У Наваполацку разам з бацькам затрымалі шасцігадовага хлопчыка
Увечары 13 ліпеня Аляксандр Грудніцкі разам з шасцігадовым сынам Яўгенам гулялі ў гарадскім парку непадалёк ад плошчы, дзе збіраліся ўдзельнікі “маўклівай” акцыі. Пасля завяршэння мерапрыемства, калі людзі ўжо пачалі разыходзіцца, супрацоўнікі міліцыі пачалі выхопліваць некаторых з натоўпу. Аляксандр, заўважыўшы гэта, хацеў заступіцца за людзей. У выніку яго запіхалі ў міліцэйскую машыну і разам з малалетнім сынам даставілі ў ГАУС.
“Як я зразумела, калі мужа схапілі, сын пачаў плакаць – і ён пачаў вырывацца да дзіцяці. Міліцыянты, магчыма, палічылі гэта за супраціўленне, - распавядае Ала Грудніцкая. – Дзіця разам з ім запіхалі ў міліцэйскую машыну”.
У тэлефанаванні з ГАУСу муж паспеў паведаміць Але толькі пра тое, што ён з сынам у міліцыі. Супрацоўнікі ГАУСу “дазволілі” жонцы Аляксандра Грудніцкага прыехаць і забраць дзіця, аднак адвялі на гэта ўсяго 15 хвілінаў. Пагражалі тым, што здадуць іх малалетняга сына ў сацыяльны прытулак.
“У мяне дома яшчэ гадавалае дачка, якую трэба было пакарміць, а таксама знайсці, з кім яе пакінуць. За гэты час трэба было знайсці машыну, бо муж працуе ўрачом і таксоўку мы сабе дазволіць не можам, - працягвае Ала Грудніцкая. – Пакуль я ехала ў ГАУС, адтуль мне патэлефанавалі тры разы, каб прыязджала хутчэй”.
На пытанне “За што затрымалі дзіця?” жанчыны пачула ў адказ “Скажыце дзякуй свайму бацьку! Мы яго не затрымлівалі, затрымалі яго бацьку”.
“Я не згодная з тым, што вінаваты мой муж. Ён добры бацька сваім дзецям. А вось як міліцыянты маглі запіхваць у машыну дзіця, якое плакала і вырывалася!”, - абураецца маці маленькага хлопчыка.
Сёння Аляксандра Грудніцкага будуць судзіць, як і яшчэ трох затрыманых учора.