viasna on patreon

Аналітычны агляд першага паседжаньня па крымінальнай справе Аляксандра Атрошчанкава, Дзьмітрыя Новіка і Аляксандра Малчанава

2011 2011-03-02T12:40:03+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/sudatro.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1 сакавіка 2011 г. у судзе Фрунзенскага р-ну Менску распачаўся судовы працэс над удзельнікамі мірнай акцыі ў Менску 19 сьнежня 2010 г. Аляксандрам Малчанавым, Дзьмітрыем Новікам і Аляксандрам Атрошчанкавым.

Заля была разьлічаная на 56 месцаў (міліцыянты агучылі лічбу ў 34). Падчас працэсу відэа- і фотаздымкі былі забароненыя, прэса пакінула залю.

Судовы працэс вядзе судзьдзя Таццяна Чэркас пры ўдзеле старшага пракурора г.Менску Маладцовай і адвакатаў Былінай, Санковіча і Мушынскага.

Паседжаньне пачалося з высьвятленьня асобаў абвінавачаных, хадайніцтва аб адводзе кагосьці з удзельнікаў не паступіла. Разглядалася пісьмовае хадайніцтва, якое накіраваў грамадзянскі ісьцец – супрацоўнік ГГУ Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Дзьмітрый Лепеш. Згодна з хадайніцтвам, ён прасіў разгледзець справу ў яго адсутнасьць. Таксама ад грамадзянскага істца паступіла заява аб адмове ў іску ў сувязі з тым, што страты былі кампэнсаваныя. Пасьля апытаньня меркаваньня бакоў на гэты конт судзьдзя сышла ў дарадчы пакой для прыняцьця рашэньня, праз некаторы час агучыла вызначэньне аб зацьверджаньні адмовы ад іску і спыненьні грамадзянскай вытворчасьці ў межах крымінальнага працэсу.

На працягу працэсу ніхто з бакоў не заявіў вусных хадайніцтваў, але раней на імя суда паступіла пісьмовае хадайніцтва ад Дзьмітрыя Новіка, дзе ён прасіў аб зьмене меры стрыманьня на падпіску аб невыезьдзе. Пракурор не падтрымаў дадзенае хадайніцтва, паколькі “мера стрыманьня была абраная згодна закону”. У 10.55 судзьдзя вяртаецца ў працэс пасьля перапынку й агучвае пастанову аб адмове ў зьмяненьні меры стрыманьня.

Каля 11 гадзін распачалося судовае сьледзтва: пракурор зачытала, у чым абвінавачваецца кожны з маладзёнаў.

 Аляксандр Малчанаў абвінавачваецца ў тым, што ў нецьвярозым стане ў Менску па адрэсе: пр-т Незалежнасьці, 17 сарваў з будынку КДБ 2 дзяржаўныя сьцягі й кінуў іх на зямлю, чым парушыў арт.370 Крымінальнага кодэксу (далей – КК) (“абраза дзяржаўнай сымболікі”), а таксама па папярэдняй змове з Новікам, Атрошчанкавым і іншымі нявызначанымі асобамі ўзламаў дзьверы (учыніў ня менш за 2 удары рукамі і 2 удары нагамі па дзьвярах і іншыя актыўныя дзеяньні па пранікненьню ў будынак), што патрапляе пад ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу (“масавыя беспарадкі”), то бок – непасрэдны ўдзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся гвалтоўнымі дзеяньнямі й непадпарадкаваньнем.

Новік Дзьмітрый абвінавачваецца ў тым, што па папярэдняй змове з Малчанавым, Атрошчанкавым і іншымі нявызначанымі асобамі прыняў удзел у масавых беспарадках з 19 па 20 сьнежня 2010 г. у Менску, а менавіта пашкодзіў уваходныя дзьверы ў будынак Дома ўраду (нанёс ня менш за 21 удар рукамі й нагамі і ўчыняў іншыя актыўныя дзеяньні па пранікненьню ў будынак), што патрапляе пад ч.2 арт.293 КК.

Атрошчанкаў Аляксандр, згодна з абвінавачаннем, у складзе натоўпу, які бясчынстваваў, у змове з Новікам,  Малчанавым і іншымі нявызначанымі асобамі прыняў удзел у масавых беспарадках з узброеным супрацівам, а менавіта нанёс ня менш за 1 удар  і ажыцьцяўляў іншыя актыўныя фізычныя дзеяньні па пранікненьню ў будынак Дома ўраду, што кваліфікуецца па ч.2арт.293 КК.

Пасьля гэтага судзьдзя запыталася ў кожнага абвінавачанага, ці зразумела яму сутнасьць абвінавачаньня й ці прызнае ён віну. Так, Аляксандр Малчанаў цалкам прызнаў віну, Дзьмітрый Новік часткова, а Аляксандр Атрошчанкаў віну не прызнаў.

А 11.08 пачаўся допыт Аляксандра Малчанава, дзе ён патлумачыў, што прыехаў у Менск з Барысава разам са знаёмымі з мэтай паўдзельнічаць у мірнай дэманстрацыі, пра якую ведаў са СМІ. Асабіста ніхто на мітынг не запрашаў, лічыў неабходным паўдзельнічаць, бо быў ня згодны з палітыкай дзеючага прэзыдэнта. Каля будынку КДБ А. Малчанаў зьняў з калёнаў галоўнага ўваходу 2 дзяржаўныя сьцягі з дрэўкамі, кінуў іх на прыступкі, ахарактарызаваў гэта як хуліганскі ўчынак, бо адчуваў эўфарыю ад абставінаў. Потым стаў рухацца ў бок плошчы Незалежнасьці, па дарозе залез на сьнегаўборачную машыну, каб пабачыць колькасьць людзей, там некалькі разоў памахаў бела-чырвона-белым сьцягам. Праз некаторы час падышоў да помніка Леніну пад Домам ураду. Там пабачыў, што з натоўпу выйшла група людзей, якія рухаліся ў бок уваходу ў Дом ўраду. Малчанаў пайшоў за імі. Калі людзі сталі біць дзьверы й шкло будынку, падышоў і нанёс некалькі ўдараў па дзьвярах, але нічога не пашкодзіў. Пасьля воклічу: “Правакацыя!” адышоў ад дзьвярэй, вярнуўся толькі праз некаторы час, калі шкло было разьбітае й дзьверы адчыненыя, нанёс 2 удары па драўляных перагародках і дастаў апошні аскепак шкла каб ніхто не параніўся. Шкоды ніякай перагародкам не нанёс. Сэнс сваіх дзеяньняў не разумеў, тлумачыў “эфэктам натоўпу”. Па закліку Віталя Рымашэўскага спыніў дзеяньні й адышоў назад у натоўп, а праз некаторы час зьехаў дадому. Аб сваіх учынках шкадуе, лічыць іх памылкай. На дадатковыя пытаньні патлумачыў, што ў стане алкагольнага апьяненьня ня быў, толькі удзень выпіў невялікую колькасьць піва. Узброены супраціў не аказваў. Змову з астатнімі ўдзельнікамі адмаўляе. Дзеяньні яго ніхто не каардынаваў. Допыт працягваўся каля 40 хвілінаў.

З допыту Аляксандра Атрошчанкава высьветлілася, што з Малчанавым ён незнаёмы, а Новіка бачыў адзін раз у верасьні 2010 года, калі той сустракаўся зь ім і распытваў пра эканамічную праграму Андрэя Саньнікава. Атрошчанкаў патлумачыў, што зьяўляўся прэсавым сакратаром Андрэя Саньнікава, таму суправаджаў яго на Кастрычніцкую плошчу на мітынг, каб асьвятліць гэтую падзею ў якасьці журналіста. Ведаў, што кандыдаты плянавалі выключна мірную акцыю й што не было дазволу на яе правядзеньне. Падчас мітынгу на Кастрычніцкай плошчы быў побач з кандыдатамі, чуў толькі пра нязгоду з палітыкай дзеючага прэзыдэнта, пра фальсыфікацыі выбараў, але заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў ня чуў. Па праспэкце Незалежнасьці ішоў адзін, бо згубіў астатніх у натоўпе. Ужо на плошчы Незалежнасьці пад Домам ураду пабачыў, як група людзей у 15-20 чалавек наносіць удары па дзьвярах гэтага будынку, прадметаў у іх руках ня бачыў. Падышоў на прыступкі, каб лепш бачыць, што адбываецца, толькі на некаторы час патрапіў у натоўп, які раскачваўся ў бок дзьвярэй. Падзеі 19 сьнежня ня лічыць масавымі беспарадкамі, паколькі толькі невялікая група людзей біла шкло і ўзброенага супраціву не было. Такім чынам, удары Атрошчанкаў не наносіў, актыўных дзеяньняў не ўчыняў. На дадатковыя пытаньні толькі адзначыў, што перашкодаў для руху натоўпу па праспэкце Незалежнасьці не было, рух транспарта па праспекце быў папярэдне спынены. Таксама да справы была далучаная рэкамэндацыя аб тым, што Аляксандр 19 сьнежня 2010 г. супрацоўнічаў з міжнароднымі СМІ па тэме акцыі ў Менску.

Дзьмітрый Новік, які працаваў кіроўцам пры амбасадзе Арабскіх Эміратаў, на допыце патлумачыў, што даведаўся пра акцыю на Кастрычніцкай плошчы са СМІ. Ад Дому прафсаюзаў бесперашкодна рухаўся з натоўпам ў бок плошчы Незалежнасьці. Акцыя насіла выключна мірны характар. Бачыў на плошчы Незалежнасьці, як група людзей спрабавала зайсьці ў будынак Дома ўраду, але яго ад прыступак адрэзаў ланцуг АМАПу. Пры гэтым заклікаў да гвалтоўных дзеяньняў ня чуў, агрэсіі ў натоўпе не адчуваў. Калі падышоў да уваходу ў Дом ураду, дзьверы былі ўжо выламаныя, шкло разьбітае. Новік толькі нанёс некалькі ўдараў па драўляным перагародкам, ніякай шкоды ім не нанёс. Праз некаторы час ён пакінуў мітынг і зьехаў. Пацьвердзіў, што папярэдняя змова адсутнічала, супраціў не аказваў.

Пасьля перапынку пачалі апытаньне сьведак -- Сазонава Сяргея Іванавіча і Прытыку Валянціна Генадзевіча, якія зьяўляюцца сябрамі Малчанава. Падчас допыту сьведкі патлумачылі, што Малчанаў казаў ім за тыдні два да 19 сьнежня аб паездцы ў Менск на мірную акцыю. Сазонаў таксама распавёў, што 20-га сьнежня бачыў Малчанава, які расказаў, што ўдзельнічаў у акцыі, і паказаў відэа ў інтэрнэце, на якім быў засняты Малчанаў, які размахвае бел-чырвона-белым сьцягам на трактары.

 

У якасьці сьведкі быў таксама апытаны Паляховіч Віталь Сяргеевіч, супрацоўнік КДБ, які ажыцьцяўляў ахову будынка КДБ 19 сьнежня. Ён растлумачыў, што з будынку КДБ вядзецца зьнешнее відэаназіраньне. На зьнятым 19-га сьнежня відэа сведка бачыў, як малады чалавек зьняў сьцяг з будынку КДБ і павесіў бел-чырвона-белае палотнішча. Супрацоўнікі КДБ крыху пазьней павесілі сьцягі на месца. Сведка паказаў, што назіраў некаторыя моманты праз вокны. Боек не было, бутэлькі не кідалі. Штосьці крычалі, былі супрацоўнікі СМІ. Самога інцыдэнту з дзяржаўным сьцягам ня бачыў. Пазьней бачыў гэты момант толькі на відэаздымцы з камэры назіраньня. Было бачна, ня вельмі дакладна, а але бачна, што хтосьці з маладах хлопцаў зьняў дзяржаўны сцяг і павесіў палотнішча зь бел-чырвона-белай сымболікай».

Нейкіх дзеяньняў зь у дачыненьні да дзяржаўных сцягоў сьведка ня бачыў.

Сьведка не заўважыў, хто павесіў бела-чырвона-белы сьцяг, ці той самы, хто зьняў.Што дэманстранты рабілі са зьнятымі сцягамі, сьведка ня бачыў.

Наступным апыталі сьведку Казыру Валянціна Дзьмітрыевіча. Месца працы – КДБ, служба аховы. 19 сьнежня ажыцьцяўляў праверку пастоў аховы КДБ. Растлумачыў, што бачыў на відэа, якое было зроблена камэрамі з будынку КДБ, як Малчанаў зьняў сьцяг спачатку з адной калёны, потым з другой. Першы сьцяг проста быў кінуты на прыступкі, другі Малчанаў спрабаваў паламаць, але нейкія жанчыны з натоўпу зрабілі Малчанаву заўвагу. Апошні паклаў сьцяг на прыступкі й сышоў. Іншы малады чалавек павесіў на калёну бел-чырвона-белае палатно. Сьведка пацьвердзіў, што пашкоджаньняў на сьцягах не было, паколькі праз непрацяглы час супрацоўнікі выйшлі з будынку КДБ і павесілі сьцягі на месца.

Сьведка Антонаў Дзяніс Валер'евіч, супрацоўнік ГУУС Менгарвыканкаму, 19 сьнежня 2010 г. ажыцьцяўляў відэафіксацыю акцыі. Адзначыў, што асаблівай агрэсіі ў натоўпе не было. Звычайны мітынг. Рух транспарту не ажыцьцяўляўся з-за грамадзян. ДАІ прасіла вызваліць праезную частку. Дэманстранты не зьвярталі ўвагі. Растлумачыў, што бачыў Атрошчанкава. Апошні быў не ў першым шэрагу на прыступках Дома ўрада. Да агароджы не датыкаўся. Разгойдваўся разам з натоўпам. Людзі штурхалі дзьверы. Бачыў Новіка, які спрабаваў прарвацца ў будынак урада. Назіраў Новіка й Атрошчанкава адначасова, але якой-небудзь каардынацыі паміж імі не было, яны не размаўлялі. Не бачыў, каб ад дзеяньняў Новіка й Атрошчанкава нешта было зьнішчана або нехта пацярпеў. Супрацоўнікі міліцыі потым адціснулі людзей з ганка Дома ўрада. Выстраіліся перад ганкам, а потым сышлі. Была такая каманда.

Сьведка Шалко Мікалай Аляксандравіч, старэйшы экспэрт ГУУС Менгарвыканкаму, ажыцьцяўляў відэафіксацыю супрацьпраўных дзеяньняў. Растлумачыў, што рух па праспекце не ажыцьцяўляўся ў вечар мітынгу, бо быў перакрыты ДАІ. Сьведка растлумачыў, што бачыў Атрошчанкава на прыступках Дома ўрада. Атрошчанкаў вылучаўся ростам і шапкай. Ён не быў у першых шэрагах. Людзі рабілі нешта накшталт жывога тарана. Усяго было 1-2 ўдары гэтага тарана. Сьведка не бачыў, каб Атрошчанкаў наносіў удары. Новік, як яму здаецца, быў з фотаапаратам і спрабаваў фатаграфаваць. Наогул, там было 7-10 чалавек, якія дзейнічалі актыўна. Сытуацыя не кіравалася, і ўсё адбывалася стыхійна. У выніку дзеяньняў былі разламаныя дзьверы й выбітыя вокны. Хто гэта зрабіў, сьведка не бачыў. Падпалаў і ўзброенага супраціву 19-га сьнежня таксама не было. Са зброі сведка бачыў толькі вуды, якімі ўдзельнікі адмахваліся ад супрацоўнікаў міліцыі.

У 16.00 пачаўся прагляд відэа. На адным відэа быў бачны Малчанаў, які  размахваў бел-чырвона-белым сьцягам на трактары. Пры далейшым праглядзе было бачна таксама, як  Малчанаў наносіць адзін удар у дзьверы Дома Урада.

На наступным відэа, зьнятым на прыступках Дома ўрада, была бачная сьпіна Атрошчанкава (літаральна пару секунд). Аляксандр патлумачыў, што, хутчэй за ўсё, гэта ён.

2-га сакававіка адбудзецца працяг працэсу. Плануецца, што будуць дапытаныя сьведкі, прагледзены яшчэ адзін відэазапіс, адбудуцца вывучэньне пісьмовых матэрыялаў справы й выступы бакоў.

  Папярэднія высновы:

1. З прадстаўленых следствам доказаў не вынікае, што Малчанаў, Атрошчанкаў і Новік мелі папярэднюю змову на ўдзел ў масавых беспарадках;

2. Дзеяньні абвінавачаных не нанесьлі якой-небудзь шкоды маёмасьці, што пацьвярджаецца паказаньнямі сьведак – супрацоўнікаў ГУУС Менгарвыканкама і КДБ.

3. Не знайшлося пацьверджаньня таго, што абвінавачаныя аказвалі ўзброены супраціў.

4. Паводле паказанняў сведкаў дзеянні дэманстрантаў не суправаджаліся падпаламі і ўзброеным супрацівам міліцыі, у руках у дэманстрантаў ніякіх прадметаў, акрамя вудаў для сцягоў, не было, таксама адсутнічаюць іншыя прыкметы масавых беспарадкаў.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства