У Сьветлагорску 15 сутак знаходзіўся пад арыштам моладзевы актывіст Вадзім Богдан.
Вадзіма Богдана затрымалі каля дому, дзе ён жыве. Яго сястра бачыла з вакна кватэры, як да Вадзіма пад'ехалі на аўтамабілі незнаёмыя людзі ў цывільным і зьвезьлі яго з сабой. Міліцыя не паведаміла аб арышце і ўсяляк імкнулася прадухіліць розгалас гэтага факту. Толькі праз некалькі сутак пасьля затрыманьня сваякі і сябры даведаліся, што хлопец знаходзіцца за кратамі. Калі пасьля гэтага моладзеваму актывісту прынесьлі перадачу ў раённы аддзел унутраных справаў, дык міліцыянты патлумачылі, што Вадзім арыштаваны "за хуліганства". Маці Вадзіма Богдана спрабавала даведацца за што канкрэтна зьняволены сын. Намесьнік начальніка раённага аддзелу ўнутраных справаў маёр міліцыі Пётар Зыкун адказаў, што трэба пытаць аб гэтым у судзьдзі Сьветлагорскага раённага суду Ірыны Алісейкі, якая вынесла прысуд. Дарэчы, падчас знаходжаньня пад арыштам Вадзіму Богдану споўнілася 24 гады. Ён вядомы як адзін зь мясцовых моладзевых лідэраў, зьяўляецца сябрам рэспубліканскай рады ТБМ.
Перыяд зьняволеньня актывіста супадае з днямі, калі ў краіне актыўна праводзіліся выступленьні людзей за свабоду, паведаміла прэс-служба Асамблеі НДА.