viasna on patreon

Суды за "экстрэмізм" і затрыманне пасля вяртання ў Беларусь: хроніка пераследу 30 жніўня Дапоўнена

2024 2024-08-30T16:10:00+0300 2024-09-02T12:19:39+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/bystrakova_katsyaryna.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Беларусі не спыняюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць "экстрэмісцкімі матэрыяламі і фармаваннямі". Праваабарончы цэнтр "Вясна" 30 жніўня 2024 году збірае факты палітычнага пераследу беларусаў і беларусак – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Працягваецца масавы пераслед супрацоўнікаў ААТ "Пеленг"

У ліпені праваабаронцы паведамлялі пра пераслед супрацоўнікаў ААТ "Беларускае оптыка-механічнае аб’яднанне" і ААТ "Пеленг" — людзей правяралі на паліграфе, праглядалі іх тэлефоны, а таксама выклікалі на "размовы".

Паводле інфармацыі ад крыніц, пераслед на ААТ "Пеленг" працягваецца — вядома пра як мінімум 15 звольненых, супраць некаторых супрацоўнікаў распачалі крымінальныя справы. Людзей дагэтуль працягваюць выклікаць на "размовы".

"БелОМА" і "Пеленг" знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі. Аб'яднанне беларускіх сілавікоў BELPOL неаднаразова распавядала, як гэтыя прадпрыемствы абыходзяць санкцыі, а таксама зарабляюць на вайне ва Украіне, пастаўляючы Расіі вайсковыя камплектуючыя і дэталі.


Барысаўскі суд напачатку году ўнёс у "экстрэмісцкі спіс" верш Янкі Купалы "Хто ты гэткі?"

Праваабаронцы заўважылі, што ў Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў у студзені быў дадзены шэраг кампазіцый.

Так, "экстрэмісцкай" стаў відэакліп і тэкст песні "Не быць скотам" гурта Ляпіс Трубяцкі. Нюанс у тым, што тэкст гэтай песні — верш класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы "Хто ты гэткі?". Ён быў упершыню апублікаваны 1 лютага 1908 года у газеце "Наша Ніва".

Таксама ў спіс дадалі:

  • Тэкст песні "Не жадаю", яе магчымыя копіі, відэакліпы, вытворныя творы, якія змяшчаюць сэнс шукаемага твора;
  • тэкст песні "Лукашенко", яе магчымыя копіі, відэакліпы, вытворныя творы, якія змяшчаюць сэнс шукаемага твора;
  • тэкст песні "Уходи", яе магчымыя копіі, відэакліпы, вытворныя творы, якія змяшчаюць сэнс шукаемага твора.

Некамерцыйная арганізацыя ProWomen By паведаміла аб закрыцці з-за ціску

Пра гэта паведамляе "Медыязона" са спасылкай на сацсеткі ініцыятывы.

"Мы прынялі такое рашэнне, таму што сутыкнуліся з ціскам і нам важна, каб наша каманда, эксперткі і аўдыторыя заставаліся ў бяспецы", — пішуць прадстаўніцы НКА.

ProWomen By — некамерцыйная арганізацыя, асноўная мэта якой развіваць здольнасці і адкрываць новы патэнцыял у жанчынах Беларусі.


За "экстрэмізм" асудзілі байкера з Оршы

У судзе Аршанскага раёна і Оршы 29 жніўня асудзілі байкера Віктара Майстрэнку паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў). Справу разглядала суддзя Іна Кохава, паведамляе тг-канал "Віцебск, я гуляю". Вынік суда пакуль невядомы.


Раней судзімага за "абразу Лукашэнкі" палачаніна зноў затрымалі

На "пакаяльным відэа" ён "прызнаецца", што быў падпісаны ва "Укантакце" на экстрэмісцкія паблікі, але не ведаў пра іх статус, піша тг-канал "Віцебск, я гуляю".

У канцы роліка мужчыну прымусілі сказаць: "Стоп экстрэмізм. ГУБАЗіК наперад".


Пасля вяртання з-за мяжы затрымалі беларуску — у яе тэлефоне знайшлі "доказы ўдзелу ў пратэстах"

Праўладныя тэлеграм-каналы сцвярджаюць, што дзяўчына жыла за мяжой некалькі гадоў.

На "пакаяльным відэа" яе прымусілі распавесці, як ёй было цяжка ў іншых краінах свету, па якіх яна вандравала, таму яна "прыняла рашэнне вярнуцца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, каб працягваць жыць, працаваць, развівацца і ствараць сям'ю на нашай беларускай зямлі".

Паводле папярэдняй інфармацыі, затрыманая — Кацярына Быстракова.


Кнігі гісторыка Ігара Мельнікава патрапілі ў "спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў"

Гаворка пра кнігі "Адысея палешука", "Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гадах", "На "мяжы цывілізацый". Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі".

Нагадаем, гісторыка Ігара Мельнікава 10 верасня будуць судзіць у Мінгарсудзе. Яго абвінавачваюць у "садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК).

Таксама "спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў" папоўнілі Telegram-канал "Thule Signal / Алексей Лёвкин / Молоток из РДК", старонкі ў Facebook "БелАрусы в Германии" і "Андрей Воронин", старонкі ў Instagram "mhacak", "natalliakizeyeva", "freebelarus_eu", старонка ў "X" "Freedom postcards | Volnyja pashtouki", TikTok-акаунт "ostorojno_virus" і ягоны лагатып, "Новостной чат: Украина, Беларусь, Россия" і "Лебяжий 97% Чат", Facebook-старонка "Сяргей Бяспалаў", старонка ў "X" "Elis злая, потому что война", а таксама TikTok-старонка "Навiны Гродна i вобласцi".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства