viasna on patreon

Аналітычны агляд судовага працэсу па крымінальнай справе Арцёма Брэуса і Івана Гапонава. Дзень другі

2011 2011-03-01T15:54:22+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/breusgaponaupraciag.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

1 сакавіка 2011 г. у судзе Маскоўскага раёна г. Мінска працягнуўся судовы працэс па абвінавачванні грамадзянаў Расійскай Федэрацыі Івана Гапонава і Арцёма Брэуса.

10.00 – Пасля пачатку судовага працэсу прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачвання пракурор Сяргей Кунас зачытаў новае абвінавачванне, згодна з якім А.Брэус і І.Гапонаў прымалі ўдзел у масавых беспарадках, якія суправаджаліся захопамі, пагромамі, узброеным супрацівам супрацоўнікам міліцыі. Натоўп неаднаразова намагаўся прарваць ачапленне міліцыі ў мэтах пранікнення ў будынак Дома Ураду. Пры гэтым выкарыстоўваліся дастаўленыя іншымі асобамі жалезныя пруты, ледарубы, сякера, бутэлькі з запальваючай сумессю. У выніку дзенняў натоўпу была знішчана маёмасць і нанесены матэрыяльныя страты ў памеры 14 млн. рублёў, пацярпелі супрацоўнікі міліцыі.

Іван Гапонаў - па прыкметах масавых беспарадкаў паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, далучыўшыся да натоўпу, іншыя ўдзельнікі якога выкарыстоўвалі бутэлькі з запальваючай сумессю, жалезныя пруты і г.д., неаднаразова прадпрымаў дзеянні па прарыву ланцугу міліцыі ў мэтах пранікнення ў Дом Ураду, здзяйсняў гвалтоўныя дзеянні ў дачынні да супрацоўнікаў міліцыі, наносіў удары па шчытах. У выніку такіх дзеянняў была знішчана маёмась і нанесены цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці (ад лёгкіх, якія не пацягнулі кароткачасовага расстройства здароўя, да пабояў і “адчування фізічнага болю”) 15-ці супрацоўнікам міліцыі: Булавацкаму, Скараходу, Кудраўцову, Кашталану, Божку, Волкаву, Зянкевічу, Давыдовічу, Комару, Сапачу, Палавінкіну, Лавіцкаму, Масальскаму, Філіпенку, Караваеву.

Арцём Брэус – па прыкметах масавых беспарадкаў паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, каля 22.30 дзейнічаў у натоўпе, неаднаразова намагаючыся прарваць ачапленне міліцыі і пранікнуць у Дом Ураду. Пры гэтым іншыя ўдзельнікі выкарыстоўвалі бутэлькі з запальваючай сумессю, жалезныя пруты і г.д. Брэус наносіў удары па супрацоўніках міліцыі і па абарончых шчытах.  У выніку такіх дзеянняў была знішчана маёмась і нанесены цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці (ад лёгкіх, якія не пацягнулі кароткачасовага расстройства здароўя, да пабояў і “адчування фізічнага болю”) 15-ці супрацоўнікам міліцыі: Булавацкаму, Скараходу, Кудраўцову, Кашталану, Божку, Волкаву, Зянкевічу, Давыдовічу, Комару, Сапачу, Палавінкіну, Лавіцкаму, Масальскаму, Філіпенку, Караваеву.

10.15 – Копіі пастановаў з новым абвінавачаннем прадстаўлены ўдзельнікам працэсу –абвінавачаным і абаронцам.

10.20 – Суддзя Любоў Сямахіна высвятляе ў абвінавачаных і абаронцаў, ці патрэбны ім дадатковы час для азнаямлення з абвінавачваннем і падрыхтоўкі да далейшых судовых слуханняў. І. Гапонаў і А. Брэус і і х абаронцы лічаць, што такі час ім патрэбны.

Пракурор Сяргей Кунас заяўляе хадайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў сравы пісьмовых дакументаў – пастановаў аб прызнанні пацярпелымі супрацоўнікаў міліцыі Булавацкага, Скарахода, Кудраўцова, Кашталана, Божка, Волкава, Зянкевіча, Давыдовіча, Комара, Сапача, Палавінкіна, Лавіцкага, Масальскага, Філіпенкі, Караваева, пратаколаў іх допытаў на папярэднім следстве, пастановаў аб прызначэнні эксертызаў і вынікаў праведзеных экспертызаў.

Судом хадайніцтва пракурора задаволена.

10.25 – абаронцы Алена Казак і Людміла Сяргеева заяўляюць хадайніцтвы аб змяненні меры стрымання сваім падабаронным з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе. Дадзеныя хадайнітвы абаронцы матывуюць тым, што А. Брэус і І. Гапонаў раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваліся, матэрыяльная шкода цалкам пагашаная і абводва маюць сталае месца жыхарства на тэрыторыі Беларусі.

Прадстаўнік дзяржабвінавачвання заяўленае хадайніцтва не падтрымаў і заявіў, што згодна з Крымінальна-працэсуальным кодэксам мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай можа абірацца зыходзячы з абставінаў адной толькі цяжкасці злачынства. Паколькі арт.293 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь з’яўляецца цяжкім злачынствам, пракурор мяркуе, што мера стрымання павінна застацца папярэдняй.

Суддзя абвесціла перапынак на 10 хвілінаў і пакінула залу.

10.35 – Суддзя не задаволіла заяўленыя абаронцамі хадайніцтвы і пакінула меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай.

У судзе абвешчаны перапынак да 10.03.2011 г. для азнаямлення абвінавачаных і абаронцаў  з новым абвінавачваннем і падрыхтоўкі да наступных судовых слуханняў.

Высновы:

  1. Пракуратурай было прад’яўленае абвінавачванне, якое істотна не адрозніваецца ад папярэдняга.
  2. У справе з’явіліся 15 пацярпелых супрацоўнікаў міліцыі, прычым адны і тыя ж прозвішчы пацярпелых фігуруюць ў частцы абвінавачання і А. Брэуса і І. Гапонава, а таксама ў новым перапрад’яўленым абвінавачванні Дзмітрыя Мядзведзя, судовы працэс якога пачаўся 01.03.2011г. у судзе Маскоўскага раёна г.Мінска.
  3. Папярэднія судовыя слуханні яскрава сведчылі аб адсутнасці ў следства якіх-небудзь доказаў віны А.Брэуса і І.Гапонава ў інкрымінаваных ім дзеяннях.
  4. Пры дадзеных абставінах Праваабарончы цэнтр “Вясна” настойвае на вызваленні А.Брэса і І.Гапонава і поўным іх апраўданні.

Аналітычны агляд судовага працэсу па крымінальнай справе Арцёма Брэуса і Івана Гапонава. Дзень першы

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства