viasna on patreon

Суд над абвінавачанымі ў падпале будынку КДБ працягнецца 17 траўня

2011 2011-05-06T08:00:59+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

5 траўня ў Бабруйску распачаўся суд над Яўгенам Васьковічам, Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым, якіх абвінавачваюць у падпале будынка мясцовага аддзяленьня КДБ (частка 2 артыкул 339 Крымінальнага кодэксу — «Асабліва злоснае хуліганства»). Ім пагражае ад 7 да 12 гадоў турэмнага зьняволеньня. Суддзя Павел Карцінін.

Як удалося высьветліць, на судовым паседжаньні прысутнічалі толькі сваякі абвінавачаных. Бабруйскія праваабаронцы й журналісты даведаліся пра суд толькі па сканчэньні паседжаньня ад маці Васьковіча Рушаньні Іванаўны. Зь яе слоў, сёньня былі дапытаныя сьведкі.

Паведаміць пра падрабязнасьці судовага паседжаньня жанчына адмовілася. Сказала толькі, што наступнае паседжаньне адбудзецца 17 траўня а 14 гадзіне.

Яўген Васьковіч сам з Бабруйску. Яго затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасьля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. У Магілёўскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Куляшова хлопец завочна вучыцца на журналісцкім аддзяленьні філялягічнага факультэту. У Магілёў ён прыехаў здаваць сэсію. Ён працуе ў недзяржаўнай газэце «Бабруйскі кур’ер». Прыхільнік стваранай партыі Беларуская хрысьціянскага дэмакратыя. Удзельнік Плошчы. Адседзеў 12 сутак на «Акрэсьціна».

Пра яшчэ двух фігурантаў справы вядома няшмат. Арцём Пракапенка сам з Горадні. У Бабруйску ён вучыцца. Не хавае сваёй прыхільнасьці да анархісцкага руху. Павал Сырамалотаў з Бабруйску. Сябрам ніводных моладзевых рухаў і групак сябе ня лічыць.

Невядомыя ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. Адразу быў затрыманы актывіст анархісцкага руху Сяргей Сьлюсар, у яго дома быў праведзены ператрус, аднак потым ён быў вызвалены, паколькі сьледзтва ня выявіла яго датычнасьці да нападу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства