Сёньня выходзіць на волю з жодзінскай турмы вязень сумленьня Зьміцер Касьпяровіч
Сустракаць Зьміцера Касьпяровіча ў Жодзіна накіроўваюцца маці, сябры і праваабаронцы.
Актывіст Партыі БНФ Зьміцер Касьпяровіч быў затрыманы ў ноч з 17 на 18 студзеня 2006 г. па падозраньні ў абразе дзяржаўных сімвалаў. Па словах З.Касьпяровіча, ён сапраўды залез на будынак Менгарвыканкаму і спрабаваў зьняць афіцыйны сьцяг, бо лічыць яго сталінскім. Адказнасьць за абразу дзяржаўных сімвалаў па арт. 370 КК РБ не прадугледжвае пазбаўленьне волі (максімальнае пакараньне 1 год абмежаваньня волі), і па дадзеным артыкуле нельга ўтрымліваць пад вартай у СІЗА да суда. Але абвінавачваньне З. Касьпяровічу было прад'яўленае па ч. 1 арт. 339 КК (хуліганства), і пакараньне, прадугледжанае па гэтым артыкуле -- 3 гады пазбаўленьня волі. Мерай стрыманьня пракуратура абрала ўтрыманьне пад вартай, да суда Зьміцер Касьпяровіч знаходзіўся ў СІЗА г. Мінска.
27 лютага суд Маскоўскага раёну Мінску вынес рашэньне па справе Зьмітра Касьпяровіча - арышт тэрмінам пяць месяцаў. Актывіст не пагадзіўся з абвінавачваньнем і заявіў, што гатовы адказваць за зьнявагу дзяржаўнага сьцягу, але не за хуліганства. Ён патлумачыў, што атрымаў нармальнае выхаваньне і ніколі ня быў хуліганам.
На судзе прысутнічаў лідэр БНФ Вінцук Вячорка. Ён назваў справу супраць Зьмітра Касьпяровіча прыкладам двайных стандартаў у беларускай судовай практыцы. Ён згадаў, як у 1995 годзе Іван Ціцянкоў абышоўся з дзяржаўным бел-чырвона-белым сьцягам: "Думаю, што рэакцыя ўладаў была несувымерная праступку, калі такі быў. Але важнейшае тое, што не павінна быць у краіне двайных стандартаў. Я маю на ўвазе, што, калі ў парадку рэчаў нацыянальны і дзяржаўны з 1991 да 1995 году сьцяг камусьці было дазволена на вачах усёй краіны рваць, зларадна ставячы свае подпісы, і пры гэтым быць беспакараным, то чаго хацець ад іншых людзей, якія не пераносяць гэтай штучнай дзяржаўнай сімволікі".