viasna on patreon

Карач – 700 тысяч штрафу, Баршчэўскаму – 10 сутак, Станеўскаму – пратакол на дапрацоўку, Левінаву – 10 сутак

2011 2011-04-20T15:51:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У судзе Фрунзенскага раёна Менска пачынаюцца суды над грамадскімі актывістамі з Віцебску і Гародні — Паўлам Левінавым, Вольгай Карач, Алегам Баршчэўскім, Паўлам Станеўскім. Яны былі затрыманыя ў Менску 19 красавіка і абвінавачаныя ў дробным хуліганстве (нецэнзурная лаянка).Усе яны правялі ноч у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна. Першымі пачалі разглядаць справы Вольгі Карач і Алега Баршчэўскага. У судовых залах  - шмат праваабаронцаў і журналістаў.  Вольга Карач пасьпела паведаміць журналістам, што ўчора ў РУУСе яе збіваў супрацоўнік міліцыі: нанёс тры ўдары па твары.

21.25 Паўла Левінава судзьдзя Вольга Комар прызнала вінаватым у дробным хуліганстве і асудзіла на 10 сутак арышту. (Радыё Свабода).

Левінаў папрасіў адтэрмінаваць выкананьне прысуду, бо дома ў яго застался хворая маці. Судзьдзя Вольга Комар, спаслаўшыся на тое, што працоўны дзень скончаны, ня стала разглядаць хадайніцтва. Прысутныя на прасэце пачалі абурацца і казаць Комар, што нездарма яе прызналі неўязндной ў Эўразьвяз. На што Комар прыграліза, што можа арыштаваць прысутных за зьнявагу судзьдзі.

20.55 Пасьля завяршэньня допыту сьведак выступіла адвакатка, якая заклікала закрыць працэс з-за адсутнасьці падзеі правапарушэньня. Яна зьдзівілася, што два сьведкі-міліцыянты бралі ўдзел у трох працэсах. Яна сказала, што адзін з пратаколаў ёсьць сфальшаваным. З аналягічнай заявай выступіў Павал Левінаў. Аб’яўлены перапынак для вынясеньня прысуду.

20.22 Гулак распавёў пра шматлікія парушэньні міліцыяй правоў Левінава, сьведкам якіх ён быў. Ён сказаў, што 19 красавіка ў Фрунзенскім РУУС стаміўся рабіць заўвагі міліцыянтам, якія брыдка лаяліся. Наступная сьведка — Вольга Карач.

20.02 У якасьці сьведкі дапытваюць старшыню БХК Алега Гулака.

19.46 Сьведка-міліцыянт кажа, што адзін з пратаколаў быў памылковы. Левінаў сваімі пытаньнямі загнаў сьведку ў тупік. Той ня можа на іх адказаць, часам проста змаўкае. Яшчэ адзін знаёмы з працэсу Станеўскага сьведка-міліцыянт, маёр Шакавец. Ён таксама блытаецца, ня памятае дэталяў.

19.20 Кавалеўскі блытаецца ў паказаньнях, шмат дэталяў ня памятае, ня ведае, што пашпарт у Левінава быў забраны раней. Зноў блытаніна ў часе працэдураў у пастарунку. Фактычна пратакол па тэракце даказвае алібі Левінава па лаянцы.

19.08 Выкліканы сьведка міліцыянт Аляксей Кавалеўскі, які ўжо сьведчыў супраць Станеўскага за лаянку. Ён кажа, што пачуў у калідоры нецэнзурную лаянку таксама і Левінава.

19.02 Левінаў: «Гэта псыхоз міліцыі пасьля тэракту, які яны прапусьцілі. Пратаколы супраць мяне чыстай вады фальсыфікацыя. За гэта трэба караць, каб іншым не панадна было».

18.58 Левінаў сказаў, што яго ставілі на расьцяжку, распраналі да трусоў, шукалі дакумэнты: «У камэры я замярзаў, галадаў. Гэта не катаваньні, гэта тэрор адносна грамадзянаў сваёй краіны».

18.47 Левінаў кажа, што яму груба адмовілі ў праве на абарону. Не далі паперу, каб напісаць заяву аб лаянцы міліцыянта Кавалеўскага на яго адрас: «Міліцыянты самі размаўлялі матам». Левінаў абвінаваціў міліцыянта Фрунзенскага РУУС у фальшаваньні пратаколаў.

18.43 Левінаў заявіў пра грубае абыходжаньне зь ім у міліцыі. Ён сказаў, што яго павалілі тварам на стол, заламілі рукі, надзелі кайданкі, зьдзекваліся. «Такое адчуваньне, што мяне ў той момант павінны былі расстраляць».

18.34 Стандартнае абвінавачаньне ў лаянцы Левінаў не прызнаў: «З раніцы мяне абвінавацілі ў тэракце, у абед — у лаянцы, а вечарам абвінавацяць, што я нешта скраў».

18.29 Адвакат просіць далучыць да справы пратакол аб затрыманьні Левінава за тэракт. Судзьдзя пагадзілася.

18.27 Працэс над Левінавым аднавіўся.

18.10 Судзьдзя ўсё ж вырашыла працягнуць працэс сёньня пасьля таго, як Левінаў азнаёміцца з матэрыяламі справы. (Радыё Свабода).

17-40. Паколькі праваабаронца Павал Левінаў, якога вінавацяць у дробным хуліганстве, заявіў хадайніцтва, каб у судзе ягоныя інтарэсы абараняў адвакат, з якім заключаная дамова, суддзя прыняла рашэньне адкласьці судовае слуханьне да 10 гадзін раніцы 21 красавіка. Адвакат Левінава мусіць прыехаць у Менск з Віцебску.  Левінава адправілі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

16-50. Выступіў адвакат і сам абвінавачваны Павал Станеўскі. Абодва заявілі аб спыненьні адміністратыўнага суда, паколькі адсутнічае сам склад правапарушэньня. Сведкі з боку міліцыі настолькі заблыталіся, што сведчылі пра тое, што пратакол быў складзены раней, чым адбыўся факт правапарушэньня (быдкаслоўе).

17-15. Суддзя Вольга Комар спыніла судовы працэс па справе Паўла Станеўскага і вярнула матэрыялы для належнага афармленьня ў Фрунзенскі РУУС. Ён адпушчаны на волю. Праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які назіраў за адміністратыўным працэсам, лічыць, што суддзя мусіла прыняць пастанову аб спыненні справы, паколькі паказаньні супрацоўнікаў міліцыі па многіх пазіцыях супярэчаць імі ж складзеным пратаколам і доказаў віны ўвогуле ў судзе не прагучала.

16-00. У судзе  над Паўлам Станеўскім абвешчаны чарговы перапынак. Суддзя Вольга Комар дапытала сведкаў з боку абвінавачвання і з боку абароны. Міліцыянты заблыталіся ў сваіх паказаннях і супярэчаць выкладзенаму ў пратаколах затрымання.

15-30. Сьведка-міліцыянт Кавалеўскі заблытаўся з часам затрыманьня і дастаўкі ў РУУС Станеўскага. Ён жа і ў той жа час затрымліваў і Баршэўскага, і абодвух у 12.40. Судзьдзя Комар знайшла ў дакумэнтах, што спачатку Станеўскі быў затрыманы ў 12.40, а потым пачаў лаяцца. Сьведка кажа, што Станеўскі лаяўся 50 сэкундаў перад затрыманьнем (Радыё “Свабода”).

14-35. Пасьля перапынку аднавіўся суд над Паўлам Станеўскім.

13-40. Суддзя Вольга Комар абвясціла перапынак у судзе над Паўлам Станеўскім. Яна ж будзе разглядаць і адміністратыўную справу Паўла Левінава.

13-20. Вольга Карач аштрафаваная на 20 базавых велічынь, Алег Баршчэўскі атрымаў 10 сутак арышту.

12-10. У судзе над Алегам Баршчэўскім судзьдзя дазволіла выступіць сьведкам з боку Баршчэўскага. Сьведкі абверглі сьцьвярджэньні міліцыянтаў. Баршчэўскі таксама заявіў, што подпіс на пратаколе не ягоны, ён пратакол не падпісваў (Радыё "Свабода").

12-00. Справу Паўла Станеўскага разглядае суддзя Вольга Комар.

11-50. Вольга Карач заяўляе адвод суддзі Шумскай. Яна паведаміла, што яе затрымлівалі з прымяненьнем фізічнай сілы і кайданкоў.

11-40. У іншым памяшканьні суду пачынаецца разгляд справы Паўла Станеўскага. Левінаў пакуль знаходзіцца ў машыне ў двары.

11-30. Судзьдзя Тацяна Шумская адхіліла хадайніцтва Вольгі Карач аб допыце сьведак з боку абароны. Яе абвінавачваюць у лаянцы на вуліцы Сердзіча, непадпарадкаванні міліцыянтам. Сьведкай выступае супрацоўнік міліцыі старшы інспектар Фрунзенскага РУУСа Аляксей Кавалеўскі.

Папярэдне супрацоўнікі міліцыі патлумачылі Паўлу Левінаву, што затрымліваюць яго “па непасрэдна ўзніклым падазрэнні” ў здзяйсненні тэракта 11 красавіка ў менскім метро. Такую фармулёўку ўтрымлівае артыкул 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса, паводле якога затрыманыя могуць утрымлівацца пад вартай да 10-ці сутак. Аднак пазней супрацоўнікі Фрунзенскага РУУС Менска змянілі фармулёўку і склалі пратаколы аб адміністратыўным правапарушэнні па артыкуле 17.1 КаАП.

Як стала вядома, ўчора ўдзень сталічныя міліцыянты ўварваліся ў кватэру дачкі вядомага праваабронцы і журналіста Валера Шчукіна.  Праверыўшы дакументы ў прысутных, міліцыянты сышлі, але вярнуліся зноў з ператрусам і затрыманнямі. Усяго было затрымана 18 чалавек. Чатырнацць адпусцілі без складаньня пратаколаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства