Слухайце штотыднёвую праваабарончую праграму “Людзьмі звацца!” на хвалях Радыё Рацыі
Кожны аўторак у эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі.
Праграма складаецца з рубрык “Хроніка пераследу”, "Падзея тыдня", “Асоба. Дзяржава. Грамадства” і “Рэха Плошчы”.
Час выхаду праграмы ў эфір – 15-05. Таксама ў гэты час яе можна слухаць праз інтэрнэт на сайце www.racyja.com.
29 сакавіка ў чарговым выпуску праграмы “Людзьмі звацца!” ў “Хроніцы пераследу” - агляд парушэнняў правоў чалавека, у якім прадстаўлены найбольш гучныя факты пераследу за мінулы тыдзень.
Тэма рубрыкі “Падзея тыдня” - 25 сакавіка, дзень адзначэння 93-яй гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Як паказалі падзеі, да Дня Волі рыхтавалася не толькі дэмакратычная грамадскасць краіны, але і міліцэйскія падраздзяленні.
Сённяшні госць рубрыкі “Асоба. Дзяржава. Грамадства” – сакратар Управы Партыі БНФ Сяржук Семянюк. У яго гэтымі днямі клопатаў вышэй краю, бо займаецца размяшчэннем маёмасці цэнтральнага офіса партыі. Актывіст упэўнены, што пазбаўленне партыі памяшкання ў цэнтры сталіцы – гэта нішто іншае як помста ўладаў. Чым была сядзіба БНФ для соцен беларусаў? Пра гэта гутарка з Сяржуком Семянюком.
У рубрыцы “Рэха Плошчы” - агляд судовага працэсу па крымінальнай справе маладафронтаўцаў Зміцера Дашкевіча і Эдуарда Лобава, якая была заведзена напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў і скончылася жорсткімі прысудамі.
Музычна-ваяўнічы фон праграмы сёння падтрымлівае гурт IQ 48. Кампазіцыі з кружэлкі “Зрабі сам” адрозніваюцца не толькі акустычным гучаннем, але і скіраванасцю на грамадзянскую тэматыку. Маладыя музыкі прадставілі сваю інтэрпрэтацыю праблемаў сучасніка-беларуса.
Радыё Рацыя – першае незалежнае інфармацыйна-забаўляльнае FM-радыё ў Польшчы на беларускай мове. Галоўнай мэтай Беларускага Радыё Рацыя з’яўляецца стварэнне грамадзянам Беларусі доступу да незалежнай інфармацыі аб падзеях і развіцці сітуацыі ў Беларусі, Польшчы, Еўропе ды свеце.