Мінская міжрайпракуратура ўзбудзіла адміністратыўную справу аб правапарушэньні арт. 167-3 КаАП РБ у дачыненьні да старшыні і члена Замасточскай выбарчай камісіі № 40 Мінскага раёна Іванчыка В.І. (парушэньне заканадаўства аб выбарах)
19 сакавіка ў дзень выбараў Прэзідэнта Беларусі Бернат Мікалай Міхайлавіч прыйшоў на свой выбарчы ўчастак каб прагаласаваць і даведаўся, што 18 сакавіка, датэрмінова, за яго ўжо нехта прагаласаваў, аб чым сьведчыў подпіс і дата ў сьпісе выбаршчыкаў. Растлумачыць, як гэта адбылося, члены камісіі не змаглі. Абуранаму спадару Бернату старшыня выбарчай камісіі Іванчык В.І. прадставіў магчымасць прагаласаваць, уключыўшы яго ў дадатковы спіс, але ж гэты факт зьяўляецца грубейшым парушэньнем дзейнага заканадаўства.
22 сакавіка Мікалай Бернат напісаў скаргу на незаконныя дзеяньні участковай камісіі па выбарах пракурору Мінскага раёна з прозьбай правесьці праверку па дадзенаму факту правапарушэньня і пакараць вінаватых.
24 сакавіка Мінская міжрайпракуратура ўзбудзіла адміністратыўную справу аб правапарушэньні па арт. 167-3 КаАП РБ у дачыненьні да старшыні і члена Замасточскай выбарчай камісіі № 40 Мінскага раёна, адказных за парушэньне выбарчага заканадаўства.
25 сакавіка Бернат Мікалай быў затрыманы за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве і атрымаў 10 сутак адміністратыўнага арышту, якія адбываў у сьпецпрыёмніку-размеркавальніку на Акрэсьціна. Вызваліўшыся, ён атрымаў адказ на сваю скаргу з пракуратуры, адпраўлены з Мінску 31 сакавіка, што роўна праз тыдзень пасьля ўзбуджэньня справы. Сваё меркаваньне наконт таго, чаму са спазьненьнем быў адпраўлены адказ спадар Бернат выказаў ПЦ "Вясна": "Я лічу, што, паколькі факт правапарушэньня выбарчай камісіяй быў відавочны і ўлады абавязаныя былі адрэагаваць на маю скаргу, то яны стараліся замоўчыць дадзены выпадак да інаўгурацыі Лукашэнкі, якая першапачаткова была прызначаная на 31 сакавіка. Як вядома, ЦВК сьцвярджае, што выбары Прэзідэнта праведзеныя ў адпаведнасьці з законам, таму падобная інфармацыя ім была невыгодная. Адседзеўшы 10 сутак і атрымаўшы адказ пасьля інаўгурацыі, для мяне гэта цяпер ужо не так істотна, здароўе даражэй і трэба займацца іншымі справамі, тым больш, што самі ведаеце, як усё будзе разглядацца – незалежнага суду ў краіне няма".