viasna on patreon

Андрэй Пачобут падаў касацыйную скаргу ў Гродзенскі абласны суд

2011 2011-07-13T15:52:29+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Журналіст польскай «Газеты выборчай» Андрэй Пачобут 13 ліпеня падаў касацыйную скаргу ў Гродзенскі абласны суд на прысуд суда Ленінскага раёна Гродна ад 5 ліпеня.

Згодна з прыгаворам раённага суда, Пачобут быў апраўданы па частцы 1 артыкула 368 Крымінальнага кодэкса (абраза прэзідэнта Беларусі), але быў прызнаны вінаватым па частцы 1 артыкула 367 КК (паклёп у дачыненні да прэзідэнта). Ён прыгавораны да трох гадоў пазбаўлення волі з адтэрміноўкай выканання прысуду на два гады.

Як паведаміў Пачобут БелаПАН, касацыйная скарга падавалася для таго, «каб не прапусціць тэрмін». Хуткім часам журналіст збіраецца азнаёміцца з пратаколам па сваёй справе і паўторна падаць скаргу, але ўжо ў пашыраным, удакладненым варыянце.

Пачобут сказаў, што з моманту як ён знаходзіцца на волі, ніякіх рэпрэсіўных дзеянняў у дачыненні да яго «супрацоўнікі органаў не прадпрымаюць».

«Пакуль я баўлю час з сям’ёй, сустракаюся з сябрамі з Саюза палякаў, зразумела, журналісты ўвесь час інтэрв’ю запісваюць — вось так мае дні выглядаюць», — патлумачыў ён.

На наступны дзень пасля абвяшчэння прысуду Пачобут назіраў за маўклівай акцыяй пратэсту ў цэнтры Гродна.

«Мне было цікава пабачыць, як гэта [акцыя] выглядае, — адзначыў журналіст. — У сераду я ўжо назіраў той хапун, які быў у цэнтры Гродна. Магу сказаць, што ступень параноі ў асяроддзі ўлады значна павялічылася. Я бачыў, як разгонам акцыі асабіста кіраваў начальнік Гродзенскага ўпраўлення ўнутраных спраў. Некаторых людзей у цывільным я пазнаў — гэта былі гродзенскія міліцыянеры».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства