29 красавіка 2003 года ў Мінску адбылася прэс-канфэрэнцыя "Грамадзкім аб'яднаньням зноў пагражаюць закрыцьцём" з нагоды распачатага працэсу ліквідацыі трох буйных грамадзкіх аб'яднаньняў
29 красавіка 2003 года адбылася прэс-канфэрэнцыя "Грамадзкім
аб'яднаньням зноў пагражаюць закрыцьцём" з нагоды распачатага працэсу
ліквідацыі трох буйных грамадзкіх аб'яднаньняў - Гарадзенскага
абласнога грамадзкага аб'яднаньня "Ратуша", Грамадзкага Аб'яднаньня
"Агенцтва рэгіянальнага развіцьця "Варута" (Баранавічы), ГА "Моладзевы
Хрысьціянска-сацыяльны Саюз" (Рэспубліканская арганізацыя). У
канфэрэнцыі ўзялі ўдзел старшыня ГАГА "Ратуша" сп. Алесь Мілінкевіч,
сябра Рады Грамадзкага Аб'яднаньня "Агенцтва рэгіянальнага развіцьця
"Варута" сп. Вольга Харламава, намесьнік старшыні ГА "Моладзевы
хрысьціянска-сацыяльны саюз" сп. Андрэй Казакевіч, старшыня Рабочай
групы Асамблеі НДА Беларусі сп. Алесь Бяляцкі і юрыст Выканаўчага бюро
РГ Асамблеі НДА Беларусі, каардынатар сыстэмы Калектыўнай абароны
грамадзкіх арганізацыяў сп. Юры Чавусаў. Апроч гэтага на
прэс-канфэрэнцыі прысутнічалі прадстаўнікі шматлікіх грамадзкіх
аб'яднаньняў.
Юрыст Выканаўчага бюро РГ Асамблеі НДА зазначыў, што закрыцьцё
грамадзкіх арганізацыяў відавочна ёсьць выкананьнем палітычнай замовы.
Юрыдычныя падставы для ліквідацыі арганізацыяў выклікаюць вялікі
сумнеў. Тое, што мы зараз маем - вынік недасканалага заканадаўства,
нэўтральнасьці органаў юстыцыі і судоў. "Цяперашнія справы па
ліквідацыі няўрадавых арганізацыяў адрозьніваюцца ў юрыдычным сэнсе
тым, што зараз органы юстыцыі сталі выкарыстоўваць 57 артыкул
Грамадзянскага кодексу, які дазваляее ліквідаваць юрыдычныя асобы
нават за аднаразовае парушэньне", - пракамэнтаваў сытуацыю сп.
Чавусаў. На фоне закрыцьця арганізацыяў распачынае дзейнічаць дэкрэт
Прэзідэнта №13, які забараняе грамадзкім арганізацыям прадстаўляць у
судзе інстарэсы грамадзянаў. Гэта пагражае фактычнай забаронай
праваабарончых арганізацыяў у Беларусі. Кампанія ўціску на грамадзкія
арганізацыі распачалася нягледзячы на тое, што 17 красавіка Камісія па
правах чалавека ААН адмысловай рэзалюцыяй асудзіла ўлады Беларусі за
няспынны пераслед няўрадавых арганізацыяў.
Сп. Алесь Мілінкевіч распавёў пра прычыны зачыненьня ГАГА
"Ратушы". Галоўная прэтэнзія Гарадзенскага ўпраўленьня юстыцыі -
ажыцьцяўленьне паліграфічнай дзейнасьці. Старшыня аб'яднаньня Алесь
Мілінкевіч 9 красавіка быў прыцягнуты да адміністратыўнай адказнасьці
за парушэньне правілаў уліку і захоўваньня паліграфічнага
абсталяваньня (рызографа). Аднак адбывалася гэта з грубымі
парушэньнямі патрабаваньняў заканадаўства - спадару Мілінкевічу нават
не паведамілі пра час разгляду справы. Справа разглядалася ў ягонай
адсутнасьці, што пазбавіла яго магчымасьці ажыцьцяўляць сваю абарону.
Зыск аб ліквідацыі "Ратушы" быў пададзены гарадзенскім абласным
упраўленьнем юстыцыі 21.04.2003. Арганізацыю абвінавацілі ў тым, што
яна быццам бы займаецца выдавецкай і паліграфічнай дзейнасьцю без
атрыманьня спэцыяльнага дазволу. Судовае паседжаньне па гэтай справе
мусіць распачацца прыкладна пасьля 10 траўня. Сп. Мілінкевіч лічыць,
што дадзеная падства вельмі нязначная і фармальная для таго, каб
паставіць перад судом пытаньне аб ліквідацыі Гарадзенскага абласнога
грамадзкага аб'яднаньня "Ратуша", а таксама зьяўляецца парушэньнем
права грамадзянаў на аб'яднаньне.
Сп. Вольга Харламава, сябра Рады ГА "Агенцтва рэгіянальнага
развіцьця "Варута" выказала абуранасьць тым, што органы юстыцыі
Берасьцейскай вобласьці (ў адрозьненьні ад Міністэрства юстыцыі) не
прызнаюць сінанімічнымі словазлучэньні "грамадзкая арганізацыя" і
"грамадзкае аб'яднаньне". Зыск аб ліквідацыі гэтага грамадзкага
аб'яднаньня быў пададзены Берасьцейскім абласным упраўленьнем юстыцыі
11.04.2003. Арганізацыю абвінавачваюць у тым, што замест сваёй
дакладнай поўнай назвы яна выкарыстоўвала "незаконныя" фармулёўкі. Сп.
Харламава паведаміла, што судовае паседжаньне прызначанае на 2 траўня.
Сп. Казакевіч распавёў, што падставамі для ліквідацыі ГА
"Моладзевы хрысьціянска-сацыяльны саюз" Міністэрства юстыцыі палічыла
матэрыялы, атрыманыя пасьля праверкі зьезда арганізацыі, які адбыўся
ўвосень 2002 года. Да зьезда ў арганізацыі не было аніякіх праблемаў з
уладамі. На ім у МХСС былі прынятыя шэраг сябраў Аб'яднанай
Грамадзянскай Партыі, а само аб'яднаньне атрымала новую назву - "МХСС
- Маладыя дэмакраты". Арганізацыі ставяць у віну тое, што яе
адукацыйныя праграмы (у тым ліку накіраваныя на дапамогу уцекачам)
супярэчаць статутным мэтам, якія вызначаныя як
"культурна-асьветніцкія". Зыск у Вярхоўны Суд аб ліквідацыі
грамадзкага аб'яднаньня быў пададзены 21.04.2003. Першая сустрэча з
судзьдзёй прызначана на першую дэкаду траўня.
Старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА сп.Алесь Бяляцкі
адзначыў, што гэта ўжо другая хваля ўціску на грамадзкія арганізацыі і
нагадаў, што пасьля выбараў 2001 году былі зачыненыя Моладзевы
інфармацыйны цэнтар, Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў і Грамадзкае
аб'яднаньне "Берасьцейскі абласны цэнтар падтрымкі грамадзянскіх
ініцыятываў "Вежа". Як і раней ахвярамі гэтае хвалі сталі моладзевыя
арганізацыі і рэсурсовыя цэнтры. "Мы можам толькі здагадвацца, зь якой
нагоды менавіта ў гэты час паднятая хваля. Нельга так пакідаць гэтую
сытуацыю. У самы бліжэйшы час будзе распачатая агульнанацыянальная
кампанія салідарнасьці, да якой мы закліклікаем далучыцца ўсе
грамадзкія арганізацыі й іншыя структуры грамадзянскай супольнасьці.
Грамадзкія арганізацыі ня мусяць дапускаць далейшага запужваньня
сябраў грамадзкіх арганізацыяў і саміх ГА", - заявіў сп. Бяляцкі.
Дадатковая інфармацыя ў прэс-сакратара Выканаўчага бюро РГ Асамблеі
НДА Алёны Андрэевай праз GSM (029) 755 80 01