viasna on patreon

Кіраўніка віцебскай арганізацыі “Саюза палякаў” вінавацяць у фінансавых махлярствах

2011 2011-06-02T23:03:13+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/tokarau1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Каб пазбегнуць пераследу, старшыня гарадской суполкі СПБ Уладзіслаў Токараў мусіў з’ехаць за мяжу. Ён лічыць абвінавачанні ў свой бок беспадстаўнымі і абдумвае перспектывы таго, каб папрасіць у Польшчы палітычнага прытулку.

 

У Польшчы ён знаходзіцца ўжо некалькі дзён, тэрмінова з’ехаўшы  з Беларусі напрыканцы мінулага тыдня. 28 траўня яго затрымалі на вуліцы, калі ён вяртаўся дахаты з Мінску, і дапыталі  ў Дэпартаменце фінансавых расследванняў: “Я сышоў з цягніка, крочыў на трамвайны прыпынак, мяне паклікалі. Супрацоўнікі ДФР сказалі, што мусяць мяне апытаць, і я дужа не здзівіўся, бо аднойчы праходзіў сведкам па адной з фінансавых справаў. Але ў дэпартаменце мне заявілі, што на мяне паступіла заява --  нібыта я ў чалавека ўзяў пашпарт і грошы на нейкія там паслугі, пашпарт згубіў, а грошы забраў сабе. Я кажу: “Такога не было!” А яны:”Зараз будзе вочная стаўка”. Але нікога так і не выклікалі, некалькі гадзінаў я даваў тлумачэнні перад відэакамерай. Аказваецца, мяне трымалі некалькі гадзін, пакуль у мяне дома праходзіў ператрус”, -- распавёў Уладзіслаў Токараў.

 

Кватэра, дзе ён жыве з сям’ёй, арэндаваная. Таму перад пачаткам ператрусу прывезлі гаспадара, які і адчыніў дзверы.  Спадар Токараў прыйшоў, калі ператрус ужо быў скончаны: “Жонку я заспеў усю ў слязах. Яна сказала, што людзі, якія рабілі ператрус, не назваліся, ордэру ёй не паказалі, забралі два ноўтбукі, кампутар, але пратаколу не пакінулі. Забралі таксама ўсе дакументы пра дзейнасць СПБ і нават сертыфікаты пра навучанне на семінарах у замежжы. Напрыканцы жонцы заявілі: “Ваш муж высылае моладзь на вучобу, каб потым яна павярталася і зрабіла ў Беларусі пераварот”.

 

Уладзіслаў Токараў мяркуе, што абвінавачанні ўфінансавых махлярствах выкліканы палітычнымі акцыямі, у якіх бралі ўдзел сябры СПБ: “Мы нядаўна ладзілі пікет у падтрымку палітвязняў, у тым ліку зняволенага Андрэя Пачобута. Былі і іншыя праекты – мы ж грамадская арганізацыя, маем права ладзіць розныя семінары. Вось мяне і вінавацяць у тым, што я аказваю незаконныя паслугі – раблю замежныя візы. Усё гэта хлусня! Але з размоваў ў ДПР я зразумеў, што мяне “зачыняць” у панядзелак. А я не хачу быць абвінавачаным у тым, чаго не рабіў. Таму, хоць ніколі не мкнуўся з’ехаць з Беларусі, усе ж наважыўся на ўцёкі”.

 

Спадар Токараў пакуль не прасіў палітычнага прытулку, хаця ў Беларусь бліжэйшым часам ён вырашыў не вяртацца: “Я непакоюся толькі за сваю сям’ю. Жонка працуе лекарам, і з ёй могуць не працягнуць кантракт. Дачцэ 10 гадоў, яна вучыцца ў школе. Я працаваў у будаўнічай фірме, але цяпер сям’я засталася без грашовай падтрымкі. Што да мяне асабіста, то цяжкасці не палохаюць – галоўнае, я не хачу быць несправядліва абвінавачаным. А свае віны ў фінансавых махлярствах я катэгарычна не прызнаю!”

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства