У Гродна -- масавыя папярэджанні грамадскіх актывістаў наконт Дня Волі
Напярэдадні 25 сакавіка гродзенская міліцыя масава абыходзіць і тэлефануе мясцовым грамадска-палітычным актывістам з пытаннем, ці не збіраюцца яны выязджаць на святкаванне ў Мінск. Вядома, што за апошнія суткі супрацоўнікі міліцыі звярнуліся з гэтай нагоды да Вадзіма Саранчукова, Сяргея Антусевіча, Валерыя Кісяля, Міколы Лемяноўскага, Яна Лялевіча, Міколы Баўсюка, Юрыя Істоміна, Уладзіміра Хільмановіча. Прадстаўнікі міліцыі раілі актывістам не выязджаць у сталіцу Беларусі менавіта 25 сакавіка.
Публіцыст і праваабаронца Уладзімір Хільмановіч лічыць, што такім чынам парушаюцца канстытуцыйныя правы грамадзян: “Усе гэтыя “прэвентыўныя” папярэджанні выглядаюць папросту недарэчна і нават абсурдна. Па-першае, грамадзяне маюць права на мірныя сходы, па-другое, акцыя на Дзень Волі ў нейкім фармаце санкцыянаваная ўладамі, па-трэцяе, няўжо тыя, хто распрацаваў такія планы псіхалагічнага ціску, мяркуюць, што могуць запалохаць людзей, якія па 15-25 гадоў свайго жыцця аддалі беларускаму дэмакратычнаму руху?”.
“Праваабарончая хроніка”