Маці Зміцера Буланава непакоіцца за жыцьцё зняволенага сына
Клаўдзія Буланава, маці абвінавачанага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках Зміцера Буланава, паўторна скардзіцца ў пракуратуру на ўмовы ўтрыманьня яе хворага сына.
У скарзе жанчына прыводзіць факты, што з-за скразнякоў у камеры ў Зміцера актывізаваўся рэўматызм, што ў сваю чаргу прыводзіць да запаленьня горла, і ўскладненьняў на клапаны сэрца, ныркі і суставы. Акрамя гэтага ён мае складаныя алергічныя рэакцыі. Курс лячэньня, які ён праходзіць у ізалятары палёгкі не прыносіць, а толькі пагаршае агульны стан. Ён піша маці, што “у выніку стала горш – галаўны боль, бяссоньне, пачуцьцё сьціснутасьці ў грудной клетцы. Асабліва пад вечар – засынаю толькі з рынзасіпам”.
18 лютага праз адваката сын перадаў маці, што ня змог самастойна падняцца з ложка з-за моцных болей у суставах. Сукамернікі запатрабавалі доктара, які зрабіў укол дыфлакенака. А вязня паабацалі перавесьці ў спецыялізаваны шпіталь. Аднак па стане на 19 лютага ён заставаўся ў ізалятары, праўда ў іншай камеры.
У такой сітуацыі, - паведамляе Клаўдзія Буланава у скарзе, - “мой сын знаходзіцца на мяжы страты ня толькі здароўя, але і жыцьця, паколькі ўмовы ўтрыманьня ў СІЗА №1 не даюць магчымасьці аднавіць здароўе нават пры прыёме медыцынскіх прэпаратаў.”
Да скаргі жанчына прыклала эпікрыз аб стане здароўя і акт даследваньня здароўя Зміцера.
Яна звяртаецца да пракурора, улічваючы значнае пагаршэнне здароўя сына, разгледзець пытаньне пра змяненьне меры стрыманьня на падпіску аб невыездзе.
Зміцер Буланаў быў затрыманы на плошчы Незалежнасці і асуджаны на 10 сутак. 12 студзеня ен быў ізноў змешчаны ў ІЧУ на Акрэсціна, а з 14 студзеня пад вартай у следчым ізалятары №1 на вуліцы Валадарскага. Увесь час знаходзіўся ў перапоўненай камеры, дзе агулам утрымліваецца каля трыццаці чалавек.