Віцебск: акцыя ў падтрымку палітзняволеных
23 красавіка ў Віцебску прайшла акцыя ў падтрымку незалежнага журналіста Анджэя Пачобута і палітычных зняволеных, экс-кандыдатаў у прэзідэнты Уладзімера Някляева, Андрэя Саннікава і Віталя Рымашэўскага.
Падтрымаць палітзняволеных вырашылі актывісты Саюзу Палякаў на Беларусі. Паводле словаў аднаго з удзельнікаў, Барыса Лемава, акцыя знарок ладзілася напярэдадні Вялікадня, каб прыцягнуць увагу да праблемы палітычных зняволеных у Беларусі, і каб кожны вернік згадаў іх у сваіх малітвах.
Акцыя працягвалася з паўгадзіны, за гэты непрацяглы час актывісты паспелі раздаць мінакам некалькі дзесяткаў улётак пра лёсы палітвязняў. Потым да ўдзельнікаў падышоў міліцэйскі патруль, міліцыянты прыгразілі затрыманнем за арганізацыю несанкцыянаванага мерапрыемства. Чацьвёра пікетоўцаў – кожны з іх браў удзел у падобнай акцыі ўпершыню – пасля другога папярэджання супрацоўнікаў міліцыі палічылі за лепшае згарнуць плакаты і разысціся.
“Праваабарончая хроніка”