Віцебскі Чыгуначны раённы суд вярнуў адміністратыўны пратакол, складзены на кіраўніка мясцовага штабу А.Мілінкевіча Хрыстафора Жаляпава ў Чыгуначны райвыканкам на дапрацоўку
Паўтара месяца таму, 28 лютага, загадчыца ідэалагічнага аддзелу Чыгуначнага райвыканкаму Віцебску склала пратакол на Хрыстафора Жаляпава, які нібыта незаконна ўстанавіў агітацыйны стэнд у цэнтры гораду. 14 красавіка гэты дакумент стаў прадметам судовай справы ў Чыгуначным райсудзе.
Упершыню падчас апошняй выбарчай кампаніі віцебскія чыноўнікі скарысталіся правам на складаньне адміністратыўных пратаколаў у адпаведнасьці з 234-м артыкулам адміністратыўнага заканадаўства: загадчыца ідэалагічнага аддзелу Чыгуначнага райвыканкаму Вольга Левіна абвінаваціла Хрыстафора Жаляпава, кіраўніка выбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча, у незаконнай агітацыі за кандыдата.
Прэтэнзіі спадарыні Левінай грунтаваліся на тым, што Хрыстафор Жаляпаў паставіў агітацыйны стэнд каля дому №28 па вуліцы Леніна, а гэтае месца не было вызначанае райвыканкамам для агітацыі.
Судзьдзя Людміла Лакеенкава далучыла да справы тлумачэньні кіраўнікоў ЦВК і Віцебскай гарадзкой выбарчай камісіі пра тое, што агітацыя можа праводзіцца ў любым месцы, калі на гэта няма адмысловае забароны, і вярнула пратакол у Чыгуначны райвыканкам на дапрацоўку.
Сваё меркаваньне наконт далейшага разьвіцьця падзеяў спадар Жаляпаў выказаў радыё Свабодзе: "Дзейнасьць кіраўніка ідэалагічнага аддзелу Чыгуначнага раёну была скіраваная на тое, каб перашкодзіць нашай агітацыйнай кампаніі за Мілінкевіча. Зьвярніце ўвагу: справу сёньня не спынілі.
Суд даў зразумець, што проста пратакол быў складзены непісьменна, і мяне яшчэ можна прыцягнуць да адказнасьці, склаўшы іншы пратакол. А можна ўсё скасаваць — вырашыць, што выбары ўжо прайшлі, і выбралі таго, каго было трэба, і цяпер ужо можна не турбавацца!"