viasna on patreon

“Усю гэтую дзею назваць правасуддзем вельмі цяжка”

2011 2011-06-24T11:13:01+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/stefanovichv.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Стэфановіч

Валянцін Стэфановіч


Юрыст ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч 23 чэрвеня назіраў за разглядам некаторых адміністратыўных справаў затрыманых падчас акцыі маўклівага пратэсту. Праваабаронца прысутнічаў у судзе Савецкага раёну Менску на працэсах, якія вяла суддзя Аксана Рэлява. Прааналізаваўшы вынікі разгляду аналагічных адміністратыўных справаў у іншых райсудах сталіцы 22 чэрвеня, ён адзначае некаторыя агульныя тэндэнцыі.

Па-першае, звяртае ўвагу Валянцін Стэфановіч, усе затрыманыя абвінавачваліся па адным артыкуле - артыкуле 17.1 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях “Дробнае хуліганства”.        

- Паводле рапартаў і пратаколаў аб адміністратыўных правапарушэннях, складзеных на гэтых грамадзянаў, усе яны “ругались матом на проходящих мимо граждан у дома № 23 на проспекте Независимости”. Атрымліваецца, што яны масава лаяліся матам у адным месцы. Толькі штосьці я гэтага там, на праспекце, не заўважыў, - кажа праваабаронца.  

Ён адзначае, што цікавая сама кваліфікацыя правапарушэнняў – па арт. 17.1 “Дробнае хуліганства”:

- Такая кваліфікацыя невыпадковая, бо цалкам кладзецца ў ідэалагічную канцэпцыю ўладаў, якая зараз актыўна агучваецца: удзельнікі акцыі – выключна моладзь на падпітку, якая выйшла і пляскала ў далоні. Гэта як у СССР супраць савецкай улады выступалі толькі вар’яты, то зараз супраць сённяшняй улады – толькі п’яныя, а астатнія ўсім задаволеныя. Таму, відаць, артыкул 17.1 тут і з’яўляецца – мала таго, што усе п’яныя, дык яшчэ і матам лаяцца, - мяркуе юрыст. – А наконт п’яных трэба сказаць, што ні ў адным пратаколе не было адзначана, што людзі знаходзіліся ў нецвярозым стане.

В. Стэфановіч адзначае яшчэ адну верагодную прычыну прымянення да затрыманых адміністратыўнага артыкула “Дробнае хуліганства”:

- Мяркую, што гэта невыпадкова яшчэ  і таму, што па Законе “Аб масавых мерапрыемствах” вельмі цяжка даказваць віну гэтых людзей у парушэнні гэтага закона. То бок, калі чалавек сам не кажа, што ён пэўным чынам – у дадзеным выпадку пляскаючы ў далоні - выказваў сваё стаўленне да чагосьці, то гэта цяжка даказаць. Цяжар даказвання, як вядома, у адміністратыўным працэсе кладзецца на органы, якія прыцягваюць чалавека да адміністратыўнай адказнасці. То бок, супрацоўнікі міліцыі павінны сказаць, што чалавек парушыў, выходзячы на вуліцу і пляскаючы ў далоні. Таму яны пайшлі па шляху ужо напрацаванаму – артыкул 17.1 і “лаяліся матам”.

Памеры штрафаў, якімі 23 чэрвеня былі пакараныя затрыманыя падчас “маўклівай” акцыі, вагаліся ад 20 да 30 базавых велічыняў, то бок 700 тысяч – 1 мільён 50 тысяч рублёў. Аднак некаторых грамадзянаў суддзі пакаралі дзвюмя базавымі велічынямі штрафу, прымяніўшы артыкул 6.5 КаАП, пункт 6. Як тлумачыць юрыст, гэты артыкул дазваляе суддзі выкарыстаць мінімальны памер штрафу, устаноўлены санкцыяй артыкула – у выпадку, калі чалавек прызнае сябе вінаватым і выказвае гатоўнасць да ўплаты гэтага штрафу.

І тут Валянцін Стэфановіч адзначае выбарнасць прымянення такога артыкула судамі:

- Пасля падзеяў 19 снежня мінулага году, калі мы людзям рыхтавалі пісьмовыя хадайніцтвы ў суд з просьбай прымяніць такі артыкул (то бок, людзі казалі, што прызнаюць сябе вінаватымі, выказваюць жаданне выплаціць штраф і просяць пакараць іх мінімальным памерам штрафу, устаноўленым часткай 1 артыкула 23.34) – суды гэта ігнаравалі, выносілі адміністратыўныя арышты. То бок, артыкул гэты не прымяняўся. А ў дадзеным выпадку - калі ўладам выгодна, каб людзі прызнавалі сябе вінаватымі пад пагрозай адміністратыўнага арышту да 15-ці сутак – суды гэты артыкул выкарыстоўваюць.

На працэсах, дзе прысутнічаў Валянцін Стэфановіч, два чалавекі, Сяргей Майшук і Леанід  Холад, пагадзіліся з пратаколамі і з абвінавачваннямі, высунутымі супраць іх.

- Майшук Сяргей пры гэтым у судзе патлумачыў, што ён насамрэч гэта адміністратыўнае правапарушэнне не здзяйсняў і матам не лаяўся,бо такой звычкі не мае і мае вышэйшую адукацыю. Але ён дадаў, што калі так у пратаколе напісана, то з гэтым пагаджаецца. Пры такіх абставінах суддзя павінна была ўстанавіць ісціну па справе: усё ж было здзейснена правапарушэнне ці не было. Таму што гэта выглядала, як вымушанае прызнанне сваёй віны. Але, як вельмі слушна  заўважыў спадар Майшук на пытанне суддзі, прызнае ён сваю віну ці не прызнае – што гэта зменіць? Пасля суду ў інтэрв’ю журналістам ён яшчэ раз паўтарыў, што, канешне ж, не здзяйсняў гэтага правапарушэння, - распавядае юрыст.

Грамадзяне, якія віны сваёй не прызнавалі, атрымалі штрафы ў 20 і 30 базавых велічыняў. І ў дадзеным выпадку В.Стэфановіч звяртае ўвагу на тое, што суддзя не прымяняла ніякіх мераў для ўстанаўлення ісціны па справе – не выклікала ў працэс ніводнага сведкі, якія былі указаныя у пратаколах аб адмінстратыўных правапарушэннях і сведчылі, што затрыманыя “ругались нецензурной бранью возле дома № 23”. Таксама юрыст адзначае, што ў Савецкім райсудзе ў якасці пакарання нікому не выносіўся адміністратыўны арышт. Ён мяркуе, што было такое указанне зверху, тым больш што такая ж карціна назіралася і па іншых райсудах.  

У прынцыпе ўсю гэту дзею назваць правасуддзем вельмі цяжка, канстатуе юрыст і заўважае яшчэ адну тэндэнцыю:

- Да гэтай акцыі ўлады відавочна рыхтаваліся. І можна ўзгадаць нядаўнюю прэс-канферэнцыю Лукашэнкі, калі ён указваў міністру унутраных справаў, што такіх акцыяў у цэнтры горада больш не пацерпіць і што той можа застацца без пагонаў, калі такія акцыі яшчэ пройдуць. Ён меў на ўвазе “Стоп бензін” і гэтыя “маўклівыя” акцыі. І тое, што паказвалі па ТВ і пісаў ГУУС у інтэрнэце, сведчыць, што ўлады вялікае значэнне надалі гэтым акцыям, іх сапраўды напалохала тое, што пратэсты выказваюцца не толькі ў Менску, а па ўсёй краіне. Улады выдатна ведаюць досвед краінаў Бліжняга Усходу, дзе ўсе рэвалюцыі пачыналіся фактычна з рэчаў такога кшталту.

В.Стэфановіч называе такую рэакцыю ўладаў абсалютна няўклюднай і лічыць, што гэтыя іх дзеянні не мелі поспеху.  

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства