viasna on patreon

“Маўклівая серада” 13 ліпеня ў рэгіёнах (абнаўляецца)

2011 2011-07-13T19:48:55+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mauklivypratest.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

13 ліпеня ў рэгіёнах Беларусі акцыі маўклівага пратэсту таксама праходзяць у змененым фармаце, аднак месцам збору шмат дзе застаюцца цэнтральныя гарадскія плошчы, а таксама дадаюцца буйныя гандлёвыя кропкі. Шмат у якіх буйных гарадах плошчы агароджаны турнікетамі альбо ачэплены міліцыяй. Ёсць звесткі пра затрыманні.

ГОМЕЛЬ
Прозвішчы і імёны затрыманых людзей, пра якія стала вядома праваабаронцам:
1. Шчырыкова Ларыса
2. Маісеянка Алег
3. Палаўцоў Валянцін (забрала "псіх. брыгада")
4. Сцепанец Сяржук
5. Мацуйла Яўген (непаўнагадовы, забралі бацькі)
6. Камароў Зміцер
7. Мамантаў Аляксей
8. Быцко Аляксандр
9. Семчанка Андрэй
Дакладна былі затрыманыя яшчэ тры чалавекі, чые прозвішчы і імёны праваабаронцы пакуль не ведаюць. Усіх з пералічаных затрыманых адпусцілі.

***
Усе падыходы да ўнівермагу «Гомель» кантраляваліся міліцыяй, у грамадзян правяралі дакументы.
Паводле папярэдніх дадзеных, было затрымана як мінімум 35 чалавек, у тым ліку каля 20 раварыстаў. Іх разам з роварамі даставілі ў апорны пункт міліцыі, як патлумачылі, для праверкі на дачыненне да масавых крадзяжоў такой тэхнікі ў Гомельскай вобласці.
Быў затрыманы карэспандэнт «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Павел Міцкевіч. Аднак затым яго адпусцілі.
Сярод затрыманых на вуліцы Савецкай і ў мікрараёне Волатава актывіст моладзевага дэмакратычнага руху Сяргей Сцепанец, актывісты апазіцыі Андрэй Цянюта і Канстанцін Жукоўскі. Пра гэта паведаміў іх сябар Андрэй Папоў. (Наша Ніва)

Гараджане паведамілі праваабаронцам, што “бачылі, як пры затрыманні моцна ўдарылі аднаго хлопца з размаху па твары. Таксама затрымалі журналістку з камерай, хутчэй за ўсё, гэта Ларыса Шчарыкова”. Пазней з'явілася інфармацыя, што журналістку адпусцілі.

ЖОДЗІНА
19:53
Як паведамляюць праваабаронцы, на Р.Васільева склалі пратакол па арт. 17.1 КаАП, абвінаваціўшы ў супраціўленні міліцыянтам, хаця актывіст ніякага супраціву не аказваў. Васілю сказалі здаць рэчы - напэўна, будуць трымаць да суда.

19:40 Супрацоўнікі міліцыі затрымалі ва ўніверсаме Рамана Васільева. Напачатку да яго падыйшлі, каб высветліць асобу, а пасля паведамілі, што трэба праехаць у ГАУС. Таксама вядома, што ў іншым месцы затрымалі яшчэ чатырох удзельнікаў акцыі, чые асобы праваабаронцы зараз высвятляюць.

ВІЦЕБСК  
19:00 Напярэдадні маўклівай акцыі пратэсту на плошчы была затрыманая кіраўніца Віцебскай моладзі БХД Настасся Сотнікава. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным затрымалі яе быццам бы для высвятлення асобы, даставілі ў апорны пункт Кастрычніцкага райадзела па вуліцы Жасткова.

Таксама з’явілася інфармацыя, што ў той самы час быў затрыманы былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Уладзімір Правальскі. (Наша Ніва)

ВІЛЕЙКА

Затрымалі семь чалавек^ Аляксея Сюдака, Яўгена Сюдака, Дзмітрыя Капцюга, Уладзіміра Малярчука, Аляксея Пасынкава і яшчэ двух мужчын. У міліцыі ў іх узялі тлумачэнні і адпусцілі праз тры гадзіны - бліжэй да 22:00. Увесь гэты час у затрыманых былі выключаны мабільнікі, - паведамляе vialejka.org

СЛУЦК
20:20 Віталь Амяльковіч паведаміў Радыё Свабода: «Толькі што скончылася апытанне ў міліцэйскай машыне, з якой мэтай я прыйшоў на плошчу. Цяпер я іду ў міліцыю, дзе знаходзіцца чалавек дзесяць, якіх затрымалі на плошчы. Частку людзей аптывалі на самой плошчы, а частку адвезлі ў РАУС. Туды адвезлі журналістку газеты «Інфа-Кур’ер» Таццяну Гусеву. Затрымалі не ўсіх — толькі людзей, якія былі заўважаныя на мінулых акцыях. А людзей, якія прыйшлі ўпершыню, іх не чапалі.

19:00 З актывістам ПБНФ Віктарам Амяльковічам у міліцэйскай машыне праводзяць прафілактычную гутарку. (Радыё Свабода)  

ПІНСК
19:00
Плошча Леніна перагароджаная, людзей на яе не прапускаюць. Дваіх чалавек затрымала міліцыя яшчэ перад акцыяй.(Радыё Свабода)

САЛІГОРСК
22:50
На затрыманых у Салігорску складаюць пратаколы і пакідаюць у ізалятары часовага ўтрыманьня. Маладафронтаўца Івана Шылу, затрыманага супрацоўнікамі крымінальнага вышуку ва ўнівэрмазе "Салігорск", зьвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы (арт.17.1).  Судовыя паседжаньні па разгляду справаў затрыманых у раёне цэнтральнай плошчы удзельнікаў маўклівай акцыі пратэсту мусяць адбыцца 14 ліпеня раніцай у Салігорскім раённым судзе. (saligorsk.org)

20:43 Стала вядома ячшэ пра некалькі затрыманых у Салігорску пад час маўклівай акцыі пратэсту. Колькасьці і прозьвішчы ўдакладняюцца. Усе затрыманыя чакаюць "асаблівага распараджэньня". (saligorsk.org) 

19:32 Адсутнічае тэлефонная сувязь з прадпрымальнікам Алегам Бахтам. Дакладна вядома, што ён зьбіраўся сёньня прыйсьці на цэнтральную плошчу гораду а 19-й гадзіне. (saligorsk.org) 

18:50 Затрыманы актывісты Іван Шыла і Андрэй Тычына. Андрэй толькі ўчора выйшаў з салігорскага ізалятара часовага ўтрыманьня пасьля адбыцьця 13-суткавага арышту за ўдзел у маўклівай акцыі пратэсту на Цэнтральнай плошчы Салігорску 29 чэрвеня. (saligorsk.org)

БЕРАСЦЕ
20:15
Акцыя скончылася затрыманьнем: актывіста Аляксея Коўтуна павезьлі ў Ленінскі РАУС. У акцыі бралі ўдзел каля 150 чалавек. Праз апаратуру міліцыянты папярэдзілі, што мерапрыемства забароненае, а 19:30 удзельнікі пачалі разыходзіцца, па вуліцы Савецкай — да ЦУМу ішлі блізу 30 чалавек, некалькі зайшлі ў ЦУМ і пачалі пляскаць у ладкі, пасьля гэтага і затрымалі Коўтуна. Ёсьць яшчэ некалькі затрыманых, інфармацыя пра іх удакладняецца. (Радыё Свабода)

Супрацоўнікі міліцыі перашкаджалі працы журналістцы БелаПАН Міланы Харытонавай, забараняючы ёй праводзіць фотаздымкі. У адказ журналістка працытавала ім закон аб «Органах унутраных спраў». Тады да іх падыйшоў палкоўнік Мельнікаў і прыгразіў спн. Харытонавай, што яны маюць відэа з папярэдніх акцый, дзе яна ідзе наперадзе калёны як арганізатар несанкцыянаванага шэсьця. Па словах палкоўніка Мельнікава, гэтае відэа будзе накіраванае ў Міністэрства інфармацыі, каб да журналісткі былі прынятыя адпаведныя захады. (Радыё Свабода) 

19:08 Супрацоўнікі міліцыі затрымалі на пл. Леніна трох чалавек, адвялі ў двор і перапісалі іх дадзеныя.   
19:09 Двух маладых людзей адпусцілі. Чацвярых пасадзілі ў міліцэйскую машыну. (“Брестская газета”)

18:45 Каля свайго дому затрыманы адміністратар берасцейскай суполкі «Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі» «ВКонтакте» няпоўнагадовы Сяргей Алексіевіч. Яго спыніў супрацоўнік міліцыі па справах няпоўнагадовых і апытвае наконт хуліганскіх дзеянняў моладзі ў ягоным раёне. Сяргей кажа, што міліцыянт ужо запісаў два аркушы ягоных тлумачэнняў і цяпер з кімсьці раіцца па тэлефоне. Сяргея Алексіевіча спрабуюць затрымаць на кожнай маўклівай акцыі. (Радыё Свабода)

БАРАНАВІЧЫ
Па звестках удзельніка акцыі Віктара Сырыцы, затрыманыя 5 чалавек, сярод іх Рыгор Макрэвіч (пасля правядзення прафілактычнай гутаркі адпушчаны, у пастарунак не дастаўляўся), а таксама рабочыя баранавіцкіх прадпрыемстваў Максім Саланкевіч і Яўген Замула.

БАБРУЙСК
 Міліцыя без тлумачэньняў затрымала журналіста Алеся Сушчэўскага.

НАВАПОЛАЦК
На акцыю прыйшло па розных падліках 50 - 150 чалавек. Плошчу не перакрывалі. Калі людзі пачалі пляскаць у далоні, то да іх пачалі падбягаць нейкія асобы ў цывільным і затрымліваць самых актыўных. Дакладна вядома пра двух затрыманых, яшчэ двух атрымалася адбіць. (Наша Ніва)

Праваабаронцам стала вядома пра затрыманне супрацоўнікамі міліцыі трох чалавек, з іх вядомы прозвішчы толькі двух - Аляксей Трубкін і Яўген Канстанцінаў.

У каментарах на "НН" чытач пад нікам месьціч паведамляе пра “наваполацкае ноу-хау”: хапаюць людзей ДАIшнiкi i звозяць.

Як паведамляе прэс-служба БАЖ, знікла сувязь з журналістам Ximik.info Аляксандрам Муждабаевым, які вёў рэпартаж з плошчы Будаўнікоў. Журналіста ўжо затрымлівалі падчас папярэдняй «маўклівай» акцыі 6 ліпеня.

МАЛАРЫТА
Супрацоўнікі міліцыі адвялі ў РАУС трох чалавек, сярод іх праваабаронца Уладзімір Малей.

МАЗЫР
Як паведамляе праваабаронца Уладзімір Целяпун, пл. Леніна была цалкам блакавана міліцыяй, у тым ліку і з аўтаматамі. Тых, хто падыходзілі да помніка, папярэджвалі, што затрымлівацца і рабіць фотаздымкі нельга. 8-10 чалавек затрымалі, адвялі ў аўтобус «Ікарус», які спецыяльна прыгналі, і там паказвалі ўсім затрыманым кіно. Праз некаторы час іх адпусцілі.



Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства