viasna on patreon

Савет пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па садзейнічанні развіццю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека зрабіў заяву аб сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь

2011 2011-02-02T17:08:28+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/missija-znak.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міжнародная назіральная місія Камітэта Міжнароднага Кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі

Міжнародная назіральная місія Камітэта Міжнароднага Кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі

1 лютага 2011 года Савет пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па садзейнічанні развіццю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека зрабіў заяву аб сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь. У дадзенай заяве члены Савета пры Прэзідэнце РФ асуджаюць парушэнні правоў чалавека, якія адбываюцца ў ходзе і пасля 19 снежня. Іх трывожыць маўчанне афіцыйнай Расіі ў сувязі з тым, што адбываецца ў Беларусі, што на погляд, членаў Савета дае падставы беларускім уладам расцэньваць гэта як адабрэнне іх неправамерных і жорсткіх дзеянняў. У заяве члены Савета заклікаюць расейскія ўлады даць ацэнку дзеянням ўладаў Рэспублікі Беларусі і асудзіць шматлікія парушэнні правоў чалавека.

Таксама ў заяве Савет выказаў падтрымку работы Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь і Міжнароднай назіральнай місіі.
Падобныя заявы сталі магчымымі, у тым ліку дзякуючы таму, што два члены Савета пры Прэзідэнце РФ Сяргей Крывенка і Валянцін Гефтэр асабіста наведалі Рэспубліку Беларусь і сустракаліся ў праваабаронцамі Беларусі ў рамках работы Місіі.
 «Мы цалкам падтрымліваем усе пункты заявы Савета пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па садзейнічанні развіццю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека і чакаем ад уладаў Расіі і Беларусі актыўных дзеянняў па выпраўленні сітуацыі і аднаўленню правоў чалавека ў Рэспублікі Беларусь» - паведаміў Прадстаўнік Місіі Ігар Сажын
Ніжэй прыводзім поўным тэкст заявы:
«Заява Рады пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па садзейнічанні развіццю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека аб сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
Мы звяртаемся да тых, каму неабыякаваясітуацыя ў дружалюбнай Беларусі праз месяц пасля жорсткага разгону мірнай дэманстрацыі ў Менску 19 снежня, калі за адну ноч з непрапарцыйным і неабгрунтаваным ужываннем сілы было затрымана звыш 600 чалавек. Адвольныя затрыманні, гвалт, негуманнае абыходжанне з затрыманымі, у тым ліку адмова ў прадастаўленні медыцынскай дапамогі, працэсуальныя парушэньні пры разглядзе адміністрацыйных справаў, ператрусы і канфіскацыя маёмасьці ў няўрадавых арганізацый, ціск на адвакатаў, запалохвання, пагрозы звальненняў з працы і адлічэнняў студэнтаў працягваліся ўвесь мінулы перыяд.
Больш за 30 чалавек, уключаючы двух расейцаў, атрымалі крымінальныя абвінавачваньні. Сярод іх - амаль усе былыя кандыдаты ў прэзідэнты Беларусі, вядомыя дзеячы культуры і навукі. Большасць іх, уключаючы жанчын і хворых, утрымліваюцца пад вартай, у неапраўдана жорсткай ізаляцыі, пазбаўленыя сустрэч з роднымі і вольнага доступу адвакатаў.
У саюзнай з Расіяй дзяржаве ажыццяўляецца шырокамаштабныя перасьледы грамадзянаў, якія пратэстуюць супраць палітыкі сваіх уладаў, адбываюцца масавыя парушэньні правоў чалавека, уключаючы свабоду выказвання меркаванняў, публічных сходаў і аб'яднанняў, не забяспечаныя гарантыі забароны бесчалавечных і жорсткіх абыходжанняў, справядлівага суда, незалежнасці адвакатаў і абароны праваабаронцаў.
Нас асабліва трывожыць маўчанне афіцыйнай Расіі ў сувязі з тым, што адбываецца ў Беларусі. Яно дае падставы беларускім уладам расцэньваць гэта як адабрэнне іх неправамерных і жорсткіх дзеянняў.
У сваім відэаблогу восенню 2010 года Прэзідэнт Мядзведзеў сказаў, што кіраўніцтву Беларусі трэба было б вырашаць ўнутраныя праблемы краіны і расследаваць шматлікія справы аб знікненні людзей, заўважыўшы, што Расеі, як і іншым краінам, гэта неабыякава. Сітуацыя ў Беларусі з тых часоў змянілася ў значна больш небяспечным кірунку, а пераслед іншадумцаў набірае абароты.
Мы лічым, што расейскаму кіраўніцтву варта было б неадкладна:
- даць ацэнку неправамерным дзеянням уладаў Рэспублікі Беларусь у ходзе і пасля падзей 19 сьнежня 2010 г. і асудзіць шматлікія парушэнні правоў чалавека;
  - выкарыстоўваючы дыпламатычныя і іншыя магчымасці, у тым ліку ў рамках Саюзнай дзяржавы, заклікаць улады Беларусі да аднаўлення законнасці, недапушчэнні гвалту і парушэнняў правоў чалавека, выкананню міжнародных абавязацельстваў у галіне чалавечага вымярэння, спынення ціску на грамадзянскую супольнасць;
- падтрымаць звароты грамадскасці аб ініцыяванні «Маскоўскага механізму» АБСЕ ў святле сур'ёзнай пагрозы захаванню абавязацельстваў Беларусі ў галіне чалавечага вымярэння;
  - звярнуцца да ўладаў Беларусі з просьбай адшукаць законную магчымасць вызвалення з-пад варты абвінавачаных у масавых беспарадках для садзейнічання рэалізацыі іх права на абарону пры расследаванні падзей 19 снежня;
- заклікаць  беларускіх службовых асоб не чыніць перашкод маніторынгу сітуацыі ў краіне і расследаванні падзей канца 2010 г., строга выконваючы патрабаванні нацыянальнага заканадаўства і міжнародных стандартаў у галіне правоў чалавека.
Неабходна тэрмінова аднавіць раўнапраўны дыялог непалітычнага грамадзянскага сектара і ўладаў Рэспублікі Беларусь. Гэта можна было б зрабіць у рамках профільнай Рады пры Адміністрацыі Прэзідэнта РБ або на іншай "пляцоўцы", у т. л. пры садзейнічанні расійскіх калегаў. Неабходнымі ўмовамі такога дыялогу могуць стаць неўмяшальніцтва ў законную дзейнасць НДА, вяртанне канфіскаванай аргтэхнікі; галоснае расследаванне фактаў перавышэння службовых паўнамоцтваў тымі, хто праводзіў затрыманні; адмена крымінальнай адказнасці за ўдзел у незарэгістраваных НДА і спрашчэнне парадку рэгістрацыі НДА; распрацоўка нацыянальнага плану дзеянняў па абароне правоў чалавека і дзейсных мер па абароне праваабаронцаў і падтрымцы іх дзейнасці.

Мы, члены Савета пры Прэзідэнце РФ па садзейнічанні развіццю грамадзянскай супольнасці і правах чалавека, падтрымліваючы працу Камітэта міжнароднага кантролю за сітуацыяй з правамі чалавека ў Рэспубліцы Беларусь і створанай ім Міжнароднай назіральнай місіі НДА, гатовыя прыкласці намаганні для таго, каб развіваць сувязі грамадскіх інстытутаў абедзвюх краін і салідарнасць нашых грамадзян.


Подпісы: Святлана Айвазава, Людміла Аляксеева, Леў Амбіндер, Аляксандр Аузан, Святлана Ганнушкіна, Валянцін Гефтэр, Аляксей Галавань, Юрый Джыбладзэ, Кірыл Кабанаў, Сяргей Караганаў, Сяргей Крывенка, Іда Кукліна, Фёдар Лук'янаў, Тамара Маршчакова, Зміцер Арэшкін, Алена Панфілава, Мара Палякова , Барыс Пустынцаў, Аляксей Пушкоў, Аляксей Сіманаў, Святлана Сарокіна, Сяргей Цыплянкоў, Гары Чмыхаў, Ігар Юргенс, Ірына Ясіна

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства