viasna on patreon

“Вясна” пратэстуе супраць крымінальнага пераследу Андрэя Пачобута

2011 2011-04-11T09:44:42+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/pachobut.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Андрэй Пачобут, публіцыст і блогер, уласны карэспандэнт выдання Gazeta Wyborcza

Андрэй Пачобут, публіцыст і блогер, уласны карэспандэнт выдання Gazeta Wyborcza

Заява Праваабарончага цэнтру “Вясна” 

Менск, 11.04.2011 г.

Пракуратурай Гродзенскай вобласці ў дачыненні да журналіста, уласнага карэспандэнта польскага выдання Gazeta Wyborcza і старшыні Галоўнай Рады непрызнаванага ўладамі Саюзу палякаў Беларусі Андрэя Пачобута ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”.

Пра ўзбуджэнне крымінальнай справы А. Пачобуту ў абласной пракуратуры паведамілі  28 сакавіка. Падставай для падазрэнняў у абразе кіраўніка краіны пракуратура палічыла восем публікацый журналіста на старонках Gazety Wyborczaj, публікацыю на сайце “Беларускі партызан” і запіс у асабістым блогу poczobut.livejournal.com.

29 сакавіка на кватэры А.Пачобута супрацоўнікамі КДБ былі праведзеныя следчыя дзеянні, у выніку чаго была апісаная маёмасць журналіста і канфіскаваны кампутар як прылада злачынства.

Увечары 6 красавіка А. Пачобут выехаў у Менск, каб 7 красавіка ўзяць удзел у тэлемосце прадстаўніцтва Еўракамісіі з дэлегацыяй Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю. Па дарозе ён быў затрыманы. Затрыманне ажыццяўлялася на падставе пастановы следчага абласной пракуратуры – паколькі журналіст, “знаходзячыся пад падпіскай аб нявыездзе, заявіў аб сваім намеры выехаць з горада”.  Паводле прадстаўніка пракуратуры, следства палічыла, што, пакінуўшы месца жыхарства, А.Пачобут будзе перашкаджаць правядзенню следчых дзеянняў у межах узбуджанай супраць яго крымінальнай справы. Журналіст быў змешчаны на трое сутак у ізалятар Кастрычніцкага РАУС г. Гродна. Аднак 9 красавіка замест вызвалення стала вядома, што А.Пачобуту падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай на два месяцы. Акрамя абразы прэзідэнта, яго абвінавачваюць таксама ў паклёпе ў дачыненні да кіраўніка краіны па арт.367 КК РБ.  

Звяртаем увагу, што А. Пачобут за сваю грамадскую і журналісцкую дзейнасць цягам апошніх гадоў неаднаразова падвяргаўся адміністратыўным арыштам. Апошні такі выпадак – 15-сутачны арышт пасля затрымання падчас падзеяў 19 снежня 2010 г. ў Менску, дзе журналіст выконваў свае прафесійныя абавязкі. Аднак падставай для яго пераследу з’яўляецца не толькі супрацоўніцтва з незалежнымі СМІ, але і грамадская актыўнасць ў непрызнаваным уладамі Саюзе палякаў Беларусі.

У цяперашняй сітуацыі крымінальная справа па ч.1 арт. 368 КК РБ “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь” прадугледжвае пакаранне штрафам альбо папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, альбо арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, альбо абмежаваннем волі на тэрмін да двух гадоў, альбо пазбаўленнем волі на той жа тэрмін. Артыкул 367 КК РБ прадугледжвае пакаранне аж да пазбаўлення волі тэрмінам на чатыры гады.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” пратэстуе супраць крымінальнага пераследу А.Пачобута.

Спробу грубага ціску на незалежнага журналіста і грамадскага актывіста з выкарыстаннем дыфамацыйнага артыкула Крымінальнага кодэксу мы расцэньваем як палітычны пераслед.  Узбуджэнне крымінальнай справы супраць журналіста аднаго з найпапулярнейшых выданняў Польшчы, а таксама аднаго з кіраўнікоў непрызнанай уладамі няўрадавай арганізацыі польскай нацыянальнай меншасці адбываецца на фоне пагаршэння адносінаў паміж афіцыйным Менскам і Варшаваю. Такім чынам А.Пачобут стаўся закладнікам непрадуманай і валюнтарысцкай знешняй палітыкі беларускіх уладаў.

На фоне жахліва несправядлівых крымінальных працэсаў па падзеях 19 снежня, якія непапраўна сапсавалі імідж беларускіх уладаў і накіраваныя на абмежаванне грамадскай актыўнасці беларускага народу, пераслед актывіста польскай нацыянальнай меншасці і журналіста А.Пачобута перакрэслівае ўсялякія шанцы для паляпшэння стасункаў паміж Беларуссю і дэмакратычнымі дзяржавамі ў свеце.

Яшчэ раз нагадваем уладам пра тое, што артыкулы Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь - 367 “Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, 368  “Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, 369 “Абраза прадстаўніка ўлады”, 369-1 “Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь” - і практыка іх прымянення супярэчаць палажэнням пункта 1 Артыкула 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Выкарыстанне дзяржавай у якасці механізму для рэпрэсіяў  дыфамацыйных артыкулаў садзейнічае знішчэнню і падаўленню свабоды слова.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” патрабуе ад уладаў Беларусі:

- неадкладна спыніць крымінальны пераслед Андрэя Пачобута;

- скасаваць дыфамацыйныя артыкулы Крымінальнага кодэксу ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі ў галіне свабоды прэсы і свабоды выказванняў;

- зарэгістраваць непрызнаны беларускімі ўладамі незалежны Саюз палякаў Беларусі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства