viasna on patreon

Алесь Бяляцкі: Тыя магчымасці, якія Беларусь магла атрымаць пры нармальных узаемаадносінах з Еўрасаюзам, страчаны

2011 2011-03-19T13:05:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bialiackialies-0.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Алесь Бяляцкі

Алесь Бяляцкі

У апошнім выпуку "Народнай Волі" надрукавана інтэрвію з віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, праваабаронцам Алесем Бяляцкім.19 сакавіка споўнілася роўна тры месяцы, як у краіне адбыліся прэзідэнцкія выбары. Тры месяцы, якія змясцілі ў сабе мноства падзей. Рэпрэсіі, запалохванне грамадства, першыя суды над удзельнікамі акцыі 19 снежня... Што маем і што рабіць далей?

Прапануем нашым чытачам матэрыял цалкам:

Алесь БЯЛЯЦКI: «Што датычыцца правоў чалавека ў Беларусі сёння, — то гэта проста катастрофа»


Суды

— Прайшло некалькі судоў над удзельнікамі акцыі 19 снежня. Ці можна з іх ужо зрабіць пэўныя высновы?

— Па-першае, адразу ж кідаецца ў вочы палітычны падтэкст гэтых працэсаў, а самі суды, на мой погляд, далёкія ад аб’ектыўнага разбіральніцтва. Прысуды, якія выносяцца, зусім не суадносяцца з тым, што рабілі асуджаныя. Яны абвінавачваюцца ў “масавых беспарадках”. На ўсю ж краіну абвясцілі, што рыхтаваўся “дзяржаўны пераварот”. І вынікам такіх гучных і беспадстаўных заяў з’явілася вось гэтая неадпаведная кваліфікацыя падчас працэсаў.

На судах гэта ўсё цудоўным чынам раскрываецца. З аднаго боку, фармальна суды выконваюць усе працэдуры судовага працэсу, але падчас выступаў адвакатаў і абвінавачаных бачна, што, прынамсі, ніхто з тых сямі асоб, якія ўжо асуджаны, не ўдзельнічаў ні ў якім узброеным супраціўленні, ні ў падпалах, ні ў нейкіх сапраўды масавых беспарадках. Яны былі ўдзельнікамі акцыі пратэсту супраць шматлікіх парушэнняў заканадаўства падчас выбарчай прэзідэнцкай кампаніі, як і дзясяткі тысяч іншых, якія 19 снежня прыйшлі на Плошчу. Я сустракаўся з Іванам Гапонавым, якому прысудзілі штраф (раней ён адсядзеў “суткі”), дык ён сказаў, што і 10 сутак адміністрацыйнага арышту — гэта шмат за тое, што зрабіў. А дакладней — ён не зрабіў нічога. Але відавочна, што на суддзяў ціснуць зверху, не яны вырашаюць, каму і колькі даць, таму, на жаль, асуджаныя атрымліваюць такое несправядлівае пакаранне. Гэта, урэшце, усё роўна не вызваляе суддзяў ад маральнай і чалавечай адказнасці.

— Самае цікавае, што і міліцыянеры-сведкі, якія выступалі ў судах і якія быццам бы пацярпелі падчас акцыі, не змаглі даказаць, што канкрэтныя абвінавачаныя аказвалі супраціўленне...

— Так, і ў той жа час да нас прыходзяць людзі, якія распавядаюць сапраўды жахлівыя гісторыі збіцця людзей сілавікамі ў той дзень. Чалавек расказаў, як яго збівалі некалькі спецназаўцаў. Выбілі палову зубоў, зламалі руку... Тады ён адчуваў, што можа проста памерці, і пачаў прасіць міліцыянераў спыніцца. На судзе ён папрасіў, каб яму далі штраф, а не “суткі”, бо была неабходна тэрміновая медыцынская дапамога. І суддзя дала-такі яму штраф. Дык вось на такія дзеянні міліцыі, на зламаныя рукі, ногі, разбітыя галовы ніводная скарга ў пракуратуру, наколькі нам вядома, па сутнасці не была разгледжана. Гэта нармальна?

Адным словам, уся гэтая “крымінальная” справа, суддзі, бок абвінавачвання знаходзяцца пад пільным кантролем, бо пры нармальным развіцці падзей першае, што павінны былі б зрабіць незалежныя суддзі, — паставіць вялікі пытальнік наконт адпаведнасці кваліфікацыі самой справы. І, калі не выпусціць людзей на волю, да чаго заклікаем і мы, беларускія праваабаронцы, і міжнародная грамадскасць, то, прынамсі, перакваліфікаваць справу, і тады пакаранні былі б меншыя.

— Як вы ацэньваеце першыя прысуды?

— Самыя першыя былі вельмі жорсткія. Васілю Парфянкову і Аляксандру Атрошчанкаву — па 4 гады зняволення з адбываннем пакарання ў калоніях строгага і ўзмоцненага рэжымаў, Дзмітрыю Новіку — тры з паловай, Аляксандру Малчанаву — тры. Атрошчанкаў фактычна без усялякай доказнай базы атрымаў такі тэрмін.

А вось апошнія прысуды расійскім грамадзянам Арцёму Брэусу і Івану Гапонаву (штраф у памеры 300 базавых велічынь) ды Дзмітрыю Мядзведзю (3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу) больш мяккія. У наскрозь палітычную справу ўмяшалася іншая палітыка. МЗС Расіі настойвала, каб адпусцілі іх грамадзян. І Брэуса з Гапонавым адпусцілі.

У той жа дзень і ў тым самым судзе судзілі і Дзмітрыя Мядзведзя з такой самай слабенькай доказнай базай, што была і ў расіян. І суддзя была пастаўлена ў такое становішча, што яго трэба таксама было асудзіць палагодней. Інакш розныя па жорсткасці прысуды выглядалі б вялізным кантрастам.

Але гэта зусім не значыць, што далей усё будзе ісці па такім жа сцэнарыі. Я тут большы песіміст. Так, магчыма, не ўсе атрымаюць аднолькава суровыя тэрміны, але ў сваёй большасці прысуды будуць дастаткова строгімі. І самае істотнае, што ўсе яны будуць палітычна матываванымі і несправядлівымі. Гэта звязана з жаданнем уладаў збіць грамадска-палітычную актыўнасць грамадства, якая выразна праявілася ў снежні , не дапусціць раскалыхвання грамадства.

 

Палітзняволеныя

— Арцём Брэус, іншыя затрыманыя распавядалі, як іх прымушалі даць паказанні супраць арганізатараў акцыі. Відавочна, што справа мэтанакіравана “пячэцца” супраць экс-кандыдатаў у прэзідэнты, з тым каб на базе такіх вось сумніўных доказаў асудзіць і іх. З’яўляецца інфармацыя, што многім людзям падчас следства пагражаюць, іх шантажыруюць, каб “выціснуць” паказанні. А таму меркаваць пра аб’ектыўны падыход следчых органаў у гэтай справе, на жаль, не даводзіцца. І ў нас ёсць падставы казаць, што катаванне і бесчалавечнае абыходжанне з вязнямі, аб чым расказаў экс-кандыдат Алесь Міхалевіч, ужываліся. Хачу адзначыць, што такое ўтрыманне зняволеных не ўкладваецца ні ў якія міжнародныя нормы — ёсць вялізныя парушэнні міжнародных пагадненняў па ўмовах утрымання, якія Беларусь заключала.

 

Адвакатура

— У сувязі з вышэйназванымі падзеямі адчулі беспрэцэдэнтны прэсінг і адвакаты. Такога раней у практыцы палітычных крымінальных спраў яшчэ не было. Былі выпадкі ціску на пэўных адвакатаў, калі, напрыклад, вымушаны быў сам напісаць заяву і сысці з адвакатуры той жа Ігар Рынкевіч, адвакат экс-кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2006 года Аляксандра Казуліна. Можна ўзгадаць Веру Страмкоўскую, калі яе хацелі прыцягнуць да крымінальнай адказнасці падчас абароны Васіля Старавойтава. Але зараз ужо намалявалася цэлая схема. Мы бачым, што літаральна за тры месяцы шэсць адвакатаў былі пазбаўлены ліцэнзій. Гродзенскую адвакатку Валянціну Бусько пакаралі такім чынам толькі за ўдзел у акцыі. Але чаму чалавек у вольны ад працы час не можа выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю? Гэта яшчэ раз паказвае механізм масавых затрыманняў, калі “бралі” ўсіх без разбору. Цяжка сабе ўявіць, што тая ж інтэлігентная Бусько магла неяк супраціўляцца міліцыі ці нават штосьці выкрыкваць. Паўтаруся, чалавек прыйшоў, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Акрамя таго, многія адвакаты не маглі ці не могуць у поўнай меры выконваць свае адвакацкія абавязкі. Ім ствараюцца штучныя перашкоды, каб яны не маглі сустрэцца са сваімі падабароннымі. Сёння можна чуць заявы, што ў следчым ізалятары няма свабодных месцаў для сустрэч, але я ўпэўнены, што гэта зроблена наўмысна. Калі б начальнік СІЗА КДБ сапраўды клапаціўся пра сваіх сядзельцаў, дык ён бы выдзеліў для такіх спатканняў хаця б свой кабінет.

— Былі яшчэ франтальныя праверкі раённых адвакатур Мінска...

— Пасля драконаўскіх праверак Мінюстам раённых адвакатур чацвёра адвакатаў былі пазбаўлены ліцэнзій. І на гэтым справа не спынілася. Пазбавілі ліцэнзіі Паўла Сапелку, які бараніў двух чалавек па справе 19 снежня і Зміцера Дашкевіча. Гэта адназначна ясны сігнал усёй адвакатуры, што адвакаты павінны маўчаць ці паводзіць сябе вельмі і вельмі млява. Маўляў, ваша роль на судзе — роль статыстаў. Гэта наогул ставіць пад пытанне эфектыўнасць адвакацкай абароны і падчас гэтага працэсу, і па ўсіх іншых справах, дзе ў спрэчку ўступаюць дзяржава і чалавек. Мы зараз бачым, як на нашых вачах Міністэрства юстыцыі ламае сістэму больш-менш незалежнай адвакатуры.

І калі раней мы не маглі казаць, што ў справах, якія маюць палітычны падтэкст, у нас працуюць аб’ектыўныя суды,  што ў такіх справах мы маем аб’ектыўнае следства, то зараз знішчаецца і апошняе, што засталося, — незалежная адвакатура.

 

Праваабаронцы

— Праваабаронцы таксама адчулі на сабе ціск?

— Безумоўна. Вобыскі ў памяшканнях праваабарончых арганізацый і на прыватных кватэрах беларускіх праваабаронцаў сталі ўжо нормай. Падчас вобыскаў забіралася камп’ютарная тэхніка, дыскі, відэакасеты — усё, што мела дачыненне да інфармацыі. Было папярэджанне Мінюста Рэспубліканскаму грамадскаму аб’яднанню “Беларускі Хельсінк-скі камітэт” за зварот у Камітэт па правах чалавека. Затым Генпракуратура вынесла афіцыйнае папярэджанне мне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Ізноў уключылі ў адносінах да мяне працэдуру асабістага дагляду пры перасячэнні мяжы. Шукаюць носьбіты інфармацыі, як быццам бы нешта нельга перадаць па электроннай пошце ці сказаць у інтэрнэце адкрытым тэкстам. На мой погляд, праваабаронцаў проста хочуць прымусіць замаўчаць.

— Каб спынілі свае ацэнкі па падзеях 19 снежня і сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі?

— Так. На мінулым тыдні я быў у Жэневе, дзе праходзяць пасяджэнні Савета па правах чалавека ААН, і адно з пытанняў, якое будзе пастаўлена на адкрытае абмеркаванне, — крызісная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Верагодна прыняцце спецыяльнай рэзалюцыі з патрабаваннем вызваліць палітычных зняволеных. У нас адбываліся сустрэчы з нацыянальнымі дэлегацыямі, мы тлумачылі сваю пазіцыю, крытыкуючы беларускія ўлады за варварскія паводзіны ў дачыненні да палітычных апанентаў.

Натуральна, што беларускім уладам гэта не падабаецца. Таму і ідзе такі ціск. Між тым, мы разумеем, што наш голас вельмі важны, трэба даносіць рэальную сітуацыю з правамі чалавека да беларускіх грамадзян і да іншых краін.

Тое, што датычыцца правоў чалавека ў Беларусі сёння, — гэта проста катастрофа. Мы разумеем, што ў такой складанай сітуацыі спыняць сваю дзейнасць ці неяк згладжваць нашу прынцыповую пазіцыю — гэта няправільна. І мы заклікаем усіх неабыякавых людзей, грамадзянскія структуры Беларусі, наадварот, узмацніць сваю актыўнасць у гэтым годзе. У першую чаргу таму, што мы не павінны дапусціць распаўсюджвання атмасферы страху сярод шырокіх слаёў беларускага грамадства.

Пэўнае адчуванне свабоды, магчымасцяў для самавыражэння вельмі выразна адчувалася за некалькі тыдняў да выбараў, калі людзі маглі свабодна маніфеставаць, ладзіць пікеты, удзельнічаць у сустрэчах. Можна было заўважыць, што людзям не хапала гэтай свабоды, і яны сапраўды ацанілі яе. Зараз улады робяць усё, каб згрэбці ўзышоўшае цеста свабоды назад у цесную дзежку, а мы не павінны гэтага дапусціць. Усе мы.

 

Што рабіць?

— На ваш погляд, як далей улада бачыць выбудоўванне адносін з грамадзянскай супольнасцю?

— Па-першае, улада не ўспрымае грамадзянскую супольнасць як сацыяльнага ці грамадскага партнёра. Любыя незалежныя грамадскія ініцыятывы для яе — “пятая калона”. Усе тыя, хто мае іншы погляд на перспектывы развіцця краіны, — у стане ворагаў. Няздольнасць дамаўляцца, ваяўнічае сектанцтва, ізаляцыянізм, агрэсіўная самаўпэўненасць і пыха — вось толькі некаторыя рысы сённяшняй беларускай улады.

Падчас цяперашняга супрацьстаяння ўлада хоча трымаць грамадзянскую супольнасць у “цуглях” і захаваць сваю постсавецкую мадэль кіравання краінай і развіцця грамадства яшчэ на доўгі перыяд. Пры гэтым асноўныя аргументы ў абарону гэтай мадэлі —  што такім чынам забяспечваецца сацыяльная і эканамічная стабільнасць грамадства, своечасова выплачваюцца пенсіі, павышаюцца заробкі, няма беспрацоўных... Калі ж размова заходзіць пра грамадска-палітычныя правы, то бяздумна паўтараецца, што ў нас усё добра, у нас і так дэмакратыя. Але гэта хлусня. Мы добра бачым, як “дэмакратычна” ў нас рэгіструюцца няўрадавыя арганізацыі, якая існуе свабода слова, якія “празрыстыя і дэмакратычныя” выбары. Дайшло да таго, што зноў запрацавалі забаронныя спісы няўгодных музыкаў і рок-гуртоў.

Палітычны крызіс, які надышоў, здавалася б, так нечакана падкрэсліў усю ненадзейнасць і ўсю ілюзорнасць той стабільнасці, якую будуе беларуская ўлада. Гэта ўсё будуецца на пяску.

Дарэчы, падзеі ў Тунісе, Егіпце паказалі, што рэжымы, якія ганарацца так званай сацыяльнай стабільнасцю пры адсутнасці грамадска-палітычных пераўтварэнняў, пры адсутнасці рэальнай дэмакратыі рана ці позна “ляснуцца”. І чым болей яны існуюць, тым большы грукат будзе стаяць наўкол. Зразумела, што ў краінах Паўночнай Афрыкі былі дастаткова вялікія праблемы ў плане сацыяльнага напружання, але відавочна, што людзі выйшлі на вуліцы найперш супраць аўтарытарнага рэжыму як формы кіравання дзяржавай. Яны выйшлі за дэмакратычныя перамены і свабоду, за права самім уплываць на развіццё сваіх краін.

А што мы маем сёння? Міжнародная грамадскасць спыняе кантакты з беларускай уладай, пад вялікім пытаннем прыход інвестыцый у краіну. Дзясяткі эканамічных праектаў, якія планавалася ажыццявіць, проста спыняюцца ці пераходзяць у замарожаны стан. Мы можам увайсці ў эканамічны крызіс у любы момант. Паглядзіце, якая ў нас у апошні час інфляцыя, з якой хуткасцю праядаюцца залаты і валютны запасы. Замежных крэдытаў такім уладам хутчэй за ўсё болей ніхто не дасць. І гэта ўсё адбываецца на фоне павелічэння эканамічнай залежнасці ад Расіі.

Уладам неабходна ліхаманкава шукаць магчымасць для эканамічнага выратавання і трывалага развіцця краіны. У гэтай сітуацыі ўлады, наадварот, павінны былі б зрабіць высновы, не закансервавацца, не запалохваць і не абвяшчаць вайну грамадзянскай супольнасці, а распачаць, як кажуць, перабудову на маршы. Парадаксальна, але ўлады, на мой погляд,  сёння больш зацікаўлены ў перамоўным працэсе з дэмакратычнай грамадзянскай супольнасцю, чым сама супольнасць. Умоўна кажучы, на такія змены ва ўладаў засталося яшчэ пяць хвілін. А затым — эканамічны калапс.

Той варыянт “жалезнай рукі” ў эканоміцы і грамадска-палітычным жыцці, што выбрала ўлада, — ён згубны і вядзе найперш да татальнага сацыяльна-эканамічнага і грамадскага крызісу. Таму тэма еўрапейскіх санкцый, пра якія пачынаюць гаварыць  палітыкі ў Еўропе, ужо адыходзіць на другі план. Таму што самае крыўднае і самае вялікае, што страчана, — гэта тыя магчымасці, якія Беларусь магла атрымаць пры нармальных узаемаадносінах з Еўрасаюзам.

— Што ў такой сітуацыі рабіць грамадзянскай супольнасці?

— Супраціўляцца путанню па руках і нагах. Зараз патрэбна шырокамаштабная тлумачальная праца, патрэбны актыўныя дзеянні ў абарону грамадскіх інтарэсаў, у абарону сваіх правоў. Мы мусім спрыяць працэсу абуджэння нашага грамадства. Калі сённяшняя беларуская ўлада не думае пра будучыню нашага народа, а толькі пра свае ўласныя інтарэсы, значыць, пра гэта павінны думаць мы.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства