Двое з асуджаных анархістаў накіраваныя ў папраўчыя калоніі
Двое з асуджаных анархістаў накіраваныя для адбыцця пакарання
ў папраўчыя калоніі, а адзін знаходзіцца ў СІЗА на Валадарскага ў
чаканні этапа. Мікалай Дзядок накіраваны ў папраўчыю калонію № 15 у
Магілёве, а Аляксандар Францкевіч знаходзіцца ў калоніі “Воўчыя норы” у
Івацэвічах.
Як паведамляе праваабаронца Наста Лойка, Ігар Аліневіч мусіць быць у хуткім часе накіраваны ў папраўчую калонію № 10 у Наваполацку.
- На дадзены момант іх ужо павінныя былі перавесці ў месца адбыцця пакарання, то бок Мікалая Дзядка ў пятнаццатую Магілёўскую калонію, Ігара Аліневіча ў Наваполацкую калонію і ў калонію ў Івацэвічах накіравалі Аляксандра Францкевіча. Апошняя інфармацыя была такая, што Мікалая Дзядка перавялі на днях і перавод Аляксандра Франкевіча таксама павінен быў адбыцца, удакладненныя дадзеныя наконт Ігара Аліневіча, будуць у бліжэйшы час.
27 траўня 2011 года суддзя Завадскога раёна Мінска Жанна Хвайніцкая асудзіла Мікалая Дзядка на 4 з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Аляксандра Францкевіча – на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ігара Аліневіч пакараны 8 гадамі пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй машыны. Анархістаў абвінавацілі ў шэрагу нападаў на дзяржаўныя і прыватныя будынкі. Сярод іх, закідванне бутэлькамі з запальнай сумессю Расійскай амбасады 30 жніўня 2010 года.