viasna on patreon

Генеральны пракурор адрэагаваў на адкрыты ліст бацькі арыштаванага Аляксандра Класкоўскага

2011 2011-03-23T11:07:01+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Генеральны пракурор Рыгор Васілевіч адрэагаваў на адкрыты ліст бацькі Аляксандра Класкоўскага, арыштаванага па справе 19 снежня.

Ліст Аляксандра Класкоўскага-старэйшага быў надрукаваны 11 сакавіка ў газеце "Народная воля". У ім вядомы журналіст і палітолаг патрабаваў забяспечыць сыну выкананне яго законных правоў: нармальнае ліставанне, магчымасць спаткацца з блізкімі сваякамі, сустрэчы сам-насам з адвакатам.

15 сакавіка адвакат Ірына Бурак атрымала магчымасць упершыню сустрэцца сам-насам са сваім падабаронным, а 22 сакавіка бацька арыштаванага атрымаў адказ ад Васілевіча, датаваны 18 сакавіка.

У лісце, напісаным па-беларуску, паведамляецца, што "ў ходзе праведзенай 14.03.2011 праверкі Класкоўскі А.А. скаргі на ўмовы і парадак утрымання ў следчым ізалятары КДБ Рэспублікі Беларусь, а таксама на дзеянні супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі не выказваў". "Атрыманне і адпраўленне вашым сынам тэлеграм і пісьмаў ажыццяўляецца ў адпаведнасці з нормамі арт. 18 закона Рэспублікі Беларусь "Аб парадку і ўмовах утрымання асоб пад вартай" і раздзела 8 Правіл унутранага распарадку ў следчых ізалятарах органаў дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, зацверджаных пастановай КДБ Рэспублікі Беларусь ад 17.10.2003 № 20", — паведамляе Васілевіч.

"Стан здароўя Класкоўскага А.А. здавальняючы, па медыцынскую дапамогу ён звяртаўся толькі адзін раз, — піша генеральны пракурор. — Пасля агляду ўрачом яму была аказана кваліфікаваная медычная дапамога, болей на стан здароўя ён не скардзіўся. Пры першым аглядзе ўрачом пераломаў, у тым ліку рэбраў, у вашага сына не ўстаноўлена. Скаргі на парушэнне правоў Класкоўскага А.А. на атрыманне юрыдычнай дапамогі ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь ад яго і яго адваката не паступалі".

Васілевіч паведаміў, што на адрас старшыні КДБ накіраваў ліст "аб адшуканні дадатковых магчымасцяў для забеспячэння правоў асоб, якія ўтрымліваюцца ў следчым ізалятары КДБ Рэспублікі Беларусь, на абарону". Ён нагадаў, што "адвакат Бурак І.С. сустракалася з Класкоўскім А.А. 15.03.2011 у следчым ізалятары КДБ".

Каб вырашыць пытанне аб спатканні з сынам, Васілевіч прапануе аўтару адкрытага ліста "звярнуцца да начальніка аддзела СУПР ГУУС Мінгарвыканкама Сукалы А.М., у вытворчасці якога знаходзіцца справа".

"Адказ Рыгора Васілевіча хуткі, але ў значнай ступені фармальны, — заявіў БелаПАН Класкоўскі-старэйшы. — Зазначаецца, напрыклад, што ліставанне ажыццяўляецца згодна з заканадаўствам і ўнутраным распарадкам. Аднак няма адказу на простае пытанне: куды падзелася маса лістоў, дасланых сыну, — ад мяне, ад нашых сваякоў і, наколькі я ведаю, ад мноства людзей, якія пісалі словы падтрымкі?".

"Увогуле, адказ грунтуецца пераважна на тым, што Саша не выказваў скаргаў. Аднак, на мой погляд, чалавек, які знаходзіцца, мякка кажучы, у залежным становішчы, добра ўзважыць, ці не стане яму пасля скаргаў яшчэ горш. Тут не інтэрв`ю трэба браць, а самастойна сітуацыю расследаваць", — перакананы Класкоўскі. У той жа час у яго склалася ўражанне, што "ва ўсемагутным ведамстве розным правяраючым не надта даюць гэта рабіць". "Некалі ж Лукашэнка з гонарам казаў, што не аддаў спецслужбы пад кантроль нейкай грамадзянскай супольнасці", — нагадаў палітолаг.

Тым не менш, Класкоўскі бачыць "пэўную карысць" у тым, што, як вынікае з адказу, Васілевіч накіраваў ліст старшыні КДБ з прапановай пашырыць магчымасці атрымання юрыдычнай дапамогі тым, хто знаходзіцца ў СІЗА. "Не выключана, што ўмовы ўтрымання будуць больш гуманныя", — сказаў ён.

Класкоўскі таксама паведаміў, што яго сын і адвакат цяпер знаёмяцца з матэрыяламі справы.

17 сакавіка Класкоўскаму-малодшаму, які раней быў міліцыянерам, прад`яўлена абвінавачанне па частках 1 і 2 артыкула 293 (арганізацыя і ўдзел у масавых беспарадках), артыкуле 369 (знявага прадстаўніка ўлады) і артыкуле 382 (самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы) Крымінальнага кодэкса, паведамляе БелаПАН.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства