Суддзя Уладзіслаў Шыкароў трэці раз штрафуе Хамайду на мільён рублёў
Усе тры мільённыя штрафы накладзены на віцебскага апазіцыянера Барыса Хамайду ў сакавіку гэтага года. Суддзя Чыгуначнага райсуду Уладзіслаў Шыкароў раз ад разу вінаваціць спадара Хамайду ў арганізацыі несанкцыянаваных пікетаў з выкарыстаннем бел-чырвона-белага сцяга, хаця іншыя суддзі не знаходзілі ў ягоных дзеяннях складу правапарушэння.
У студзені гэтага года Барыс Хамайда абвясціў акцыю “2011 год – год нацыянальнага сцяга”, прысвечаную 20-годдзю незалежнасці Беларусі. Ён некалькі разоў быў затрыманы з бел-чырвона-белым сцягам каля так званага “сіняга дома” – дома №28 па вуліцы Леніна ў Віцебску, дзе звычайна распаўсюджвае незалежную прэсу.
Супрацоўнікі міліцыі складалі на яго пратаколы за несанкцыянаванае пікетаванне, але двойчы суддзі Чыгуначнага райсуду Алена Грабянчук і Алена Цыганкова спынялі судовыя справы, не знайшоўшы ў дзеяннях спадара Хамайды складу правапарушэння.
Першым, хто прызнаў апазіцыянера вінаватым і прысудзіў яму штраф памерам 30 базавых велічынь, быў суддзя Уладзіслаў Шыкароў. Потым супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС абскардзілі ў абласным судзе рашэнні суддзяў Грабянчук і Цыганковай, і паўторна разбіраць справы Барыса Хамайды даверылі менавіта Уладзіславу Шыкарову.
17 і 23 сакавіка ён асудзіў Барыса Хамайду за несанкцыянаванае пікетаванне, наклаўшы яшчэ два аналагічныя штрафы – па 30 базавых велічынь, або адным мільёне 50 тысяч рублёў кожны.
Цяпер апазіцыянер мае больш як тры мільены штрафаў, якія сплочваць прынцыпова не збіраецца.
“ Мне 64 гады, і я знарок не афармляю пенсію, каб з яе нічога не маглі вылічваць. За дзесяткі год апазіцыйнай дзейнасці ў мяне назбіралася ўжо немалая сума штрафаў, але я не буду іх плаціць прынцыпова – каб не падтрымліваць дзейную ўладу ў гэтай краіне”, -- гаворыць Барыс Хамайда.
Акцыю “2011 год – год нацыянальнага сцяга” ён збіраецца працягваць і далей.
“Праваабарончая хроніка”