Маладэчанцы адпрацоўваюць “пераддажынкаўскія” суботнікі
Жыхарам Маладэчна сёлета асабліва “пашанцавала”: акрамя агульнарэспубліканскіх, яны мусяць адпрацоўваць шматлікія мясцовыя “пераддажынкаўскія” суботнікі. На прадпрыемствах абвесцілі, што да верасня штомесяц у горадзе будзе арганізоўвацца па 1-2 суботнікі. Адкрыта прымяненнем санкцыяў за нез’яўленне не пагражаюць, але ўсе разумеюць так званую добраахвотнасць падобных мерапрыемстваў. Калі хто адважваецца грэбаваць суботнікамі, яго прылічаюць да “апазіцыянераў”, і адносіны з начальствам гэтага чалавека рэзка пагаршаюцца.
15 красавіка, без папярэджання, працаўнікоў чысцінскага ААТ “Забудова” у працоўны час на аўтобусах прывезлі ў горад “на суботнік”, дзе яны мусілі прыбіраць старую плітку з тратуараў. Пры гэтым ніхто не цікавіўся, ці ёсць у людзей адпаведнае працоўнае адзенне і ці задавальняючы для такой нялёгкай працы ў іх фізічны стан.
На форумах мясцовых сайтаў актыўна ідзе абмеркаванне неабходнасці і добраахвотнасці суботнікаў.
Карыстальнік “Аляксандр” піша:“Для кого эти дожинки? Мне лично и моей семье они сто лет не нужны.Противно слышать, как учителей, воспитателей, и других работников бюджетной сферы заставляют отрабатывать субботники. У них же и собираются вычитать из и без того нищенских зарплат на подготовку/проведение этого "пира во время чумы".Ни на какие субботники не пойду и отчислять "на проведение" не буду, ибо и так плачу налоги, покупаю отечественные товары.”
“Праваабарончая хроніка”