і скалы вакол. Памятаю пажар, які я зрабіў на варыўні, наклаўшы на электрычную плітку газет і ўключыўшы плітку, а потым, калі яны загарэліся, а ад іх і фіранкі, пабег у спальню, паскардзіўся спячай пасля начной змены маці і паспяхова ўцёк да суседзяў на першы паверх.

У тыя часы ў  Беларусі пачалі будавацца заводы, якім былі патрэбныя рабочыя кадры. Мае бацькі выбіралі паміж  шахтамі Салігорску і хімзаводам у Светлагорску. Паехалі ў Светлагорск Гомельская вобласці, бо ён знаходзіўся бліжэй да Рагачова і Нароўлі..З ім і звязана свядомая частка майго дзяцінства.

Жыць  не было дзе, і рабочым дазволілі будаваць “времянки”.  Будавалі з ўсяго, што трапіла ў рукі, з дошак, заваліны засыпалі зямлёю. Зімою вецер аж гудзеў у шчыліны, мышы бегалі па падлозе. Адну я злавіў і паднёс маці ў падарунак. У нейкім сэнсе я быў фаерймэнам. Зараз “урамянак” ужо няма, а раней каля вакзала паўз чыгунку там былі сапраўдныя трушчобы. Дык вось. Я падпальваў сваю “халупу” разы з тры. У савецкія часы дзіцячыя садкі былі перапоўненыя, падзець мяне было некуды, таму аднаго  пакідалі ў хаце, старэйшы брат ішоў у школу, а бацькі на працу. Кожны раз яны баяліся, што я згару разам з домам, і кожны раз Бог мяне абараняў.  Неяк я знаходзіў запалкі і рабіў  пажары. Шанцавала. То суседзі заўважаць, то сам уцяку, калі нешта пачынала “тлець” і з’яўляўся першы дым. Зачынены у хаце, адзін раз разрэзаў нажніцамі мацерчатую абіўку радыёпрыймача, шукаў там маленькага чалавечка, другі раз вываліў на ложак зямлю з вазону, а самую кветку парэзаў на дробныя кавалкі, так было прыгожа – чорная зямля на белай просьціне і зялёная кветка на ёй.

Вельмі любіў лазіць па дрэвах. Забіраўся высока-высока і ніхто не мог зняць. “Прыманівалі” цукеркамі. У нізе чакала вялікая крыўда, бо замест абяцаных цукерак атрымліваў “па срацы”.

У мяне быў любімы сабака Тузік. Часам ён прыносіў з лесу крыху прыдушаных зайцаў. Дарэчы, нашая “времянка” стаяла сярод хваёвага лесу. Я любіў самастойна вандраваць – то на недалёкі чыгуначны вакзал траплю, то ў лесе заблукаю,то яшчэ пайду куды, і бацькі баяліся, каб не здарылася нешта трагічнае.

Яны палохалі тым, што калі-небудзь мяне скрадуць цыганы. А цыганы тады жылі на вакзале і часта хадзілі паўз нас. Аднойчы на дарозе я заўважыў двух цыганак і падумаў, што гэта “за мной”. Сказаў Тузіку “Фас!” і кінуўся ў атаку. Бедныя цыганкі…

Як чалавек, які вырас не “на асфальце”, вельмі любіў збіраць грыбы. Асабліва, калі быў у бабулі па маці, у Красноўскай Будзе. За Нароўляй такія лясы! Побач мяжа з Украінай і грыбнікі хадзілі туды-сюды..Больш за 200 баравікоў ніколі не браў – не данесці. Цяпер так рабіць немагчыма. Чарнобыль.

У тыя гады стаў чытаманам, якім з’яўляюся і па сёння.  Пры гэтым, ніхто мяне чытаць не вучыў. Асвоіў ўсё сам. У пяць гадоў па буквары, пытаўся ў старэйшага брата – а што гэта за літара, а якая гэта? Потым пачаў чытаць і бацькі здзівіліся.  Да пятага класа любіў біцца, ня ведаў страху і рабіў гэта паспяхова, бо ніхто не чакае ўдару ад ляўшы. А потым так захапіўся кнігамі, што стаў больш часу праводзіць у кватэры.

З ляўшы  зрабілі праўшой, прымусілі  пісаць правай, таму   на савецкую сістэму выхавання ў мяне крыўда (смяецца –заўвага аўтара) з маленства.


Выбар лёсу

У Светлагорску скончыў сярэднюю школу №5. З першага да апошняга класу адвучыўся там, а жыў праз дарогу. У першы клас у школу пайшоў сам, без бацькоў, не хацеў, каб яны ішлі са мной. Вучняў было шмат, таму патрапіў я аж у першы “І”. Клас у нас быў вельмі дружны.  Ужо ў старэйшых класах ездзілі “на бульбу”, “на буракі”, самавольна хадзілі ў паходы. Не толькі ў школе але і па за ёй мы ўвесь час “тусаваліся” разам. Што  толькі не рабілі… Напрыклад  разам выпілі шмат партвейну. Дарэчы, папаступалі ў інстытуты і ўніверсітэты потым амаль усе, бо вучыліся добра.

Я абраў  Гомельскі універсітэт, дакладней беларуска-рускае  аддзяленне  гісторыка-філалагічнага факультэту.

Правучыўся там пяць гадоў.  Кампанія ў нас была вельмі цікавая, бо разам сам мной вучыліся Анатоль Сыс (на два гады старэйшы), Эдуард Акулін і Сяржук Сыс (аднагрупнікі), Анатоль Казлоў (маладзейшы на год) і Вольга Куртаніч і Ліля Плыгаўка. Словам,  дастаткова актыўная паэтычная беларуская сябрына.

Менавіта там мы  пачалі задумвацца над  пытаннямі беларускай мовы, развіцця гісторыі, культуры. Увогуле,   лёсу Беларусі. Аналізаваць, што з гэтага будзе і ў якім мы становішчы знаходзімся. Мяне ўжо тады пачалі хваляваць пытанні нацыянальнай адметнасці, беларушчыны. Я яшчэ пасля дзесятага класу хацеў напісаць ліст у “Известия» ці якую іншую цэнтральную газету пра несправядлівае становішча з беларускай мовай, зрабіў чарнавік на 5 старонак, але не перапісаў і не даслаў. Мо і добра, а то б не бачыць бы тады мне ўніверсітэту, прыйшлося б ісці на “хімдым” да бацькі, гайкі круціць.

 У 1981 годзе на грошы, заробленыя ў будаўнічым атрадзе,  адправіўся ў вандроўку па  гістарычных мясцінах Беларусі. Дзе на маршрутных аўтобусах, дзе “аўтастопам”, дзе пехам. 

Уражанняў  было шмат. Галоўнае – беларуская мова жыве! У адрозненне ад цяперашняга часу на ёй сапраўды размаўлялі ў вёсках і мястэчках, амаль паўсюль.

Падчас той вандроўкі мне пашанцавала пабываць у Мікалаеўшчыне, што, як вядома была “родным кутом” Якуба Коласа. Як раз набліжалася 100-годзе з дня нараджэння дзядзькі Якуба, таму там працавалі нейкія мастакі. Мабыць, такі быў дзяржаўны заказ. Самым актыўным з іх быў Мікола Купава. Мяне ўразіла іхняя беларуская мова. Гэта і стала прычынай знаёмства. Мікола спытаў :” Як цябе завуць?». Я адказаў: “Саша”. А Купава сказаў: “Не, цябе завуць не Саша, а Алесь”.  Так што з 19 гадоў я стаў “Алесем”, размаўляю выключна па беларуску, і  вырашыў, што ўсё з гэтым звязанае будзе для мяне галоўным  на ўсё астатняе жыццё. Фактычна так яно і атрымліваецца.

Дарэчы. Менавіта Купава пазнаёміў мяне з мінскімі актывістамі-студэнтамі (сярод іх былі Вінцук Вячорка, Сяржук Сокалаў) , якія потым і складуць “касцяк”  беларускіх адраджэнцаў хвалі 1990-х. Ужо ў іх я браў негатывы з рознымі забароненымі выданнямі  30-х гадоў, Міколы Ермаловіча і вёз у Гомель, дзе раздрукоўваў і даваў чытаць іншым.

У 1984 годзе я скончыў універсітэт і некалькі месяцаў папрацаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне Гомельшчыны, а потым  паступіў ў аспірантуру  Інстытута літаратуры Акадэміі Навук БССР.  Гэта быў самы пачатак новай хвалі нацыянальнага адраджэння і росквіт знакамітай творчай “Майстроўні”. Праз яе прайшлі некалькі соцень чалавек, большая частка з якіх і зараз працуюць на карысць беларушчыны.

Дарэчы, на гэты ж момант выпадае і першая акцыяй пратэсту.  “Наверсе”  вырашылі разбурыць дом, дзе  ў сярэдзіне XIX стагоддзя была пастаўленая першая беларуская  п’еса Вінцука Дуніна-Марцінкевіча, і актывісты “Майстроўні” наладзілі    публічны супраціў. На акцыю з плакатамі выйшлі калі дзесяці чалавек (Вінцук Вячорка, Зміцер Саўка і іншыя), і вельмі хутка апынуліся ў міліцыі. Праз пэўны час усіх адпусцілі. Камуністычная ўлада зрабіла выгляд, што нічога неардынарнага не адбылося.

Праз паўгады мяне  прызвалі ў Савецкую армію, бо ніякіх  адтэрміновак для аспірантаў тады не было. Служыў у пад Свярдлоўскам, механікам-вадзіцелем браніраванага цягача у артылерыйскім знішчальным супрацьтанкавым батальёне.

Аднойчы адбыўся такі выпадак. У “аккамулятарных” было вельмі цёпла і салдаты там узімку адсыпаліся, калі была вольная хвіліна. У тым ліку і я. Адзін раз прачынаюся – няма побач майго земляка. Праз 10  і 20 хвілін  – тое самае. А на вуліцы мінус 20. Устурбаваўся, выйшаў, каб паглядзець. Аказалася, тэхнічны парк пакуль мы спалі здалі пад ахову і малады паставы з Арменіі ўвесь час трымаў яго “на мушцы аўтамата”. Упрасіць адпусціць не ўдалося, прыйшлося вылазіць праз вакно і бегчы да разваднога, добра што знаёмага сяржанта, каб аддаў загад адпусціць.

На жаль, армейская служба складалася не толькі з такіх “прыколаў” і давалася мне цяжка. Не фізічна – маральна. Думкамі я быў у Беларусі. З войску   “выскачыў”, як “корак з пляшкі”. Пасля салдацкай службы былі прадугледжаныя яшчэ і двухмесячныя афіцэрскія курсы. Атрымліваць лейтэнанцкія “зорачкі”  не стаў, зрабіў “дэмбільскі акорд”, каб толькі не заставацца на лішнія месяцы ў войску і вярнуўся вучыцца. Як кажуць, чыстыя пагоны – чыстая сумленне.


Супраць ветру

Калі з арміі я зволіўся ў запас, то ў беларускай сталіцы дулі ўжо новыя ветры.  Было заснавана і актыўна працавала моладзевае аб’яднанне “Талака”,  ва ўніверсітэце і розных інстытутах з’явіліся шматлікія нефармальныя групоўкі. Вясной 1986 года адбыўся і першы разгон моладзі, якая ў Траецкім прадмесці спрабавала святкаваць “Гуканне вясны”.  Улады падбухторылі былых “афганцаў” пабіць “фашыстаў”, якія рэальна ж вучыліся ў мастацкай  школе імя  Івана Ахрэмчыка.

Грамадства ў той час было ў нейкім сэнсе наэлектрызаванае, і ў мяне адразу паявілася шмат новых вельмі цікавых знаёмых. Асобаў, сапраўды, каларытных. Дастаткова нагадаць толькі аднаго Алега Бембеля, у бацькоўскім доме якога зараз музей і дзе  неаднойчы праходзілі  літаратурныя, паэтычныя, філасофскія сустрэчы.

Мы стварылі больш вузкае кола ў якое тады ўваходзілі  Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец, Алесь Суша, Сяргей Воюш, я, Генадзь Сагановіч ды яшчэ некалькі асобаў, дзейнічалі ў канспіратыўным стылі, збіраліся  ў заводскай падсобцы на радыятарным, дзе тады грузчыкам працаваў  Віктар Івашкевіч, які таксама быў нашым аднадумцам, у дзіцячым садочку, дзе па начох вартаваў нехта з маіх сяброў, распрацоўвалі планы дзейнасці і ставілі перад сабой цалкам палітычныя мэты.  Нагадаю, што ішоў толькі 1986 год. Калі б пра ўсё даведаліся адпаведныя органы, для нас гэта б не скончылася дабром…

Зноў пашанцавала.  Пачаўся час перабудовы і магчымасці для працы з’явіліся значна большыя. Тое, за што на пачатку  80-х жорстка пераследавалі, ў другой палове дзесяцігоддзя стала амаль законным. Зразумела, пры пэўных канспіратыўных момантах, бо сама сістэма заставалася такой, якой яна была раней.

Уся наша дзейнасць падзялілася  на дзве часткі.

Падпольная. Не больш за тузін аднадумцаў вырашаў стратэгічныя накірункі дзейнасці і найбольш эфектыўныя шляхі  дасягнення нашай мэты. Друкаваліся яны ў часопісу “Бурачок”, за распаўсюд якога міліцыянты ўпершыню арыштавалі брата Віктара Івашкевіча -- Яўгена.

Другі момант –легальны. Гутарка пра работу так званых “нефармальных” арганізацый, якія аб’ядноўвалі моладзь па інтарэсах. Адну з іх мы прыдумалі і стварылі разам з Анатолем Сысом --  таварыства маладых літаратараў “Тутэйшыя”.

Сітуацыя сярод пішучай моладзі таксама была дастаткова крытычная. Творцы ўжо хацелі пісаць так як хацелі, каноны сацыялістычнага рэалізму не толькі не спрацоўвалі, але ад іх ужо блажыла. Хацелася чагосьці іншага, больш праўдзівага.

Калі на першае наша паседжанне ў інтэрнат Анатоля Сыса (вуліца Акадэмічная) сабралася дзевяць чалавек, то літаральна праз два месяцы на гэтыя сходы прыходзіла ўжо па некалькі дзесяткаў маладзёнаў. Сёння гэта “хрыбет”  сучаснай беларускай літаратуры.

Такім чынам маё жыццё як бы падзялілася на дзве паловы – літаратурны даследчык і грамадская дзейнасць, бо мяне абралі прэзідэнтам “Тутэйшых”. І першае цалкам залежала ад другога.  Адбываўся  злом эпохі. Валіліся былыя аўтарытэты, друкаваліся неабгрунтавана забытыя пісьменнікі, людзі пачыналі размаўляць на забароненыя тэмы.

Словам, ускалыхіванне грамадства было вельмі значным. І адпаведны водгук ператвараўся  ў пэўны супраціў. На працягу некалькі год ішло балансаванне паміж дазволеным і не. Урэшце людзі перасталі баяцца.

У 1987 годзе адбыўся сплаў па Дзвіне супраць пабудовы там гідраэлектрастанцыі, першыя “Дзяды”, першы паход на Курапаты, які прайшоў адразу пасля друкавання “ЛІМАМ” артыкула Зянона Пазьняка, а таксама мітынг у абарону Верхняга гораду.

 Некаторыя памылкова лічаць, што першыя Дзяды” прайшлі ў 1988 годзе, калі   ў Мінску запахла міліцэйскай “чаромхай”. На самой справе гэта не так.  Яны былі праведзены на год раней каля помніка Янкі Купалы. Па сутнасці там адбыўся мітынг-рэквіем. Адпаведная “заяўка” была пададзена своечасова, аднак ніякай рэакцыі на яе не было, таму тыя 300 чалавек, што прыйшлі, не ведалі, чым усё скончыцца. Дзякуй Богу,  “хапуна” не адбылося.  Кіраўніцтва краіны банальна разгубілася, бо за  60 год савецкай улады ніякіх “непадкантрольных” мітынгаў не было.

І вядома “Дзяды” каля Маскоўскіх могілак, які праводзілі “Тутэйшыя” ды іншыя грамадскія аб’яднанні. Заяўку ў Мінгарвыканкам  падавалі я і Анатоль Сыс. Да нас далучылася гарадское Таварыства аховы помнікаў і культуры, якое тады ачольваў мастак Васіль Шаранговіч, але яны потым “адпалі”, бо ўлады афіцыйна забаранілі правядзенне гэтага свята, у “сувязі  60-годзем камсомала”, якое адзначалася менавіта тады.

Хаця ўлады неаднаразова  прызывалі на яе не хадзіць, мы вырашылі правесці акцыю. Нават спрабавалі  запалохаць. Гэта вызвала супрацьлеглую рэакцыю. На нашае здзіўленне на “Дзяды-88” прыйшлі тысячы людзей.

Улады  рыхтаваліся да разгону і недапушчэння акцыі. Ужо пазней у рукі мне трапіў дакумент  з рэгламентацыяй, што яны збіраліся рабіць. Адна група нейтралізуе лідэраў, другая  захоплівае  сродкі агучвання і г.д. Па гэтым сцэнары яны і дзейнічалі.

Мяне арыштавалі адразу. Трэба сказаць, што рэзананс ад гэтай акцыі для іх быў вельмі нечаканым.  Грамадства абурылася,  народ пачаў думаць над тым, што адбываецца вакол і што трэба рабіць. Улічваючы,  што месяц як перад тым быў створаны арганізацыйны камітэт Беларускага народнага фронту, гэта дало новаму руху тысячы прыхільнікаў. Дэмакратычныя змены  ў Беларусі пачалі адбывацца вельмі імкліва. Ніхто такога прадбачыць не мог. Юнацкая мара пра незалежнасць краіны стала рэальнасцю.

Дарэчы, у 1988 годзе я атрымаў першы ў сваім жыцці штраф – 200 савецкіх рублёў. Гэтыя грошы сабралі калегі па інстытуту літаратуры АН.  Мабыць, тады ў ва мне і пачаў нараджацца будучы праваабаронца.


Новыя колеры

Аспірантуру я скончыў  вясной 1989 года, але кандыдацкай дысертацыі не абараніў, бо ўжо пачалася такія часы, што  на абарону не хапіла часу. Яна датычылася публіцыстычнай  беларускай паэзіі пачатку XX стагоддзя, вершаў  Янкі Купалы,Якуба  Коласа, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна, якія прарочылі змену сітуацыі і заклікалі народ да абуджэння. У нейкай ступені нашы часы супадалі, таму мне гэта было асабліва цікава.   На базе дысертацыі  ў 1991 годзе выпусціў кніжку “Літаратура і нацыя”  і вырашыў, што гэтага дастаткова.

Асабліва браць на працу мяне не хацелі. Спрабаваў уладкавацца ў Магілёўскі, або Віцебскі педінстытуты. Дарэмна.У Акадэмію мяне браць не хацелі таксама, бо за часы вучобы  двойчы фармальна выганялі з аспірантуры за дзейнасць, пра якую казалася раней.   Кожны раз  “абыходзілася”. Дырэктар інстытуту літаратуры Віктар Каваленка быў харошым чалавекам і заўсёды мяне бараніў. Афіцыйна яны сказалі партыйным уладам “о’кей”, правялі сход інстытуту, дзе віце-прэзідэнт акадэміі Іван Навуменка крычаў: “Як такое можа быць, што адзін аспірант двум акадэмікам і шасці дактарам у шапку насраў!”, прынялі адпаведную пастанову аб выключэнні. Аднак, калі праз два дні я прыйшоў забіраць дакументы, Каваленка казаў: “Вучыцеся, Алесь, вучыцеся!”. Парадоксы тых часоў.

Нікуды я не хацелі браць, таму па размеркаванні заставаўся толькі Гомель, адкуль я і прыехаў. Але  з’явілася магчымасць “зачапіцца” за  Мінск, дакладней за музей Гісторыі  беларускай літаратуры, які толькі-толькі пачынаў працаваць. Туды былі патрэбны новыя даследчыкі, і пра дапамозе свядомых дзяўчат, якія там працавалі,  перш за ўсё “талакоўкі” Ірыны Марачкінай, мяне ўзялі.

Па Саюзу ішла “хваля” (з самага верху), калі выбіралі кіраўнікоў розных прадпрыемстваў і ўстаноў. Неўзабаве такі конкурс абвясцілі і ў суседнім музеі Максіма Багдановіча. 

Я працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам і  вырашыў узяць у ім удзел.

Было чатыры кандыдаты, але ўсе галасы аддалі мне. Так вырашыў калектыў. Трэба адзначыць, што гэта выклікала ў міністэрстве культуры, мякка кажучы, непаразуменне. Там добра ведалі маю папярэднюю біяграфію. Месяц  зацвярджэння не было а потым тагачасны міністр Яўген Вайтовіч  махнуў рукой – прызначайце.

У прафесійным плане перада мной паўсталі новыя задачы, таму што музея, як звычайнай экспазіцыі яшчэ не было. А быў будынак, складзеныя ў фондах экспанаты, экспазіцыйны план, цудоўныя дзяўчаты, сярод якіх асабліва хацеў бы адзначыць разумнічку Веру Мікуту і выдатнага  мастака, творца мастацкага вобразу музею Эдуарда Агуновіча.  У 1991 годзе меркавалі шырока святкаваць 100-годдзе Максіму Багдановічу, і да гэтай даты планавалася адкрыццё музею ў Траецкім прадмесці.

Пачалася літаральна “шалёная” праца. Шмат ў чым яна была звязана з мастакамі, экспазіцыйным бачаннем сітуацыі, чаго не было раней, экспанатамі, навуковай працай і плюс з “асаблівасцямі” тагачаснага Савецкага Саюза.  У краіне панаваў татальны дэфіцыт. Даваліся грошы, за якія немагчыма  было што-небудзь купіць, кантролю з боку міністэрства культуры вялікага не было, але была вялізная ўнутраная адказнасць. Мы павінныя былі зрабіць гэты музей у тэрмін. Дзякуй Богу ў  усё атрымалася. Праз пару гадоў пасля адкрыцця  экспазіцыя музею атрымала Дзяржаўную прэмію Беларусі. 

Цікавы момант. У 1990 годзе мяне абралі дэпутатам  сталічнага гарсавета, і калі ў 1991 годзе там разглядалася пытанне нацыянальнай сімволікі, я загадзя прынёс  бел-чырвона–белы сцяг, які перад гэтым  ўпрыгожваў фае музея. Пасля ўхвалы гарсаветам новай нацыянальнай сімволікі, гэты сцяг праз некалькі хвілінаў залунаў над будынкам Мінгарвыканкаму. Першы ў краіне.  За два тыдні да таго, як ён стаў дзяржаўным.

Пакуль працаваў у музеі, за дырэктарства асабліва не трымаўся, разглядаў музей як нацыянальную пляцоўку, а не сховішча мёртвых рэчаў, таму там больш за год месцілася дубаўцоўская “Наша Ніва”, тулілася нейкі час герменчукоўская “Свабода”, праводзіліся  сходы Управы і Сойму БНФ, адбывалася святкаванне ўніяцкіх калядаў, збіралася Беларуская каталіцкая грамада, былі зарэгістраваныя дзесяткі няўрадавых арганізацыяў. Адным словам, музей быў напоўнены сучасным беларускім жыццём.

Дырэктарам  прапрацаваў да 1998 года і зволіўся па асабістым жаданні. За час майго кіраўніцтва  музей  адчыніў яшчэ тры экспазіцыі ў розных будынках (адну нават у Яраслаўлі), праводзіў значную навуковую работу, у ім праходзілі шматлікія літаратурныя імпрэзы. Як мне падаецца, музей у тыя часы быў адным з лепшых  у краіне.


Гуканне вясны

Калі вясной 1996 года стала канчаткова зразумела, куды павядуць краіну новыя ўлады і што новую хвалю нацыянальнага адраджэння чакаюць нялёгкія часы, мы вырашылі стварыць грамадскую праваабарончую арганізацыя, якую так і назвалі  -- “Вясна-96”.  Галоўная мэта --  салідарная падтрымка  першых палітычных зняволеных. А яшчэ дзеля таго, каб аказваць юрыдычную дапамогу ахвярам палітычных рэпрэсій, збіраць і распаўсюджваць  праваабарончую інфармацыю, праводзіць адукацыйную праваабарончую работу.

Дапамога была рознай. У тым ліку і матэрыяльнай. “Першы блін” у гэтым сэнсе атрымаўся даволі незвычайны. Адзін з дабрачынцаў прывёз паўтоны ўсялякай ежы – макароны, цукар,  розныя крупы і г.д. “Сарціроўкай” па пакетах, якія затым раздаваліся пацярпелым, займаліся ўсе нашы валанцёры.

Два першыя гады я працаваў у “Вясне” паралельна з працай у музею. А потым адтуль вымушаны быў сысці,  мае літаратуразнаўчая і музейніцкая біяграфіі цалкам ператварыліся ў праваабарончую.

Шчыра кажучы, калі  стваралі гэтую арганізацыю, я не думаў, што яна праіснуе так доўга. Лічыў,  праз 2-3 гады (максімум 5) патрэба ў ёй ўвогуле адпадзе,  і мы вернемся да звычайнай работы – музейнай, літаратурнай, навуковай, палітычнай. На жаль,  памыліўся.

Сярод  таго, чым зараз мы займаемся, асабліва хачу выдзеліць назіранне за выбарамі  --   вось без чаго немагчымыя якія-небудзь  змены па вызначэнні. У нашай сітуацыі гэта надзвычай важна,  там тое, дзякуючы чаму тыя людзі, якія прыйшлі ў 1994 годзе, так доўга застаюцца пры ўладзе. Калі б ў нашай краіне ўсё адбылося празрыста і дэмакратычна, улада ўжо памянялася б і не адзін раз. 

Партнёрамі “Вясны” сёння  з’яўляецца больш за тузін міжнародных і замежных  арганізацыяў, а сам праваабарончы цэнтр прыняты сябрам у дзве міжнародныя  структуры. У тым ліку і ў вядомую Міжнародную федэрацыю правоў чалавека (FIDH) са штаб-кватэрай у Парыжы, якая аб’ядноўвае больш за 170 праваабарончых арганізацыяў з усяго свету. На кангрэсе ў Лісабоне ў 2007 годзе мяне  абралі віцэ-прэзідэнтам FIDH. 

Двойчы  нарвежскія парламентарыі вылучалі  на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру.  І галоўнае ў гэтым была не асоба. Мэта іншая  -- прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

А рацыя, на жаль, такая ёсць. Не буду пералічваць усё, што адбываецца падчас так званай “лібералізацыі па-беларуску”. Адзначу толькі: ў “Вясну” штогод па розных прычынах звяртаецца па дапамогу  некалькі тысяч беларусаў. А гэта гаворыць пра многае.

У 1998  годзе  Праваабарончы цэнтр  “Вясна-96” быў зарэгістраваны,  праз 2  гады, са з’яўленнем філіяў,  стаў арганізацыяй рэспубліканскага маштабу. Сёння сябрамі гэтай   структуры з’яўецца некалькі сотняў валанцёраў. У 2003 рэгістрацыю скасавалі і не аднавілі па гэты дзень. Ні пад старой, ні пад новай (“Наша вясна”) назвай.

Фактычна мы вярнуліся да таго з чаго я пачынаў у сваёй маладосці, але ўжо на іншым узроўні, з мільёнамі прыхільнікаў дэмакратыі і правоў чалавека ў краіне. Наперадзе яшчэ вялікая праца, і, як і раней, жніва шмат, а сейбітаў мала.


Аўтарскае пасляслоўе

Наша сустрэча адбылася 25 лістапада 2009 года. Скажу шчыра, што раней я ставіўся да мясцовых праваабаронцаў даволі скептычна. Маўляў, чым менш у нашай краіне становіцца розных правоў, тым больш з’яўляецца тых, хто іх абараняе. А падчас размовы зразумеў, што Алесь Бяляцкі змагаецца з афіцыйнымі ўладамі  не дзеля піяру, а каб больш за гэта не змагаўся ніхто.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства