Да Зьмітра Дашкевіча не пускаюць лекара
Адміністрацыя Жодзінскай турмы №8 адмаўляе Зьмітру Дашкевічу ў атрыманьні медычнай дапамогі.
Падобная інфармацыя стала вядома зь ліста лідэра "Маладога Фронту" да цёці, сп. Натальлі. Зьміцер Дашкевіч папрасіў сп. Натальлю зьвязацца з кіраўніком турмы й заўпэўніць яго дапусьціць лекара агледзець хлопца. Як паведамляе маладафронтавец, колькі разоў ён не зьвяртаўся з просьбаю на медагляд, яму адмаўлялі па прычыне таго, што для гэтага няма падставаў.
Між тым, Дашкевіч мае хранічнае захворваньне сьпіны - міжрэбравая неўралгія. Акрамя таго, у лістах да сваіх паплечнікаў юнак пісаў, што некалькі тыдняў хварэе на грып:
"Са здароўем трошку праблемы - грып, пэўна, ды тыдні два ўжо такі кашаль, што, здавалася, выплюну лёгкія, але зараз ужо палягчэй. Мяне тут вадзілі на здымак па туберкулёзу другі раз, але, здаецца, усё нармальна".