23 траўня да 9 чэрвеня адкладзены разгляд грамадзянскай справы па іску Ўпраўленьня юстыцыі Гомельскага гарвыканкаму па ліквідацыі Гомельскага абласнога Грамадскага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы”.
23 траўня ў працэсе ўдзельнічалі прадстаўнікі Грамадскага аб’яднаньня “Грамадзянскія ініцыятывы” – старшыня Віктар Карніенка, намесьнік старшыні Уладзімір Кацора, юрыст Леанід Судаленка. У якасьці прадстаўнікоў грамадскасьці ў працэсе ўдзельнічалі сябры “Вясны” Уладзімір Лабковіч і Юры Чавусаў, а таксама прадстаўнік Грамадскага аб’яданьня Незалежнае таварыства прававых дасьледваньняў Алеся Выдрук.
Гаворыць Уладзімір Лабковіч: “Напачатку працэса прадстаўнікі Упраўленьня юстыцыі папрасілі справу прыпыніць “па згодзе бакоў” па Арт. 161 ГПК. Мы адмовіліся ад гэтага, бо лічым, што паседжаньне мусіць адбыцца зараз і Упраўленьне юстыцыі адмыслова зацягвае працэс ў сувязі з тым, што ў панядзелак, 26 траўня, ў Гомелі будуць знаходзіцца прадстаўнікі АБСЕ. Таму Упраўленьне юстыцыі імкнецца адкласьці працэс на той падставе, што быццам бы ім трэба дачакацца адказу Міністэрства юстыцыі на папярэджаньне Грамадзянскім ініцыятывам. Гэта надуманая прычына. Але працэс адкладзены на падставе Арт. 159 Грамадзянскага Працэсуальнага Кодэксу”.