Гомельскі суд аштрафаваў актывіста выбарчай каманды Аляксандра Мілінкевіча Уладзімера Шуміліна, справа другога актывіста Леаніда Пліскі вернутая для ўдакладненьняў
4 красавіка ў судах Гомеля разглядалі справы Ўладзімера Шуміліна і Леаніда Пліскі — актывістаў выбарчай каманды Аляксандра Мілінкевіча.
Уладзімер Шумілін і Леанід Пліска абвінавачаны з адной і той жа нагоды — за распаўсюд агітацыйных матэрыялаў Аляксандра Мілінкевіча. Пратаколы на абодвух былі складзены яшчэ ў лютым. Намесьнік старшыні Гомельскай абласной арганізацыі Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Кацора, які прысутнічаў на судзе, гаворыць пра намер абскардзіць судовае рашэньне: "Судзьдзя вырашыў, што ў газэце "Народная воля", якую распаўсюджваў спадар Шумілін і ў якой была надрукавана праграма Мілінкевіча, павінны былі друкавацца і афіцыйныя матэрыялы іншых кандыдатаў на прэзыдэнта. А раз іх няма — значыць, ёсьць парушэньне закону. І за гэта Шуміліну далі дзьве базавыя адзінкі. Менавіта так і запісана ў пастанове. І справа тут не ў грашах, а ў сэнсавым напаўненьні. Вельмі ж сьмешным выглядае такое рашэньне. І таму хочам пабачыць, як адрэагуюць на гэта больш высокія судовыя інстанцыі".
Пратакол затрыманьня Леаніда Пліскі, на думку судзьдзі, складзены недакладна і аформлены з памылкамі. Таму гэтую справу вярнулі на дапрацоўку ў адміністрацыю Новабеліцкага раёну Гомеля. Уладзімер Кацура прагназуе, што гэтым усё, найхутчэй, і абмяжуецца: "Я думаю, што справа там і заглохне. Практыка такая: калі справа вяртаецца на дапрацоўку, яна там і застаецца", паведаміла Радыё Свабода.