Баранавіцкія ўкраінцы збіраюцца пікетаваць
16 красавіка старшыня аргкамітэту па стварэнні баранавіцкага аб’яднання украінцаў “Кабзар”, індывідуальны прадпрымальнік Мікалай Чарнавус падаў заяўку на пікет у сувязі з адмовай у прадастаўленні памяшкання для рэгістрацыі арганізацыі. Як ужо паведамлялася, 4 красавіка Мікалай Чарнавус падаў неабходныя для рэгістрацыі аб’яднання дакументы ва ўпраўленне юстыцыі Брэсцкага аблвыканкама, а ўжо 8 красавіка атрымаў ліст ад Камунальнага ўнітарнага рамонтна-эксплуатацыйнага прадпрыемства “ЖРЭУ г. Баранавічы” з паведамленнем, што ЖРЭУ, у сувязі з вытворчай неабходнасцю, адклікае гарантыйны ліст ад 21.03.2011 года аб прадастаўленні аб’яднанню “Кабзар” памяшкання. Памеркаванні Чарнавуса, гэта можа стаць прычынай для адмовы ў рэгістрацыі ў Баранавічах украінскай дыяспары. Мікалай Чарнавус плануе праводзіць пікет на працягу 3-х дзён: з 27 па 29 мая, падчас агульнагарадскога свята “Баранавіцкая вясна”, каб праінфармаваць грамадзян горада аб сітуацыі вакол рэгістрацыі арганізацыі баранавіцкіх этнічных украінцаў, якіх у горадзе налічваецца тысяча дзвесце чалавек.
“Праваабарончая хроніка”