Гродна: адміністрацыйны працэс па справе графіці штучна зацягваецца
23 сакавіка ў Гродне судом Ленінскага раёну быў працягнуты адміністрацыйны працэс па справе Кацярыны Герасімчык, якую вінавацяць у нанясенні графіці на помнік Леніну, што стаіць каля гарвыканкаму. Нагадаем, што ў ноч на 12 лютага Герасімчык разам з сваёй сяброўкай былі затрыманыя нарадам міліцыі паблізу помніка.
Разгляд справы, якую вядзе суддзя Наталля Козел, у сераду доўжыўся толькі каля 10 хвілін. У якасці сведкі была апытаная Вольга Багданкевіч, якая была затрыманая разам з Кацярынай Герасімчык. Пасля гэтага ў працэсе зноў быў абвешчаны перапынак – разгляд прадоўжыцца толькі 2 красавіка.
Гарадзенскія праваабаронцы мяркуюць, што разгляд гэтай адміністрацыйнай справы празмерна расцягнуты. Магчыма, гэта адна з формаў дадатковага псіхалагічнага ціску на моладзевых актывістаў.
“Праваабарончая хроніка”