Выканаўцу абавязкаў старшыні БНФ Вадзіма Саранчукова асудзілі завочна Дапоўнена
30 жніўня 2024 года актывіста і выканаўцу абавязкаў старшыні БНФ Вадзіма Саранчукова завочна асудзілі да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму. Верагодна, прычынай пераследу сталі каментары СМІ .
Таксама яму прызначылі штраф у 24 000 рублёў. Пра гэта Вадзім паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Асобная падзяка "чудо-адвакату" Гушчыну Раману Іванавічу, які прызнаў маю "віну" у поўным аб'ёме... Не маю за што выбачацца ці саромецца) лічу, што ўсё раблю слушна!».
Нагадаем, Саранчукова абвінавачвалі паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Рэчавымі доказамі па справе праходзілі дыскі з публікацыямі "19 членов партии БНФ находятся за решеткой в Беларуси — Саранчуков" на "Радыё Рацыя" (цяпер выдалена) і "У Гродненского активиста Вадима Саранчукова арестовали недвижимость" на Hrodna.life. Верагодна, менавіта за іх і судзілі гарадзенца.
Паводле часткі першай, яго асудзілі на два гады пазбаўлення волі. Паводле часткі другой (за дзеянне, здзейсненае паўторна) — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі, штрафа ў памеры 600 базавых велічыняў (24 тысячы рублёў). Канчатковы тэрмін прызначаны шляхам частковага складання асноўных пакаранняў і поўнага далучэння дадатковага.
Спецвытворчасць у дачыненні да яго была распачата ў сакавіку. Судовы працэс праходзіў у Гродзенскім абласным судзе. Суддзя — Аляксандр Козел.